Порадует ли будущий урожай, зависит от семенного материала. Как подготовились хозяйства Ушачского района к посевной кампании?

Сельское хозяйство

Зусім хутка рокат трактароў абвясціць аб пачатку пасяўной кампаніі. Яе працягласць, мабыць, у большай ступені будзе залежыць ад падрыхтаванасці тэхнікі, а вось ці парадуе жніво – пераважна ад якасці насення і догляду за пасевамі. Пра тое, як сельгаспрадпрыемствы назапасілі насенне, пратручальнікі і гербіцыды, як азімыя культуры перанеслі маразы – наша гутарка з начальнікам раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Г.М.КАШКО.

– Галіна Мікалаеўна, як гаспадаркі Ушаччыны забяспечаны насеннем яравых культур і ці ўсё яно кандыцыйнае?

– Пад поўную патрэбу. Больш таго, пры плане засыпкі 1452 тоны ў сховішчах маецца 1772 тоны зерня. Пры праверцы высветлілася, што насенне кандыцыйнае на 99 працэнтаў. Адзін працэнт у ААТ “Агра-Селішча”, “Дземенец”, КУСГП “Арэхаўна” і “Кублічы” не адпавядае патрабаванням па чысціні і ўсходжасці і будзе заменены на якаснае насенне.

– Ці такое ж аптымістычнае становішча па рэпрадукцыйнасці? Ці будзе эліта для абнаўлення насеннага фонду?

– Увесь пасяўны фонд складаецца з насення першай-трэцяй рэпрадукцый. Можна сеяць і трэцяй, але па магчымасці будзем імкнуцца замяніць яе на больш высокія і абнаўляць сарты. Для нашага раёна зарэзервавана 120 тон эліты сартоў, якія раяніраваны ў Беларусі.

– У розных гаспадарках становішча з насеннем не аднолькавае?

– Так, больш патрэбнага закладзена ў КУСГП “Вялікадолецкае”, ААТ “Ілью­шынскі”, “Дземенец”. На жаль, у апошняй гаспадарцы аказаўся некандыцыйным ячмень, на які разлічвалі, аднак насення, паўтаруся, хапае. Рознае ў сельгаспрадпрыемствах фінансавае становішча, а таму і магчымасці набыць эліту, замяніць насенне нізкіх рэпрадукцый на больш высокія, укласціся ў тэрміны. “Агра-Селішча”, напрыклад, самастойна шукае крыніцы замены некандыцыйнага насення, “Вялікадолецкае” ў стане аплаціць за пратручальнікі, а большасці гаспадарак давядзецца шукаць фірмы, якія адпускаюць насенне, сродкі аховы раслін з адтэрміноўкай плацяжу. Заўсёды завозіць нешта новае, эксперыментуе “Дземенец”.

– Сёлета ранняя вясна, зусім няма снегу і можна гаварыць аб тым, як перазімавалі азімыя?

– Пакуль не магу сказаць дакладна па ўсіх гаспадарках, аднак гібель азімых сёлета ў дапушчальных межах – да 10 працэнтаў: на вымачках, а таксама на тых палях, якія засяваліся пасля зыходу аптымальных тэрмінаў. Там, дзе яны не былі ўпушчаны, парасткі не пацярпелі ад халадоў і пачаўся перыяд вегетацыі. Пасля абследавання “Ільюшынскага”, “Вялікадолецкага” і “Агра-Селішча” магу сказаць, што становішча з азімымі там добрае.

– Пачаўся рост усходаў і, зразумела, патрэбны догляд. Ці хапае гербіцыдаў для праполкі азімых?

– Вядуцца работы па пошуку пастаўшчыкоў, перамовы па ўмовах аплаты. Хоць вольных сродкаў нямнога ці наогул няма, палоць, як і падкормліваць, апрацоўваць ад шкоднікаў, зразумела, неабходна – трэба мець на ўвазе, што ўжо нямала ўкладзена ў паліва, пратручальнікі, рамонт машын, аплату хлебаробам, на насенне ўрэшце рэшт. І каб яны не аказаліся выкінутымі, тэхналогію трэба захаваць да канчатковага этапу догляду.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *