Ушачане не остались равнодушными и откликнулись на призыв помочь многодетной семье, дом которой сгорел во время пожара

Общество

“Калі на нейкім сайце выпадкова знайшла інфармацыю пра пажар, што адбыўся ў панядзелак у вёсцы Старае Сяло Жарскага сельсавета, не надала ёй значнай увагі: былі сухія факты, маўляў, адбылося ўзгаранне, апавяшчальнікі спрацавалі, людзі выратаваліся. На сайце ж “Патрыёта”, а значыць і ў газеце, настолькі жаласна, жыццёва напісана, што за душу ўзяло. Сапраўды, захацелася дапамагчы гэтым людзям, няхай і незнаёмым…”

Такі водгук пакінула днямі на нашым сайце адна з наведвальніц, чым, зрэшты, выказала меркаванне многіх жыхароў Ушаччыны. Нагадаем: пажар у Старым Сяле цалкам знішчыў дом, пакінуўшы сям’ю з чатырма дзецьмі без даху над галавой і маёмасці. Пагарэльцаў часова прытулілі сваякі, і ўсё ж без дапамогі нераўнадушных людзей ім не абысціся.

У першыя ж гадзіны пасля здарэння аднавяскоўцы пачалі збор грошай, адзення, абутку для пацярпелых, а тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аб’явіў (у тым ліку праз нашу газету) аб правядзенні акцыі “Сям’я – сям’і”. І, трэба сказаць, яна знайшла шырокі водгук у жыхароў раёна. Дзверы ТЦСАН і рэдакцыі, куды можна было прынесці рэчы для пагарэльцаў, усе гэтыя дні практычна не зачыняліся.

Аднымі з першых адгукнуліся на заклік аб дапамозе мнагадзетная сям’я Марачкіных з вуліцы Рамантыкаў гарпасёлка, а таксама Смаляк з вуліцы Горкага. Ужо немалады ўзрост ды і цяжар сабраных рэчаў, што засталіся ад сыноў, не дазвалялі прыйсці ў цэнтр гарпасёлка Уладзіміру Сцяпанавічу (на здымку) і Людміле Васільеўне Дрозд з вуліцы Данукалава – па іх просьбе дабрачынны груз мы забралі прама на доме. Сыночка практычна такога ж узросту, што і ў малыша пацярпелых, выхоўвае Альбіна Шкіндзер з гарпасёлка, таму няшчасце ў Старым Сяле прыняла надзвычай блізка да сэрца і не магла абмінуць магчымасці дапамагчы ўзгаданай сям’і. Ледзь стрымлівала слёзы, завітаўшы ў рэдакцыю з рэчамі для пагарэльцаў, Нэлі Канстанцінаўна Хвошч: “У мяне ў самой двое дзетак, таму добра разумею, як цяжка зараз бацькам, – прызналася жанчына. – Сабрала самыя лепшыя рэчы, што былі ў нашай сям’і, каб хоць неяк падтрымаць пацярпелых”.

– Ужо два разы адвозілі сабраныя рэчы ў Старае Сяло, – расказала ў чацвер загадчыца аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН Ушацкага раёна Наталля Аляксандраўна Коршун. – Грамадзяне падзяліліся грашыма, посудам, прадуктамі харчавання. Заўтра плануем чарговы выезд, для якога спатрэбіцца “Газель”: сям’я Дубровіных з Градзянца перадала буйнагабарытны груз – ложак з усімі спальнымі прыналежнасцямі. Матэрыяльна падтрымаць пацярпелых выказалі жаданне і некаторыя арганізацыі Ушаччыны – зараз ідзе збор сродкаў.

Раённая дабрачынная акцыя “Сям’я – сям’і” працягваецца, далучыцца да яе можа кожны. Любая падтрымка не будзе лішняй! Калі пэўныя рэчы не спатрэбяцца пацярпелым ад пажару жыхарам Старага Сяла, яны будуць перададзены малазабяспечаным сем’ям Ушаччыны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Як стала вядома, ААТ “Ільюшынскі” выдзеліла сям’і Алексяёнак-Магерка ў Старым Сяле жылы дом, што належыць сельгаспрадпрыемству. Вельмі рады гэтаму аднавяскоўцы, якія з замілаваннем назіралі ўчорашняй раніцай, як маленькі Арсеній падмятаў ганак новага жылля.



2 комментария по теме “Ушачане не остались равнодушными и откликнулись на призыв помочь многодетной семье, дом которой сгорел во время пожара

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *