Крестьянско-фермерское хозяйство в Лесневщине Ушачского района выращивает зерно, а также картофель для «Онеги»

Общество

Каля двух дзясяткаў гадоў не бачылі плуга землі ў наваколлі Ляснеўшчыны. Больш­-менш у сельскагаспадарчым выкарыстанні знаходзіліся некаторыя лугі – пакуль дзейнічала ферма ў суседніх Увалоках. З яе закрыццём зарасталі быллём і гэтыя ўчасткі, выклікаючы сум у шматлікіх дачнікаў ды старэючых карэнных жыхароў, некаторыя з якіх памятаюць яшчэ калгас “Праўда”. Ды і ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя, па словах вяскоўцаў, у Ляснеўшчыне, дзе знаходзіўся вытворчы ўчастак саўгаса­-камбіната “Арэхаўна”, усё “грымела”. Страціла былую моц гаспадарка, а разам з гэтым і магчымасць апрацоўваць аддаленыя палеткі, якім быў наканаваны сумны лёс. Ведаючы гэта, яшчэ больш дзіву даешся тым кантрастным зменам, што бачыш зараз, праязджаючы праз нівы, дзе залацістымі хвалямі гойдаецца прыгожая збажына, а роўныя рады бульбы выклікаюць зайздрасць у любога гаспадара – над Ляснеўшчынай узышла “Вясёлка”.

Менавіта так пераводзіцца з англійскай мовы назва сялянска­-фермерскай гаспадаркі “Райнбов-­агро”. Яе заснавальнік – Сяргей Дзмітрыевіч Маслюк у Ляснеўшчыне даўно свой чалавек. Тут знаходзіцца база яго будаўнічай фірмы, якая яшчэ ў мінулым годзе атрымала першы вопыт вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Бульба, вырашчаная пад кантролем спецыялістаў фірмы “Анега”, адпавядала строгім стандартам якасці і пайшла на вытворчасць чыпсаў, сеялі і зерне. А вырашыўшы пашырыць плошчы, зарэгістравалі фермерскую гаспадарку.

– Калі прыводзілі ў парадак вось гэтае поле, над вёскай пасля дажджу ззяла прыгожая вясёлка, – Сяргей Дзмітрыевіч паказвае ўчастак побач з вытворчай базай. – Тады і прыйшла думка аб назве. Але, як аказалася, “радуг” і “вясёлак” сярод фермерскіх гаспадарак краіны ўжо было больш дваццаці. Вось і прыйшлося ўзяць “імпартны” варыянт.

Назва загранічная, а вось тэхніка і людзі свае. Чатыры трактары МТЗ апрацоўваюць палі, закуплены неабходныя прычапныя механізмы. Насенны матэрыял для сяўбы набывалі ў Расіі. Ячмень сорту “Атаман” зараз верхаводзіць на ўчастках, дзе ў мінулым годзе рос баршчэўнік, і яравая пшаніца “Курская­2038” на адпачнуўшай зямельцы вырасла на заглядзенне – у аўторак пасля абеду ў гаспадарцы пачалася ўборачная.

Гаворым – фермер, падразумяваем – гаспадар. Да зажынак падышлі грунтоўна: першы сноп па традыцыі зжалі сярпом. Даверылі гэту ўрачыстую справу адзінай у невялікім калектыве прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва – бухгалтару Вользе Іванаўне Харак (на здымку). “Чатыры гады серп у руках не трымала!” – хвалявалася жанчына, але па тым, як хутка і спрытна яна зрабіла зажын, было бачна, што рукі справу памятаюць. Былі гэтым днём на полі ўсе працаўнікі, якія мелі дачыненне да вырашчанага ўраджаю. У сваёй “стыхіі” апынуўся Сяргей Кладніцкі, які на КЗС­-1218 намалаціў першыя тоны збожжа. Мужчына працаваў на камбайне ў былым КУСГП “Дубраўка”, ды і ў мінулым сезоне правёў уборачную ўдарна, намалаціўшы больш 1300 тон зерня. Праўда, большую частку з гэтага танажу – на землях ААТ “Дземенец”, якому дапамагалі, бо сваіх зерневых было нямнога. Сёлета ж плошчы выраслі ў разы і ўбраць неабходна каля 400 гектараў. Таму рыхтуюць у гаспадарцы і другі камбайн, але на зажынкі “Ліда­-1600” не выехала – не хапае дэфіцытнай дэталі. На МАЗе адвозіць зерне быў гатовы Дзмітрый Мядзведскі, прэс для ўборкі саломы падрыхтаваў Ігар Кавальчук. “Амкадор” Аляксея Тамашова таксама знаходзіўся на полі – хоць і падсохла пасля моцных ліўняў, але аграном Юрый Цімафеевіч Пуцыковіч, агледзеўшы нізіны, вырашыў на ўсялякі выпадак задзейнічаць і пагрузчык.

Як кажуць, “нібы ў ваду глядзеў”. Цяжка стартавала жніво – не паспеў С.Кладніцкі намалаціць і бункер, як камбайн літаральна праваліўся ў вымачку. Парваў трасы нават аператыўна выкліканы бульдозер пад кіраўніцтвам Аляксандра Шкодзіна, які на гліністай глебе не змог скрануць з места семнаццацітонны агрэгат. Над вызваленнем яго з палону шчыравалі ўсе – і сам С.Маслюк, і яго сын Мікіта, які ў час летніх канікулаў працуе памочнікам камбайнера ў гаспадарцы бацькі. Толькі пасля таго, як з базы прывезлі больш тоўсты трос, счэп “Амкадора” і бульдозера змог выцягнуць камбайн на цвёрдае месца.

Вопыт кіраўніка­-гаспадарніка С.Д.Маслюк мае дастатковы. Не ідзе зараз бізнес з будаўніцтвам дарог, складаная эканамічная сітуацыя – многія заказчыкі маюць перад УП “Ляснеўшчына” мільярдныя даўгі за выкананую работу – уцягнуўся ў новую справу, бо не такі чалавек, што будзе сядзець у чаканні лепшых часоў. Мог бы выбраць для сябе менш турботную, ды і скептыкі адгаворвалі: “Навошта табе? Рызыкоўна, і не кожны дыпламаваны спецыяліст з практыкай не аднаго года з возам праблем сельскагаспадарчай вытворчасці справіцца!”.

– Вырашыў рызыкнуць, – абгрунтоўвае выбар Сяргей Дзмітрыевіч. – Раённыя ўлады мае ініцыятывы толькі вітаюць. База ў нас добрая, таму пачынаў не з нуля. Стараюся ўнікаць у сутнасць справы, не саромеюся раіцца са сваімі людзьмі, з тымі ж механізатарамі. Яны ў мяне мясцовыя, з Вяркуд, Глыбачкі – усе з вопытам працы ў сельскай гаспадарцы. Сёлета год не вельмі ўраджайны, таму попыт на прадукцыю павінен быць. Жывёлы ў нас няма, але зарулонілі 100 тон сена – плануем прадаць, ды і не магу глядзець, як наваколле зарастае. Вернецца з арэнды лесавоз – рулоны звязём і, магчыма, скосім другі ўкос. За базай зруйнавалі старыя калгасныя пабудовы, вывелі баршчэўнік і засеялі кукурузай. Камбайна для яе ўборкі ў нас няма, але дапаможа “Дземенец”, з гэтай гаспадаркай у нас добрыя дзелавыя адносіны. Каля 50 гектараў зямлі пад бульбай – саджалку арандавалі ў КУСГП “Кублічы”, капалкі свае, а надалей планую набыць бульбаўборачны камбайн. Тут страты, безумоўна, будуць, месцамі на працягу некалькіх тыдняў бульба стаіць у вадзе. Але ёсць і высокія ўчасткі з відамі на неблагі ўраджай. Прапановы на закуп бульбы ўжо былі, Глыбоцкае райспажыўтаварыства гатова купіць ледзь не на карані! Спяшацца не будзем, паглядзім, як складуцца цэны.

Спяшаюцца ў фермерскай гаспадарцы пакуль што толькі са жнівом і спадзяюцца на надвор’е – сушыць зерне няма дзе. А вось бульбу, як і ў мінулым годзе, плануюць захоўваць у сховішчы Ушацкага агароднінасушыльнага завода: на землях “Райнбов­-агро” ёсць стары калгасны сад, яблыкі з якога работнікі завода будуць збіраць на павідла.

За дапамогай да С.Д.Маслюка, у якога акрамя лесавоза маюцца экскаватары, бульдозеры і іншая спецтэхніка, звяртаюцца не толькі гаспадаркі і дзяржаўныя прадпрыемствы. Тутэйшыя вяскоўцы таксама ідуць да “шэфа”, як з павагай называюць гаспадара працуючыя ў яго механізатары, дзякуюць добраму чалавеку за добрыя справы і дачнікі. Па вялікім рахунку, прыватнік займаецца важнай дзяржаўнай справай адраджэння вёскі: стварае працоўныя месцы, вядзе добраўпарадкаванне і дапамагае вырашаць праблемы вяскоўцаў. Дай Бог, каб задумы Сяргея Дзмітрыевіча збыліся, а “палітра” дзейнасці “вясёлкавай” агра­фірмы набывала ўсё новыя фарбы.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *