Во время «прямой линии» с ЖКХ ушачане озвучивали проблемные вопросы и высказывали благодарность

Зваротная сувязь

“Прамая лінія”, якую ў сераду з чытачамі нашай газеты праводзіў галоўны інжынер унітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ушацкага раёна Мікалай Уладзіміравіч Свірко, прайшла даволі ажыўлена. Магчымасцю задаць хвалюючыя пытанні, якія датычацца дзейнасці службы, скарысталася каля дзясятка ўшачан.

Адразу двое жыхароў вуліцы Віцебскай выказалі сваю незадаволенасць наконт таго, што на Віцебскай каля дамоў 1, 2 не гарыць ліхтар: “Зараз такая цёмная пара, а перагарэўшы ліхтар не мяняюць – мы ўжо пакідалі заяўку. Шмат дзяцей тут ідзе раніцай у школу, зацемна з работы вяртаюцца дарослыя, ён тут вельмі патрэбны!”  Такую ж праблему агучыў і жыхар з вуліцы Вечальскай, дзе ўжо не першы дзень чакаюць, калі ж загарыцца святло. Як патлумачыў М.У.Свірко, камунальная служба аператыўна не адрэагавала на пакінутыя заяўкі па тэхнічнай  прычыне: машына з вышкай знаходзіцца ў рамонце. Хутка яна будзе “ў страі” і нязручнасці з асвятленнем у панядзелак выправяцца.

Адразу некалькі званкоў паступіла ад ушачан, якія скардзіліся на нізкую тэмпературу ў кватэрах. Так, пенсіянерка з Садовай, 15 сцвярджала, што ў яе жыллі толькі 16 градусаў цяпла, пра некамфортную тэмпературу гаварыла і маладая маці з дома №1  па вуліцы Віцебскай. Адразу ж пасля паступлення зваротаў галоўны інжынер камунгаса адправіў сваіх спецыялістаў па гэтых адрасах для замераў тэмпературы і высвятлення сітуацыі. Аказалася, што ў кватэры на Садовай у розных пакоях тэмпература была ад 18 да 20 градусаў цяпла, а на Віцебскай яна была зафіксавана на адзнацы ў 22 градусы. На недагрэў батарэй скардзіліся і дзве жыхаркі з Ленінскай, 2: “Спраўна плацім за камунальныя паслугі, а таму хочам, каб не парушаліся нашы правы спажыўцоў і не прыходзілася мерзнуць!” Прычым, у дзень правядзення “прамой лініі”, па словах саміх жа звярнуўшыхся, у кватэрах было цёпла.

– Камфортная тэмпература ў кватэры для кожнага індывідуальная і не заўсёды, як аказваецца, супадае з патрабаваннямі законных актаў. У дзяржаўных дакументах прапісана, якой павінна быць тэмпература ў кватэры зімой, норма – 18 градусаў. Бывае і так, што камунальнымі службамі выконваюцца ўсе стандарты, а ў жыллі грамадзян невысокая тэмпература з-за значных страт цяпла, – гаворыць М.У.Свірко.

А.Кузусёнак, якая пражывае ў доме №2 па Камсамольскай, звярнулася адразу з двума пытаннямі. Каб дачакацца гарачай вады ў ванне, прыходзіцца зліваць вельмі шмат халаднаватай, а зразумела, што лічыльнік не адкідвае гэтыя “халастыя” кубы. Мікалай Уладзіміравіч паабяцаў высветліць сітуацыю і разабрацца ў гэтым пытанні. Таксама жанчына прасіла аднавіць падачу электрычнасці ў падвальным памяшканні. Як высветлілі крыху пазней работнікі ЖКГ, прычына адсутнасці святла аказалася не ў тэхнічных непаладках, а ў несумленнасці пакуль невядомых асоб – замененыя ў мінулы раз выключальнікі і правады  былі выразаны і выкрадзены. “Святло мы, канечне, зробім, а каб знайсці злодзеяў, звернемся ў праваахоўныя органы”, – адзначыў галоўны інжынер.

Нядаўна камунгас устанавіў новыя кантэйнеры  для асобнага збору адходаў – шкла і пластыка. У сувязі з гэтым адна жанчына цікавілася, куды выкідваць тэтрапакі (каробкі ад сокаў, малака і іншага) і што акрамя пластыкавых бутэлек можна выкідваць у кантэйнер з надпісам “пластык”.  Як патлумачыў М.Свірко, у названы кантэйнер можна таксама “адпраўляць” любыя пластмасавыя вырабы, у тым ліку бутэлькі ад шампуняў і падобнага. А вось тэтрапакі сюды не падыходзяць, іх у нашай краіне пакуль не перапрацоўваюць.

Прыемна, што падчас “прамой лініі” прагучалі і словы ўдзячнасці ў адрас камунальнай службы Ушаччыны. Так, У.Паўловіч з Дубраўкі ад імя жыхароў населенага пункта шчыра дзякаваў за аператыўна і добра зробленую водаразборную калонку, пажадаў усім камунальнікам здароўя і поспехаў у нялёгкай рабоце. А жыхарка дома №19 па вуліцы Ленінскай у гарпасёлку выказала сваю ўдзячнасць за чысціню ў пад’ездах, двары і ў цэлым на вуліцах райцэнтра.

Вольга КАМАРКОВА.



2 комментария по теме “Во время «прямой линии» с ЖКХ ушачане озвучивали проблемные вопросы и высказывали благодарность

  1. На Витебской 1 сегодня загорел фонарь.

  2. Водонапорные колонки вышли из строя благодаря морозу А может бездействию Комхоза

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *