В Ушачах прошла первая осенняя ярмарка

Общество

Цёплай і сонечнай выдалася раніца мінулай суботы – надвор’е спрыяла правядзенню першага восеньскага кірмашу. Магчымасцю набыць танны тавар скарысталіся многія ўшачане, ды і вяскоўцы таксама наведвалі цэнтральную плошчу гарпасёлка – былі нават асобныя пакупнікі з суседніх раёнаў. Людзі, якія вядуць асабістую падсобную гаспадарку, доўга спаць не прывыклі, таму бойкі гандаль пачаўся намнога раней заяўленых пачаткам кірмашу 9 гадзін.

Яшчэ на падыходзе да плошчы ўбачыў ад’язджаючыя цяжка гружаныя легкавыя аўтамабілі і вялікія чэргі ля асобных грузавікоў сельгаспрадпрыемстваў. Па колькасці пакупнікоў лёгка было здагадацца, што менавіта тут прапануюць найбольш аптымальныя суадносіны кошту і якасці.

Першымі скончылі гандаль ААТ “Дземенец” – фуражны ячмень па 15 капеек за кілаграм раскупілі вельмі хутка. Не было яшчэ і 10 гадзін, а працаўнікі КУСГП “Вялікадолецкае” Міхаіл Клопаў і Вера Хамічонак таксама рыхтаваліся ад’язджаць дадому. Паўтары тоны пшаніцы па 20 капеек за кілаграм разышліся за лічаныя хвіліны – убачыўшы такую дэмакратычную цану некаторыя пакупнікі набывалі нават больш першапачаткова запланаваных аб’ёмаў. Пустым аўтамабіль вялікадолецкіх аграрыяў у зваротны шлях не адправіўся – некалькі мяшкоў капусты яны набылі як для асабістых патрэб, так і ў сталовую гаспадаркі.

Пасля іх ад’езду гандаль ажывіўся ля машыны ААТ “Агра­Селішча”. Зерне тут было крыху даражэй, але таксама па кішэні – 22 капейкі за кілаграм. Збожжа аказалася самым хадавым таварам і ў астатніх сельгаспрадпрыемствах.

Акрамя таго, райаграсэрвіс прапаноўваў арганіку з дастаўкай, а КУСГП “Глыбачаны” прадалі двух бычкоў.

Маладняк буйной рагатай жывёлы даставіў на кірмаш і Анатоль Спірыдзёнак з ААТ “Ільюшынскі”. Вось толькі “белагаловікі” выклікалі цікавасць больш як прыгожы фон для фотасесій: “Каб вясной, то абавязкова купіла б такога прыгажуна!” – некаторы час вагалася пажылая жанчына, але так і не стала ўладальніцай бычка мясной пароды. Між тым, А.Спірыдзёнак без справы не застаўся, бо прыйшоў на дапамогу вадзіцелю Аляксандру Крысёнку. Нават удвух мужчыны не маглі перадыхнуць ні хвіліны – насыпалі ў мяшкі ячмень. Неўзабаве тры з паловай тоны ачышчанага зерня па 15 капеек за кілаграм “перакачавалі” ў аўтамабілі і тачкі грамадзян. Ажыўлена было і ля прылаўка гаспадаркі, дзе ішоў гандаль ялавічынай па цэнах нават дешавей за свініну. Нізкі кошт прадукцыі свайго сельгаспрадпрыемства пракаменціраваў дырэктар Сяргей Анатольевіч Халімоненка: “Кірмаш у людзей, асабліва старэйшага пакалення, асацыіруецца са святам, а невысокія цэны ўзнімуць настрой”.

Свініну, іншыя віды мяса і паўфабрыкаты можна было набыць у палатках райспажыўтаварыства, якое, як заўсёды, выставіла самыя разнастайныя віды харчовых тавараў. Карысталася попытам капуста – каб забяспечыць усіх жадаючых, прыйшлося падвозіць яе дадаткова са склада. Прыгожыя ладныя качаны райспажыўтаварыста закупіла ў фермера з Глыбоцкага раёна, з якім супрацоўнічае не першы год. Кошт таксама людзей задаволіў. Адразу разышлася капуста і сталовыя буракі ў прадаўцоў з полацкага прадпрыемства “Вясна­Энерга”, якое гандлявала рознымі відамі агародніны. Бульбу больш ахвотна куплялі ў прыватнікаў, а некаторыя іншыя віды тавараў меліся толькі ў іх. ПУП “Ляснеўшчына” прапаноўвала свой экалагічна чысты ўраджай “другога хлеба” па прымальным кошце, а індывідуальны прадпрымальнік Пётр Леанідавіч Цвяцінскі за пару гадзін распрадаў цэлы МАЗ курынага камбікорму. “12 рублёў за трыццацікілаграмовы мяшок – гэта ледзь не на чвэрць танней, чым на рынку!” – ахвотна рэкламавалі адзін аднаму даступны тавар пакупнікі.

Карысталіся попытам пасцельная бялізна прамкамбіната, саджанцы пладовых дрэў з ААТ “Чарэйшчына” Лепельскага раёна. Прынялі ўдзел у кірмашы і лясгасаўцы – акрамя мёду, яны гандлявалі і саджанцамі дэкаратыўных раслін, вырашчаных у пітомніку Вялікадолецкага лясніцтва. “Узялі дзве туі за 12 і 10 рублёў, нармальная цана. Не так даўно набылі дачу ў Кавалеўшчыне, пакрыху прыгажосць наводзім” – дэманстравалі пакупку жыхары гарпасёлка Алег і Алена Рагавешкі. Акрамя лясгаса, расліны для ўпрыгожвання прысядзібных участкаў прывезлі прыватнікі з Глыбоцкага раёна – разнастайныя кветкі і кусты міжволі прыцягвалі ўвагу, а падышоўшы бліжэй, многія і набывалі расліны.

Да апоўдня асноўная маса людзей, задаволіўшы пакупніцкія патрэбы, сканцэнтравалася на супрацьлеглых баках плошчы. На адным канцэртна­забаўляльную праграму ладзілі работнікі культуры, на другім гаспадарылі работнікі грамадскага харчавання і працаўнікі хлебазавода з разнастайнай выпечкай і тартамі – гэты ўчастак вострыя на язык ушачане назвалі “смачным кутком”. Добрых слоў заслугоўвае райспажыўтаварыства і за арганізацыю дастаўкі набытых тавараў дадому – у час кірмашу працаваў спецыяльны транспарт, якім можна было скарыстацца за невялікую плату.

– Задаволены і цэнамі, і асартыментам, набылі, што хацелі! – дзяліліся ўражаннямі пенсіянеры Ніна Барысаўна Янушкевіч, Тэрэза Раманаўна Бункевіч і Валянціна Эдуардаўна Ісаковіч. – Але 15 кастрычніка зноў пойдзем! Не так і многа ў нашым невялікім пасёлку падзей, а тут вось і канцэрт, і прыкупіць можа яшчэ што надумаем, ды і проста прыемна ў сонечны восеньскі дзень прагуляцца па абноўленай плошчы.

Пасля рамонту кірмаш тут праводзіўся ўпершыню, і зручнасць устаноўленых лавак, дзе пенсіянеры маглі адпачыць, прадэманстраваць адзін аднаму набыты тавар, ацанілі многія. А арганізатары і гандляры прааналізавалі, на якія тавары быў найбольшы попыт, каб максімальна задаволіць запыты пакупнікоў пры правядзенні наступнага кірмашу.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



2 комментария по теме “В Ушачах прошла первая осенняя ярмарка

  1. Живую рыбу предлагало покупателям Ушачское райпо. На предстоящей ярмарке в субботу, 15 октября, планируется, что кроме райпо живую рыбу будет продавать и ОАО рыбхоз «Новинки»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *