Старейшина деревни Апанасковичи Александр Реут — надёжный помощник односельчан

Наши земляки Саветы і жыццё

Сядзіба на ўзгорку яшчэ здалёк падказвала пра дбайнага гаспадара: дагледжаны дом, абгароджаная і акуратная тэрыторыя з альтанкай, роўна расчышчаныя ад снегу дарожкі. Аляксандра Карлавіча Рэута можна смела назваць добрым гаспадаром як у сваім доме, так і ў цэлым у вёсцы Апанаскавічы, бо з’яўляючыся ўжо не першы год старэйшынам, ён бачыць далей за свой двор і пастаянна жыве клопатамі і праблемамі аднавяскоўцаў, ад усяго сэрца стараецца ім дапамагчы.

Чалавекам актыўным і неабыякавым мужчына быў заўсёды. З таго часу, як 20 гадоў таму лёс прывёў яго на Ушаччыну з суседняга Лепельскага раёна, ніколі не сядзеў, склаўшы рукі – старанна абсталёўваў жыллё, усё паспяваў на сваім працоўным месцы, браў на сябе і грамадскую работу – неаднаразова выбіраўся дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў, а колькі дакладна гадоў з’яўляецца старэйшынам вёскі – нават і не прыпомніць. Яго прафесійная дзейнасць заўсёды была звязана з людзьмі – 12 гадоў Аляксандр Карлавіч адпрацаваў на пошце, цяпер жа ён сацыяльны работнік, якога некалькі разоў на тыдзень чакаюць шасцёра падапечных.

Між тым, абавязкі старэйшыны мужчына выконвае не толькі ў Апанаскавічах, а і ў суседняй Гарбаціцы. Калісьці ў гэтых населеных пунктах кіпела жыццё, а зараз іх жыхароў можна пералічыць на пальцах, ды і амаль усе яны састарэлі і, канечне, часта маюць патрэбу ў дапамозе.

– Сачыць за парадкам на вуліцах, асвятленнем і станам дарог, усім, што адбываецца ў вёсцы, даводзіцца старэйшыне. Аляксандр Карлавіч мой добры памочнік, у вырашэнні многіх вясковых праблем на яго можна палажыцца, а аднавяскоўцы яго паважаюць, – гаворыць старшыня Вяркудскага сельскага Савета дэпутатаў В.М.Маслак.

Акрамя названых дзвюх вёсак абавязкі старэйшыны Аляксандр Карлавіч хутка будзе выконваць і ў суседнім Карачыне. Цяперашняму старэйшыну Івану Аляксандравічу Чэвідаеву як пажылому чалавеку ўжо нялёгка спраўляцца з дадатковай грамадскай нагрузкай.

– Калі столькі людзей табе давяраюць, то адмовіцца ніяк нельга, – заўважае Аляксандр Карлавіч. – Сапраўды, мае абавязкі як сацыяльнага работніка добра сумяшчаюцца са “старшынством” у вёсках. Вялікіх праблем у нас не ўзнікае – рэгулярна прыязджае аўтамагазін, на работу якога нараканняў няма. Калі здараюцца перабоі з вадой, непаладкі хутка выпраўляюць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аператыўна чысцяцца і дарогі, тэлефоны спраўна працуюць. Трымаю сувязь з усімі асноўнымі службамі, паведамляю аб узнікаючых пытаннях. Здаецца, і зусім няшмат у мяне абавязкаў, – сціпла ацэньвае сваю дзейнасць Аляксандр Карлавіч.

Першым дарадцам, правай рукой ва ўсіх справах, а ў вясковых – можна сказаць, намеснікам Аляксандра Карлавіча з’яўляецца яго жонка Алена Іванаўна Гайко (на здымку). Жанчына таксама сацыяльны работнік. Варта адзначыць, што гэтыя людзі не дзеляць пажылых на сваіх падапечных і чужых – яны для іх усе аднолькавыя і ў дапамозе не адмаўляюць нікому. Так, едучы з райцэнтра, вязуць патрэбныя вяскоўцам лекі, дапамагаюць зрабіць розныя плацяжы, вырашыць пытанне з дрывамі, прывезці з сельвыканкама даведку, ды і проста ўдзяляюць увагу, бо пажылым часта проста не хапае шчырай размовы.

Паспяваюць гэтыя добрыя людзі нястомна працаваць на сваім прысядзібным  участку, трымаюць, хоць і не надта вялікую, падсобную гаспадарку. Як і мае быць старэйшыне, паказваюць прыклад у добраўпарадкаванні: вясной тут прыгожа цвіце дагледжаны сад, а летам сядзіба сям’і патанае ў кветках.

Уся гэта работа Аляксандру Карлавічу і Алене Іванаўне не ў цяжар, бо яны любяць працаваць, любяць сваю вёску і землякоў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *