Ушачские медики подвели итоги работы за 2016 год

Здравоохранение

Наша меркаванне пра эфектыўнасць медыцынскай дапамогі складаецца з асабістых канкрэтных выпадкаў. Мы гатовы перанесці любую хваробу на нагах, абы не сядзець у чэргах да спецыялістаў, назаўтра здаваць аналізы, каб праз дзень зноў прыйсці на прыём. Вось і набываюць нашы “лёгкія недамаганні” розныя ўскладненні, хранічны характар. А ў выніку – неапраўданыя нараканні на медыцыну.

А якую ацэнку сваёй дзейнасці даюць самі медыкі? Напрыканцы мінулага тыдня Ушацкая цэнтральная раённая бальніца падвяла вынікі работы за 2016 год, акрэсліла планы на перспектыву. Са справаздачным дакладам выступіў галоўны ўрач установы Сяргей Анатольевіч Маісееў. Сваімі меркаваннямі падзяліўся галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Валерый Рафаілавіч Бурэнь. Удзел у рабоце медыка-санітарнага савета прынялі старшыня Ушацкага райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч і намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Андрэй Уладзіміравіч Андрушкін.

Даступна і якасна

Галоўнай задачай калектыву ЦРБ па-ранейшаму з’яўляецца рацыянальнае выкарыстанне наяўных кадравых, матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў для захавання і ўмацавання здароўя жыхароў Ушаччыны, забеспячэння іх даступнай кваліфікаванай медыцынскай дапамогай. Апошняя аказваецца раённай бальніцай на 116 ложкаў, паліклінікай на 300 наведванняў у змену, аддзяленнем хуткай медыцынскай дапамогі, трыма бальніцамі сястрынскага догляду (у Глыбачцы, Вялікіх Дольцах, Дубраўцы) і 18 фельчарска-акушэрскімі пунктамі.

Прыярытэтным напрамкам дзейнасці службы з’яўляецца амбулаторна-паліклінічная дапамога. Аб’ём выдаткаў на яе ў параўнанні з 2013 годам павялічыўся амаль на 12 працэнтаў. Колькасць наведванняў на аднаго жыхара склала 12,4. Насельніцтва агледжана на 97 працэнтаў, а ўдзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, асобы да іх прыраўнаваныя – на 100.

Традыцыйна ва Ушацкай ЦРБ вядзецца актыўная работа па раннім выяўленні сухот. У 2016-м рэнтгенафлюараграфічна абследавана 98,7 працэнта грамадзян – у 6 выпадках наяўнасць хваробы пацвердзілася.

Ва ўмовах рэфармавання сістэмы аховы здароўя стацыянарная дапамога перажывае сур’ёзныя змены. Усе цяжкія хворыя агледжаны кансіліумам урачоў. Да 54 пацыентаў летась выклікаліся спецыялісты па санітарнай авіяцыі. 14 чалавек пасля аказання экстранай дапамогі ва ўмовах аддзялення рэанімацыі Ушацкай ЦРБ былі пераведзены ў Віцебскую абласную клінічную бальніцу для вырашэння пытання аб каранаграфіі і стэнціраванні каранарных артэрый.

“Твар” паліклінікі

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і аб рабоце паліклінікі часта мяркуюць па тым, як хутка і якасна спраўляюцца з пастаўленымі задачамі медыкі пярвічнага звяна. Дзейнасць рэгістратуры пабудавана па прынцыпе “Адно акно” з выкарыстаннем камп’ютарнай праграмы “Электронны дыспетчар”. Зараз без праблем можна атрымаць электронны рэцэпт ці дыстанцыйнае кансультаванне спецыялістамі паліклінікі праз скайп.

Дэмаграфія

На пачатак 2017 года ў раёне пражывала 13805 чалавек, з іх 6030 – у гарадскім пасёлку, 7775 – у аграгарадках і вёсках. На жаль, летась зарэгістраваны пэўныя негатыўныя моманты: рост агульнай смяротнасці (пайшлі з жыцця 326 чалавек супраць 301 у 2015-м) і зніжэнне нараджальнасці.

Высокая смяротнасць – працэс для Ушаччыны натуральны, паколькі 34,7 працэнта насельніцтва, ці 4792 чалавекі – пенсіянеры. Зрэшты, 980 з іх (ці 8,5 працэнта ад усяго дарослага насельніцтва) – старэйшыя за 80 гадоў, 1207 чалавек маюць узрост ад 70 да 79, 1858 – ад 60 да 69.

Кадры  вырашаюць усё

Сёння аб здароўі жыхароў Ушаччыны клапоцяцца 29 урачоў (адзін мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 9 – першую) і 144 медыцынскія работнікі сярэдняга звяна. Праблема забяспечанасці кадрамі застаецца актуальнай: зараз ЦРБ неабходны стаматолаг, педыятр, кардыёлаг, эндакрынолаг, псіхіятр-нарколаг, хірург, анколаг, акушэр-гінеколаг, дэрматавенеролаг, тэрапеўт, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, урач функцыянальнай дыягностыкі, урач агульнай практыкі, неўролаг, псіхатэрапеўт, урач лабараторнай дыягностыкі, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце, а таксама фельчары і медыцынскія сёстры.

Радуе тое, што ўжо сёлета ў наш раён прыедуць 9 маладых спецыялістаў з медыцынскай адукацыяй.

На шляху мадэрнізацыі

Абсталяванне і медыцынская тэхніка, якія знаходзяцца на балансе Ушацкай ЦРБ, праходзяць штогадовую паверку. Тыя ж, якія адслужылі сваё, падлягаюць замене. У 2016 годзе за бюджэтныя сродкі закуплены новыя прылады медыцынскага прызначэння на суму 13649 рублёў, мэбля для клініка-дыягнастычнай лабараторыі, аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі і прыёмнага аддзялення – на суму 17084 рублёў, абсталяванне для харчаблоку – 7164. Несумненна, павінна палепшыць якасць абслугоўвання пацыентаў набыццё новага эндаскапічнага абсталявання і ультрагукавога стацыянарнага інгалятара. У пэўным сэнсе “мадэрнізаваліся” і аўтамашыны ЦРБ – усе яны абсталяваны сучаснымі навігатарамі, якія дазваляюць дакладна адсочваць маршруты і час знаходжання транспартнага сродку на шляху да пацыентаў.

Будынку цэнтральнай раённай бальніцы ўжо больш за 40 гадоў. Між тым, паверыць у гэта няпроста: настолькі прывабна выглядаюць памяшканні. Летась за сродкі раённага бюджэту адрамантаваны прыёмны пакой і клінічная лабараторыя, крыло тэрапеўтычнага аддзялення і памяшканне аддзялення хуткай дапамогі – на усё гэта пайшло каля 229 тысяч рублёў. Намаганнямі гаспадарчай групы ўстановы новы выгляд займела актавая зала, адрамантаваны лесвічныя пралёты.

З напрацоўкамі – у год наступны

Падводзячы вынікі работы, С.А.Маісееў спыніўся і на асноўных задачах на бягучы год. У іх ліку – развіццё пярвічнай медыка-санітарнай дапамогі, паляпшэнне якасці прафілактычных аглядаў, дыспансерызацыя працаздольнага насельніцтва, рэалізацыя дзяржаўных і галіновых праграм, далейшая работа па ўкараненні сацыяльных стандартаў, павышэнне эфектыўнасці мер, накіраваных на фарміраванне здаровага ладу жыцця і інш.

Меншага аб’ёму работы пажадаў медыкам Ушаччыны старшыня райвыканкама В.В.Родзіч. Галоўнымі яе напрамкамі ён лічыць узмацненне прафілактыкі хвароб і павышэнне ўвагі да кожнага чалавека. Нязменнай жа Віктар Віктаравіч назваў упэўненасць у прафесіяналізме персаналу ЦРБ, яго вопытнасці і адказным стаўленні да службовых абавязкаў.

За шматгадовую добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання насельніцтва Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджана намеснік галоўнага ўрача Вольга Аляксееўна Шэўчанка. Правізар Ушацкай ЦРБ Таццяна Мікалаеўна Падворная, старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Марына Генадзьеўна Харэвіч, а таксама повар Таццяна Уладзіміраўна Карабань па выніках работы за 2016 год адзначаны Ганаровымі граматамі ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама.

У тым, што з такім персаналам 2017 год стане для сістэмы аховы здароўя Ушаччыны чарговай прыступкай да ўдасканальвання, сумнявацца не даводзіцца.

Ахова мацярынства і дзяцінства

… з’яўляецца прыярытэтным накірункам у дзейнасці ўшацкіх медыкаў. На працягу апошніх гадоў у раёне назіраецца нізкі працэнт заўчасных родаў. Выпадкаў перынатальнай смяротнасці і мёртванараджэння летась у нас, на шчасце, не было.

Усё дзіцячае насельніцтва агледжана на 100 працэнтаў. Поўнасцю здаровымі (першая група здароўя) аказаліся 29,5 працэнта юных ушачан. Мелі фактар рызыкі (другая група) 52,6 працэнта. Трэцяя група здароўя – у 15,8 працэнта хлопчыкаў і дзяўчынак, чацвёртая – у 2,1.

Беражыце сябе

На першым месцы сярод прычын смяротнасці ў раёне, як і па краіне, па-ранейшаму застаюцца сардэчна-сасудзістыя захворванні – за мінулы год з-за іх пайшлі з жыцця 142 жыхары Ушаччыны (43,6 працэнта ад усіх памерлых). На другім месцы – старасць (99 чалавек), на трэцім – новаўтварэнні (30). Некалькі слоў пра апошнія. Усяго ў раёне летась яны выяўлены ў 79 чалавек, прычым, у 17 выпадках фіксавалася ўжо 3 або 4 стадыі захворвання. Змянілася і лакалізацыя анкалагічных утварэнняў: з 7 запушчаных форм у 3 выпадках пацярпела глотка, у 2 – поласць роту і толькі па 1 – прамая кішка і малочная залоза.

Хвалюючай тэндэнцыяй апошняга часу становіцца павелічэнне колькасці памерлых ад знешніх прычын – летась на Ушаччыне зарэгістравана ажно 29 такіх фактаў. Так, ад атручвання алкаголем не стала 7 чалавек, ад пераахалоджвання, ДТЗ і траўматычнага кровазліцця – па 2, былі таксама факты патаплення, падзення з вышыні, атручвання вокісам вугляроду і інш. Большасць з пацярпелых – людзі працаздольнага ўзросту.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *