В Ушачской поликлинике продолжается ремонт

Общество

Сустракаюць, як кажуць, па адзежцы… Калі ж прымяніць гэтае народнае выслоўе да Ушацкай ЦРБ, сумненняў у станоўчым выніку такога “знаёмства” дакладна не будзе: штогод тут праводзіцца значная работа не толькі па мадэрнізацыі кабінетаў, але і па стварэнні годнага знешняга выгляду.

Вось і 2017-ы пачаўся для медустановы з чарговага рамонту: “касметыкі” патрабуюць калідор і некалькі памяшканняў паліклінікі ад гардэроба да пераходу ў бальніцу. Размесцяцца тут і два санвузлы, у якіх зараз завяршаецца ўкладка пліткі.

– Хочацца хутчэй вярнуцца ў свой кабінет, прымаць пацыентаў у звыклых, толькі яшчэ больш камфортных умовах, – ацэньваючы зробленае, падзялілася з намі ўрач ультрагукавога даследавання Таццяна Мікалаеўна Сідарэнка. – Сцены калідора набылі прыемны персікавы колер – у стылістыцы ўсяго крыла, а падлогу ўпрыгожыў новенькі лінолеум.

– Разумеем нязручнасці, выкліканыя рамонтам, як для медработнікаў, так і для пацыентаў, таму стараемся справіцца ў максімальна сціслыя тэрміны, – супакойвае Раіса Пятроўна Мончанка, тынкоўшчыца ПМК-66, выконваючая абавязкі брыгадзіра. – Ну а каб не блакіраваць адразу ўсе кабінеты крыла, праводзім работы часткамі – ужо на наступным тыдні “пераедзем” да гардэроба, адкрыўшы частку, дзе рамонт завершаны.

Зрэшты, на гэтым ушацкія медыкі спыняцца не збіраюцца. У бліжэйшых планах – рамонт фізіятэрапеўтычнага аддзялення і хола каля рэгістратуры.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: работнікі ПМК-66 Т.Дзямко, Р.Мончанка, Л.Кляшчонак, С.Ларчанка, Ж.Бягун.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *