На сессии районного Совета депутатов рассматривался вопрос об организации торгового обслуживания населения Ушачского района

Общество

Адно з асноўных пытанняў, якое разглядалася на апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў, датычылася практыкі работы органаў улады, спажыўкааперацыі па  арганізацыі гандлёвага абслугоўвання насельніцтва раёна. Паколькі ад работы гандлю напрамую залежыць якасць жыцця людзей, гэтае пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі раённай улады, перад усімі гандлёвымі арганізацыямі ставяцца канкрэтныя задачы і патрабуецца іх выкананне. Нельга не зазначыць, як многа зроблена за апошнія гады: пашырылася сетка магазінаў, павысілася якасць выязнога гандлю на вёсцы, частымі сталі акцыі і растэрміноўкі. І праведзены ў перыяд падрыхтоўкі да сесіі па розных сельсаветах раёна маніторынг не выявіў  ні парушэнняў гандлю, ні значных нараканняў насельніцтва.

Адзнаку робіць пакупнік

Рабочай групай былі правераны ўсе стацыянарныя гандлёвыя кропкі Кубліцкага сельсавета: асартымент тавару, выдача разліковых дакументаў, тэрміны годнасці – усё адпавядала правілам гандлю. Таксама не было выказана прадстаўнікам рабочых груп ніякіх нараканняў на абслугоўванне аўтамагазінамі. Наадварот, вельмі дзякавалі жыхары Загуззя, Судзілавіч, Пад’язна (сярод якіх мноства дачнікаў), і іншых вёсак той зоны на шырокі асартымент, захаванне графіка прыезду маладому вадзіцелю­прадаўцу Міхаілу Міхайлавічу Рубаніку.

Выступаючыя на сесіі дэпутаты – раённага Савета  Людміла Валянцінаўна Вялюга і сельскага Алена Барысаўна Мачульская дзякавалі за якаснае абслугоўванне жыхароў Глыбачанскага і Ільюшынскага сельсаветаў. За тое, што акрамя аўтакрам з таварамі харчавання ходзіць па вёсках і аўтамагазін з прамысловымі таварамі, што можна заказаць практычна любы і яго прывязуць у вясковы магазін або дадому. За наяўнасць такой прывабнай формы, як тавар у растэрміноўку. Алена Барысаўна ад жыхароў старога Ільюшына, якім далёка хадзіць да магазіна, выказала падзяку вадзіцелю­прадаўцу Аляксею Міхайлавічу Кляпцу, які бездакорна абслугоўвае іх у гэтай частцы аграгарадка.

Канечне, былі і заўвагі, якія адлюстроўваюць пажаданні жыхароў. Напрыклад, каб меншай была фасоўка тавараў па аўтакрамах і ў прыватнасці хлеба. Самым крытычным аказалася выступленне старэйшыны вёскі Двор Пліна Надзеі Восіпаўны Дунец. Яна прывяла ўласны прыклад: на рамонт печы было патрэбна 200 штук цэглы, яна звярнулася спачатку ў мясцовы магазін, потым у “Будаўнічыя матэрыялы”, дзе ў сваю чаргу накіравалі да таваразнаўцаў. У выніку прывезла цэглу з прыватнага полацкага магазіна. Надзея Восіпаўна зазначыла, што паколькі вясковы жыхар не мае такога выбару тавару, як гарадскі, то хацелася б, каб ён быў больш даступным па цане – з меншай гандлёвай нацэнкай на тавары. А знізіўшы гандлёвую надбаўку, можна прыцягнуць і дадатковага пакупніка.

Скаргі – адзінкавыя, недахопы – суб’ектыўныя

Трэба зазначыць, хоць у газеце загадзя была абвешчана павестка сесіі і спецыяльна друкаваліся нумары тэлефонаў, каб прыняць заўвагі  і прапановы насельніцтва, ніхто не скарыстаўся такой магчымасцю. Наогул вельмі мала зваротаў ад жыхароў раёна паступае  па гандлёвым абслугоўванні. Аб гэтым зазначыла ў сваёй справаздачы начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Уладзіміраўна Ханяк. Самая вялікая колькасць, а гэта ўсяго 13 зваротаў паступіла ў 2011 годзе, у 2015 толькі 5 ці 4,1 працэнта ад агульнай колькасці. Ды і яны датычыліся абароны правоў спажыўцоў – людзі скардзіліся на няякасныя тавары ці паслугі. Бываюць і скаргі на адсутнасць таго ці іншага тавару, аднак яны носяць разавы характар. Па іх, зразумела, праводзяцца праверкі, высвятляюцца прычыны. І сутнасць любога разгляду – не пакаранне вінаватых, а выпрацоўка той сістэмы па гандлёвым абслугоўванні, якая б задавальняла пакупніка і прадаўца.

Аддзел эканомікі праводзіць сістэматычныя маніторынгі ўсіх аб’ектаў гандлю. За студзень­жнівень было праверана 33 гандлёвыя кропкі, парушэнні выяўлены ва ўсіх. Аналіз паказаў, што і іх можна было пазбегнуць, паколькі яны насілі суб’ектыўны характар, залежалі ад работы прадаўцоў, іншых спецыялістаў, а не ад фінансавых магчымасцяў арганізацыі. Гэта адсутнасць цэннікаў, асартыменту, наяўнасць пратэрмінаваных тавараў. Ці ўплывае ўсё гэта на выкананне тавараабароту, канечне, паколькі з­за адсутнасці  асартыменту пакупнік знойдзе яго ў іншай гандлёвай кропцы, а то і за межамі раёна

Спецыялістамі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі за аналагічны перыяд было абследавана 108 аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання. І таксама ва ўсіх былі выяўлены парушэнні. Яны датычацца наяўнасці пратэрмінаваных тавараў, няправільнага санітарнага суседства, незахавання тэмпературнага рэжыму.

Па выніках праверак на юрыдычных асоб было складзена 8 пратаколаў, на пасадных асоб – 52. Агульная сума штрафаў склала 8322 рублі. Былі вынесены прадпісанні аб спыненні 10 аб’ектаў. Правядзенне маніторынгаў – эфектыўны метад папярэджання скаргаў насельніцтва, які будзе працягвацца.

Кошт, асартымент, дастаўка

Правілы поспеху рознічнага гандлю заключаюцца ў прапанове патрэбных тавараў па патрэбным кошце ў патрэбным месцы і патрэбнай колькасці. Больш і далучаць няма чаго. Асноўная нагрузка ў гэтым ляжыць як на  прадаўцах, якія павінны ведаць густы сваіх пакупнікоў, правільна “угадваць” колькасць тавару, які заказваецца, так і на таваразнаўцаў, каб у безлічы прапаноў знаходзіць для ўшачан карысныя, цікавыя і недарагія рэчы. І недапрацоўкі ў сістэме, канечне, існуюць. Паказальным у гэтым плане быў прыклад Н.І.Дунец. Старшыня праўлення райспажыўтаварыства Лілія Альбінаўна Долгая падкрэсліла, што гэта ўпушчэнне работнікаў, і нават такую невялікую партыю цэглы яны здольны дастаўляць да свайго пакупніка.  Каб менавіта іх тавар, а не канкурэнтаў аказаўся запатрабаваным, райспажыўтаварыству трэба працаваць больш гібка. І многае, канечне, ужо зроблена. Стварэнне фірменных секцый і гібкая работа з пастаўшчыкамі такіх айчынных вытворцаў як “Палессе”, “Белкрэда”, Мінскі гадзіннікавы завод, “Пінскдрэў” дазволіў райспажыўтаварыству павысіць пакупніцкі попыт. За 7 месяцаў праз фірменныя секцыі было рэалізавана тавару на 45 тысяч рублёў. Удзельная вага айчынных тавараў у структуры рознічнага тавараабароту за 6 месяцаў склала 92,5 працэнта, у тым ліку па харчовай групе – 94,5.

За кошт продажу тавараў у растэрміноўку і крэдыт дадаткова атрыманы тавараабарот на 297 тысяч рублёў (2,9 працэнта ад тавараабароту). За паўгода арганізавана 46 кірмашоў і 103 выязныя гандалі, за кошт чаго дадаткова атрымана 293 тысячы  рублёў. Ад продажу агародніны, садавіны, мяса, рыбы, камбікорму на рынку – 68 тысяч .

Каб павысіць якасць абслугоўвання насельніцтва малых вёсак, у 2015 годзе набыты два новыя аўтамагазіны з сучасным абсталяваннем. Літаральна ўсе аўтамагазіны ўкамплектаваны халадзільным абсталяваннем, што дазваляе рэалізоўваць мяса і мясныя паўфабрыкаты, усе тавары, якія захоўваюцца з тэмпературным рэжымам. Акрамя аўталавак з харчовымі таварамі заязджае аўтакрама з прамысловымі, якія можна заказаць з дастаўкай на дом.

Апраўдваюць падтрымку раённай улады

На долю райспажыўтаварыства даводзіцца 67 працэнтаў гандлю. Адсутнасць у раёне буйных гандлёвых сетак – гэта мэтанакіраваная падтрымка раённай улады арганізацыі, якая практычна адзіная выконвае  сацыяльную функцыю гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва. І проста не могуць працаваць дрэнна. Ушацкае райспажыўтаварыства – адно з самых трывалых па Віцебскай вобласці. За апошнія пяць гадоў тавараабарот павялічыўся на 32,1 працэнта. Рознічны тавараабарот грамадскага харчавання склаў 9,9 мільёна рублёў і павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам на 5 працэнтаў пры заданні 2. Самыя высокія паказчыкі  па вобласці ў нас і па гандлі айчыннымі таварамі. Райспажыўтаварыства лідзіруе сярод астатніх па продажы тавараў на аднаго чалавека ў райцэнтрах – 812 рублёў пры абласным паказчыку 446. Трэцяе месца займаюць па продажы харчовых тавараў.

* * *

Пытанне аб гандлёвым абслугоўванні насельніцтва Ушацкага раёна на сесіі раённага Савета дэпутатаў разглядалася ў сакавіку мінулага года. І задачы, якія былі пастаўлены тады перад гандлем, – практычна выкананы. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка  зазначыла, што  за гэты час раённым выканаўчым камітэтам быў прыняты шэраг мер, якія значна паўплывалі на гандлёвае абслугоўванне насельніцтва: пашырыўся асартымент тавару, павялічылася гандлёвая сетка, праведзены рамонт і добраўпарадкаванне  аб’ектаў гандлю. Хаця і вельмі многа трэба зрабіць. У прыватнасці райспажыўтаварыству сумесна з аблспажыўсаюзам трэба вырашыць задачу будаўніцтва сучаснага гандлёвага цэнтра, пад дахам якога размясціўся  б і рынак. Загадчыкам магазінаў варта падтрымліваць парадак не толькі ўнутры магазіна, але і навакольнай тэрыторыі. Каб не губляць пакупніка, трэба шукаць больш гібкія формы, быць на крок наперадзе, павышаць культуру абслугоўвання.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *