Что нужно знать, отправляясь отдыхать за границу

Калейдоскоп

Працягваецца сезон водпускаў – і ўсё больш грамадзян накіроўваецца на адпачынак за мяжу. Пра асноўныя акалічнасці, якія трэба ведаць беларускім турыстам, пакідаючы нашу краіну, нам расказаў старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі Ушацкага райаддзела міліцыі Д.М.ПЧОЛКА.

– Дзяніс Міхайлавіч, калі паездку арганізоўвае турыстычная фірма, на што варта звярнуць асаблівую ўвагу?

– Калі вы едзеце па пуцёўцы, заключаючы дагавор з турфірмай, распытайце турагента ці тураператара аб усіх акалічнасцях падарожжа: хто будзе сустракаць у аэрапорце і павязе да атэля, якога класа аўтобус, колькі метраў да пляжа, калі будуць экскурсіі, ці ёсць кантактныя тэлефоны на выпадак непрадбачанай сітуацыі. Гэта пазбавіць ад многіх праблемаў у краіне знаходжання.

Калі вы падарожнічаеце з дзецьмі, то павінны ведаць, што іх выезд за мяжу – пад асаблівым кантролем дзяржавы. Калі малы выязджае за мяжу ў суправаджэнні аднаго з бацькоў, спатрэбіцца згода другога. Калі ж ён едзе без бацькоў, то неабходна згода іх абаіх.

– Самая страшная для турыста сітуацыя, калі губляюцца дакументы або іх выкрадаюць. Што рабіць у такім выпадку?

– Перад паездкай на адпачынак за мяжу кожны турыст павінен высветліць адрас і тэлефон беларускага консульства. Варта ўдакладніць, ці ёсць наша дыппрадстаўніцтва ў краіне. Калі няма – высветліць адрас консульства ў суседніх дзяржавах. У выпадку надзвычайнай сітуацыі там аформяць пасведчанне на вяртанне – на яе падставе турыст, нават калі страціў дакументы, атрымае права на бесперашкодны выезд на радзіму. Тым не менш, будзьце гатовыя да таго, што, калі побач няма чалавека, які пацвердзіць вашу асобу, супрацоўнікам можа спатрэбіцца ад аднаго да трох дзён для высвятлення абставін справы, а таксама афіцыйнае пацвярджэнне дзяржаўных органаў краіны знаходжання (паліцыі) аб тым, што дакументы згублены. Каб пазбегнуць такіх праблем, мэтазгодна мець некалькі ксеракопій у розных сумках, прычым, не толькі пашпартоў, але і ўсіх астатніх дакументаў.

– А калі турыст застаўся яшчэ і без грошай?

– Выратаваннем таксама стане беларускае консульства. Калі жыць няма дзе і за што, яго супрацоўнікі пастараюцца зрабіць усё магчымае, каб мясцовыя дабрачынныя арганізацыі аказалі вам часовы прытулак. А ў заяве, пададзенай консулу, вам давядзецца пазначыць, хто (людзі або арганізацыя) у Беларусі можа аплаціць ваша вяртанне.

– Уявім сабе сітуацыю, калі консульства паблізу няма…

– Калі ў час адпачынку вы трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю і па нейкай прычыне не маеце магчымасці звязацца з беларускімі замежнымі місіямі, не ведаеце, што рабіць, то ў першую чаргу звяртайцеся да блізкага акружэння. Гэта могуць быць гід­перакладчык атэля або арганізацыі, якая вас прымае, супрацоўнікі атэля, якія праінфармуюць мясцовую ўладу, службу выратавання або паліцыю.

– У каго яшчэ можна перад ад’ездам атрымаць неабходную інфармацыю?

– Яе вам абсалютна бясплатна дадуць, калі патэлефануеце на інфалінію па бяспечным выездзе за мяжу: кароткі нумар 113 (з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь званок бясплатны).

– Дзякуй за тлумачэнні. Спадзяемся, такія экстранныя меры не спатрэбяцца ўшачанам падчас адпачынку за мяжой. І ўсё ж, як кажуць, папярэджаны – значыць узброены…

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *