И в огонь, и в воду. Сотрудники Ушачского РОЧС за одни сутки спасли тонущего рыбака и пять человек на пожаре

Cлужба-101

Праглядваючы навіны, паведамленні аб здарэннях, часта чытаем ці чуем: на пажары выратаваны чалавек, жыльцы дома эвакуіраваны ў бяспечнае месца, работнікі МНС выратавалі рыбака. За гэтымі ж сухімі словамі стаяць людзі, якія рызыкуюць сваім жыццём дзеля выратавання чужога.

Суботняе дзяжурства выратавальнікам Мікалаю Басуеву і Аляксандру Ярмошу запомніцца надоўга. У прамым сэнсе слова ім за адны суткі прыйшлося прайсці праз ваду і агонь, каб дапамагчы людзям. Выхадныя дні, як правіла, для пажарных заўсёды выдаюцца больш напружанымі, чым будзённыя. Вось і ў суботу пасля 13 гадзін на пульт аператыўнага кіравання паступіла паведамленне аб тым, што на Мосарскім возеры тоне чалавек. Да месца здарэння былі накіраваны падраздзяленні аддзела па надзвычайных сітуацыях з Ушач і Двор Пліна. Першым да возера прыбыў баявы разлік у складзе М.Басуева і А.Ярмоша (на здымку). Прыкладна ў 20 метрах ад берага часткова ў вадзе, трымаючыся за лёд, знаходзіўся чалавек. У спецыяльным касцюме “сухога” тыпу на вадаём накіраваўся Мікалай Басуеў, на беразе яго страхаваў напарнік. Выкарыстоўваючы выратавальную дошку, вяроўку і круг, байцы выцягнулі на бераг пацярпелага і перадалі яго падаспеўшай брыгадзе “хуткай дапамогі”. Мужчына ад пераахалоджвання ўжо не мог нічога вымавіць і рухацца. Можна смела сцвярджаць, што ў гэты дзень жыхару Мосара, пенсіянеру 1948 года нараджэння, пашанцавала ды і не раз…

З раніцы мужчына адправіўся на мясцовае возера рыбачыць, нягледзячы на зусім яшчэ тонкі лёд. Амаль паўдня ён хадзіў па слаба замерзлым вадаёме – сіла азарту, падагрэтая ўловам, была мацнейшая за страх – і ўрэшце рэшт аказаўся ў вадзе. Хутчэй за ўсё гора­рыбаку не ўдалося б выратавацца, але ў гэты момант яго заўважыў аднавясковец, які праходзіў міма. Ён патэлефанаваў у экстраную службу і паспрабаваў сам выратаваць мужчыну, кідаючы яму сукі і галіны. Тым часам падаспелі выратавальнікі, дзесьці праз паўгадзіны пасля паступлення сігналу чалавек быў вызвалены з ледзянога палону.

– Шчыра кажучы, за 8 гадоў службы ў МНС выратоўваць тонучага прыйшлося ўпершыню, – расказвае М.Басуеў. – Зрэшты, алгарытм дзеянняў у такіх выпадках мы адпрацоўваем пастаянна: вось якраз зусім нядаўна трэніраваліся на Вечаллі.

Пасля дзесяці гадзін вечара таго ж дня ў аддзеле раздаўся яшчэ адзін трывожны званок. У Блізніцы загарэўся шматкватэрны жылы дом, і полацкім выратавальнікам патрэбна была дапамога ўшачан. Выязджаць на выклік зноў давялося прыгаданым супрацоўнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

На месца яны прыбылі ўслед за полацкімі выратавальнікамі, якія паспелі ацаніць сітуацыю. У шматкватэрным доме назіралася моцнае задымленне, ачаг жа ўзгарання знаходзіўся ў кватэры на першым паверсе. М.Басуеў і А.Ярмош у складзе звяна газадымаабароннай службы накіраваліся ўнутр. Гаспадыню кватэры выратаваць, на жаль, не ўдалося, а вось яе сына і сужыцеля пажарныя вынеслі і перадалі медыкам. Тым часам на верхнім паверсе мірна спалі і ні аб чым не падазравалі суседзі. Людзі проста маглі не прачнуцца, у сне б задыхнуліся ад дыму! Выратавальнікі вывелі з дому яшчэ траіх чалавек.

– Ну які ж гэта подзвіг, гэта ж наша работа, – шчыра здзіўляліся ўвазе да іх Мікалай Басуеў і Аляксандр Ярмош.

Магчыма, і так. Але людзі, якіх яны выратавалі, і іх блізкія з гэтым, канечне, не пагодзяцца. Нічога няма каштоўней у свеце за чалавечае жыццё, і добра, што ў падобных надзвычайных выпадках побач з намі гатовы аказацца прадстаўнікі гэтай патрэбнай службы.

Вольга КАМАРКОВА.



1 комментарий по теме “И в огонь, и в воду. Сотрудники Ушачского РОЧС за одни сутки спасли тонущего рыбака и пять человек на пожаре

  1. Такие статьи читаются на одном дыхании☺интересно☺

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *