Купалье — праздник массовый

Общество

Сярод разнастайных святаў і традыцый, на якія так багаты беларускі фальклор, асабліва вылучаецца Купалле, што адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Свята летняга сонцастаяння, якое дайшло да нас з даўніх часоў, спрадвеку шанавалася нашымі продкамі. З’яўляецца яно адным з самых любімых для беларусаў і сёння.

Ва Ушачах сёлета Купалле прайшло не на беразе Вечалля, як у папярэднія гады, а на летняй танцавальнай пляцоўцы каля РДК. Паколькі спрыяльным было надвор’е гэтым купальскім вечарам, то і свята атрымалася масавым: у цэнтр ушачане накіроўваліся цэлымі сем’ямі. У летнім амфітэатры ладзілася забаўляльная праграма “Купальскія жарты”, са сцэны ў выкананні артыстаў гучалі вядомыя і ўсімі любімыя песні. А побач  была  арганізавана работа гульнявых пляцовак. Напрыклад, знайшлося нямала жадаючых паспрабаваць сябе ў гульні “Вясёлы глыток”, дзе неабходна было з завязанымі вачыма адрозніць віды безалкагольных газіраваных напіткаў. Трэба сказаць, што не ўсім гэта ўдавалася, але некаторыя ўсё ж адрознівалі “Сняжок” ад “Спрайта”. Праверыць удачлівасць можна было і ў латарэі. Невялікі гандлёвы рад прапаноўваў салодкую вату, поп-корн, напіткі, разнастайныя цацкі для дзяцей.

Завяршылася народнае свята дыскатэкай на адкрытай пляцоўцы, дзе самымі актыўнымі танцорамі былі дзеці, і ў раённым Доме культуры.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *