На Ушачском предприятии мелиоративных систем делают ставку на молодёжь

Образование и молодежь

Штогод “працоўны канвеер” папаўняюць тысячы маладых спецыялістаў. Нехта вяртаецца працаваць на сваю малую радзіму, некаторыя па размеркаванні прыязджаюць у іншую мясцовасць. Далейшы ж лёс навічка ў многім залежыць ад таго, як на прадпрыемстве наладжана работа з маладымі спецыялістамі, наколькі спрыяльнымі будуць для іх умовы знаходжання на новым месцы.

Ва Ушацкім ПМС праблем з гэтым ніколі не было. Спецыяльны комплекс мер па замацаванні моладзі на рабочых месцах дае свой плён. Зараз на прадпрыемстве налічваецца 15 чалавек ва ўзросце да 31 года, а гэта амаль 20 працэнтаў ад агульнай колькасці работнікаў.

Як нам расказала спецыяліст па кадрах Вольга Віктараўна Анкудовіч, у практыку ўведзена сістэма настаўніцтва, калі за маладымі спецыялістамі замацоўваюцца высокакваліфікаваныя работнікі. Гэта садзейнічае прафесійнаму станаўленню, дапамагае адаптавацца да новай дзейнасці. З мэтай далейшай перспектывы вывучаецца патэнцыял навічкоў, ім даручаюцца адказныя справы. Зрэшты, упэўніцца ў апошнім мы мелі магчымасць падчас нядаўняга візіту ва Ушацкае ПМС.

“Азнаямляльная экскурсія” пачалася з кабінета інжынера вытворча-тэхнічнага аддзела. Менавіта ад яго залежаць своечасовае і правільнае афармленне дарожных лістоў, кантроль за расходам паліва, налічэнне заработнай платы вадзіцелям транспартных сродкаў, вартаўнікам і многае іншае. З гэтымі задачамі паспяхова спраўляецца наш малады зямляк Ягор Полазаў. Ён з дзяцінства марыў па прыкладзе бацькі аб тэхнічнай спецыяльнасці – Ягор Ягоравіч Полазаў-старэйшы ўсё жыццё адпрацаваў інжынерам-механікам на прамкамбінаце. А таму пасля заканчэння Ушацкай школы хлопец паступіў у Лепельскі аграрна-тэхналагічны каледж, па размеркаванні вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся механікам у ААТ “Агра-Селішча”. Вось толькі надоўга там не затрымаўся – вырашыў павысіць якасць сваіх ведаў і паступіў на вочнае аддзяленне Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. А летась – ужо з вышэйшай адукацыяй – вярнуўся ва Ушачы і працаўладкаваўся ў ПМС механікам участка. Скрупулёзнасць Ягора, адказнае стаўленне да даручанай справы не засталіся незаўважанымі – і ў хуткім часе маладому чалавеку даверылі пасаду інжынера ВТА.

Пашчасціла нам у гэты дзень сустрэцца з яшчэ адным маладым прадстаўніком “інжынернай” прафесіі Аляксеем Баранавым. Ва Ушацкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм ура­джэнец Лепеля трапіў, можна сказаць, выпадкова. Пасля заканчэння Лепельскага аграрна-тэхналагічнага каледжа хлопца размеркавалі ў Міёрскі раён, дзе на тутэйшым ПМС адразу прызначылі намеснікам дырэктара. Аднак пасля службы ў арміі не стаў туды вяртацца – паслухаў сэрца і прыехаў ва Ушачы, дзе жыла каханая. Так, тры гады таму Аляксей стаў майстрам нашага ПМС, а пазней – інжынерам па дзяржаўным уліку. Афармленне дакументацыі па ўсіх аб’ектах, што знаходзяцца на балансе прадпрыемства, – яго рук справа. У летні перыяд малады чалавек умудраецца яшчэ выконваць абавязкі майстра. Паспявае ён і завочна вучыцца на геадэзічным факультэце Полацкага дзяржуніверсітэта (дарэчы, аплачвае навучанне прадпрыемства). А яшчэ Аляксей – добры муж і тата ўжо дваіх дзе­так. Варта адзначыць, што і яго жонка – наша зямлячка Крысціна Баранава (Маковіч) – таксама працуе ў ПМС, праўда, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

І гэта не адзіная пара, якую з’яднала прадпрыемства меліярацыйных сістэм! Свае адносіны ўзаконілі таксама ўшачане Яўген і Вікторыя Бурылавы, у якіх не так даўно з’явіўся сыночак. А пакуль маладая мама знаходзіцца ў “дэкрэтным”, тата, які працуе майстрам, дбае пра дабрабыт сям’і.

Будучыня – за маладымі, упэўнены ў ПМС. Напэўна, таму тут робіцца ўсё, каб яны мелі магчымасць быць пачутымі, рэалізавалі сябе і прыносілі карысць свайму прадпрыемству і Ушаччыне.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *