Агроусадьба «Марусіна хата» в Замошье Ушачского района привлекает гостей уникальной природой и стилем деревенского дома

Ушаччина туристическая

Ці часта вам даводзілася бачыць, каб салідныя мужчыны бегалі па зімнім лесе і, залівіста смеючыся, абсыпалі адзін аднаго снегам? Менавіта з такой дзіцячай забавы пачалі сваё прабыванне ва Ушацкім раёне масквічы Раман, Дзмітрый, Сяргей і Уладзімір. Рабочы дзень “менеджэраў сярэдняга звяна”, як яны самі сябе называюць, праходзіць пераважна ў сталічных офісах, а таму на час навагодніх канікулаў, якія ў Расіі доўжацца паўтара тыдні, сябры захацелі трапіць у месца, дзе вось так можна застацца сам-насам з прыродай, падыхаць свежым паветрам, паляжаць на цёплай печы ды паспяваць песні пад гітару. І ідэальным месцам для такога адпачынку стала аграсядзіба “Марусіна хата”, размешчаная ў вёсцы Замошша на беразе аднайменнага возера.

“Пабываць тут аднойчы і не захацець вярнуцца – проста немагчыма!” – упэўнены гаспадары аграсядзібы мінчане Ян і Жанна Сачыўка (на здымку). Калісьці ў гэтую маляўнічую вёску проста закахаўся бацька Жанны і, набыўшы тут участак, пабудаваў дом ля возера, плануючы пасля выхаду на пенсію бавіць вольны час за любімай рыбалкай. Ды толькі парадавацца прыгожым краявідам, на жаль, не паспеў…

У спадчыну дачцэ ён пакінуў і дом, і сваю мару. Жанна разам з мужам добраўпарадкавалі сядзібу на беразе, якая хутка стала любімым месцам адпачынку і для іх сям’і, і для шматлікіх сяброў. “Дарэчы, дзякуючы ім у нас і ўзнікла ідэя заняцца аграэкатурызмам, – расказвае гаспадыня. Часта гасцяваць у нас сябрам было няёмка, яны папрасілі прыгледзець мясцовую хату, якую б можна было зняць на лета. Падыходзячы варыянт мы знайшлі літаральна па-суседстве, а потым задумаліся – чаму б не набыць участак пад аграсядзібу?”

Так яны і зрабілі гады два таму. Каштаваў дом нядорага, але ж, канечне, грунтоўны рамонт, будаўніцтва тэрасы з відам на возера, абсталяванне водаправоду і ўсіх бытавых выгод запатрабавалі пэўных укладанняў – зрэшты, не такіх ужо і астранамічных. “Адразу вырашылі, што стыль вясковай хаты захаваем, і абавязковым яе атрыбутам будзе руская печ. Адрамантаваць яе, дарэчы, нам дапамог мясцовы жыхар – 80-гадовы дзед Паша”, – расказваюць гаспадары. А на маё пытанне пра загадкавую Марусю, у гонар якой атрымала назву аграсядзіба, адказваюць, што гаспадыню хаты звалі Марыя Бука – вось і вырашылі так увекавечыць імя гэтай простай вясковай жанчыны. Зрэшты, памяць аб ёй захоўвае не толькі назва, але і некаторыя элементы цяперашняга ўбранства дома: Жанна з шанаваннем і павагай памясціла ў рамкі вышываныя карціны былой гаспадыні, зрабіла чахлы для падушак з вышытых ёю ручнікоў, а ў чырвоным куце хаты па-ранейшаму абараняе яе ад усялякай бяды бабуліна ікона… Магчыма, і таму справа новых уладальнікаў дома мела ўдалы старт. Толькі ў чэрвені яны прынялі сваіх першых кліентаў – сям’ю з Мінска, а напрыканцы года ўжо аказаліся на другім месцы сярод усіх аграсядзіб раёна па колькасці адпачнуўшых гасцей, саступіўшы толькі флагману ўшацкага агратурызму – “Мікалаеўскаму пасаду”. Амаль 70 чалавек пабывала за гэты час у “Марусінай хаце” і абсалютна ўсе засталіся задаволенымі. Адпачывалі ў асноўным сем’ямі, а большасць гасцей прыязджалі з расійскіх мегаполісаў – Масквы і Санкт-Пецярбурга. Пабывалі на сядзібе і кліенты з далёкага замежжа – з Прагі і Брно. Ян і Жанна дапамаглі гасцям аформіць візу і, як таго патрабуе айчыннае заканадаўства, дазвол на часовае прабыванне на тэрыторыі нашага раёна. І трэба сказаць, што чэхі засталіся проста ў захапленні ад адпачынку на Ушаччыне: яны з задавальненнем гулялі па лесе, збіралі грыбы і ягады (падобны занятак ва ўрбанізаванай Еўропе даўно не практыкуецца), хоць быў ужо верасень, купаліся ў возеры, ладзілі прагулкі на веласіпедах – гэты транспарт, а таксама лодка і рыбалоўныя прылады маюцца на сядзібе. Госці з Чэхіі выказалі жаданне пазнаёміцца са славутасцямі Ушаччыны – яны былі моцна ўражаны экспазіцыяй музея народнай славы і веліччу комплексу “Прарыў”, а ў Доме рамёстваў набылі сувеніры ў памяць пра наш раён. Прынамсі, і ў самім Замошшы ёсць на што паглядзець: здымкі старажытнага млыну і могілак з незвычайнымі крыжамі, якія нібыта вырастаюць з зямлі, робяць літаральна ўсе адпачываючыя, каб расказаць пра гэтыя дзівосы сябрам і родным і прапанаваць ім таксама прыехаць у “Марусіну хату”. Такая рэклама з першых вуснаў вельмі эфектыўная – вось і з чатырох мужчын-масквічоў, пра якіх распавядалася напачатку, двое ўжо гасцявалі на аграсядзібе летам, зараз жа прывезлі з сабой сяброў і ўжо нават забраніравалі месцы для адпачынку на ліпень для яшчэ большай кампаніі (у доме маецца 9 спальных месцаў).

Але каб абзавесціся пачатковай кліенцкай базай, гаспадары правялі вялікую рэкламную інтэрнэт-кампанію: пачыналі з айчынных і расійскіх турыстычных сайтаў, потым жа размясцілі сваю інфармацыю і ў буйной міжнароднай сістэме браніравання booking.com – дарэчы, менавіта праз яе адпачынак на сядзібе заказалі госці з Чэхіі. Ян і Жанна ўпэўнены, што каб паспяхова развіваць справу, абавязкова варта пастаянна абнаўляць свае веды, таму ўступілі ў Беларускае грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы”, сочаць за ўсімі навінкамі заканадаўчай базы, прымаюць удзел у навучальных семінарах па розных аспектах абслугоўвання адпачываючых.

У апошні час шмат гаворыцца пра наспеўшыя змяненні ў парадку налічэння падаткаў на ўладальнікаў аграсядзіб. Справа ў тым, што некаторыя суб’екты аграэкатурызму, плацячы падатак у памеры адной базавай велічыні ў год, пачалі адкрыта займацца рэстаранна-гасцінічным бізнесам, што супярэчыць асноўнай ідэі агратурыстычнай дзейнасці. А яна ў тым, каб праз стварэнне сядзіб адраджаць вёску, развіваць інфраструктуру, садзейнічаць занятасці людзей у сельскай мясцовасці, прапаноўваць недарагі экалагічны адпачынак, прапагандаваць гістарычную і культурную спадчыну Беларусі. “Марусіна хата” адпавядае гэтым крытэрыям, а яе гаспадары ўпэўнены, што агратурызм – захапляльная і выгадная справа для цярплівых, упартых, камунікабельных людзей.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *