Директор УП ЖКХ Ушачского района в числе лучших руководителей области

К профессиональному празднику

Да прафесійных святаў часцей за ўсё пішам пра людзей рабочых прафесій, ветэранаў са стажам. Станіслаў Браніслававіч Завадскі да іх не адносіцца: кіраўнік, ды і ўзначальвае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі толькі тры гады. Аднак нагода намаляваць партрэт маладога дырэктара адной з самых буйных арганізацый раёна таго вартая – С.Б.Завадскі трапіў у лік шаснаццаці лепшых кіраўнікоў вобласці.

–“Кашуля славы” не цісне?

– Гэта было для мяне поўнай нечаканасцю, даведаўся, можна сказаць, з газеты – калі людзі пачалі віншаваць, спасылаючыся на інфармацыю ў “Патрыёце”. А наогул я чалавек не публічны, адчуваю няўтульнасць пры павышанай цікавасці да сябе, розных узнагародах. Лічу, што вылучаць трэба простых рабочых і пісаць пра іх.

– Аднак падставы былі, напэўна, не толькі на ўзроўні раёна, дзе ўзначальваемае Вамі прадпрыемства другі год запар знаходзіцца на раённай Дошцы гонару, але і на абласным?

– Па шматлікіх паказчыках, па якіх ацэньваецца наша работа ў вобласці – мы ў верхняй частцы турнірнай табліцы. Адзін з самых паказальных – скаргі насельніцтва. У нас няма застарэлых праблем, з якімі б людзі выходзілі на вышэйстаячы ўзровень. Рэагуем на кожны зварот і робім літаральна ўсё, што ў нашых сілах і ў межах закона.

– Вы некабінетны кіраўнік, любіце самі высветліць прычыны скарг. Не давяраеце сваім спецыялістам?

– Мой прынцып – давярай, але правярай. Лічу, што кіраўнік павінен дасканала ведаць сваю гаспадарку, перш за ўсё – каб працаваць на перспектыву. Можна вырашаць бягучыя пытанні, аднак іх не стане меней, калі не будзеш глядзець на некалькі крокаў наперад. Тым больш у камунальнай гаспадарцы. Таму ў першы год сваёй працы падымаў пытанне з недахопам вады па гарпасёлку – гэта адбілася ў пераносе на першую чаргу будаўніцтва там водазаборнай свідравіны са станцыяй абезжалезвання. У вобласці ляжаць нашы абгрунтаваныя разлікі на мадэрнізацыю кацельні з устаноўкай новага катла. Каб штогод не траціцца на рамонт плоскіх дахаў, мяркуем замяніць іх на скатныя. На жаль, нашы задумы часта застаюцца нерэалізаванымі, паколькі бюджэт абмежаваны, а падобных праблем у раёнах вобласці хапае.

– Аднак Вы не баіцеся адстойваць сваю пазіцыю ні на абласным узроўні, ні на раённым.

– Мая задача вырашаць як пастаўленыя задачы, так і думаць пра эканамічны стан сваёй арганізацыі. Дарэчы, гэта ўзаемазвязаныя паняцці. Таму і праводзім аптымізацыю штату і зараз замест 330 чалавек тыя ж функцыі выконвае ўжо 276. Літаральна ва ўсіх напрамках дзейнасці шукаем больш эфектыўныя шляхі, напрыклад, замены калонак на водаправод у доме, каб скарачаць крадзяжы і затраты, і павышаць якасць жыцця людзей.

– Аптымізацыя – адзін з самых балючых працэсаў для людзей і няпростых для кіраўніка? Як спраўляецеся з гэтым.

– Добрым работнікам няма чаго хвалявацца, бо нават калі скарачаецца адзінка, ім прапаноўваецца іншая работа. Так было, напрыклад, пры спісанні смеццявоза – вадзіцель перасеў на іншую машыну. А вось з парушальнікамі дысцыпліны, выпівохамі і проста нядобрасумленнымі работнікамі развітваемся без жалю. І людзі даражаць сваім рабочым месцам.

– Як успрынялі прапанову ўзначаліць такую складаную сістэму і вялікі калектыў у 28 гадоў, як сустрэлі новага кіраўніка?

– Я не баюся ніякай работы. Тым больш што прыйшоў з сельскай гаспадаркі, дзе выхадныя – паняцце ўмоўнае. Ну а ўспрымалі мяне спачатку складана. Да чалавека, які спрабуе навесці свае парадкі, такія адносіны зразумелыя. Некалькі месяцаў працягваўся няпросты і для мяне, і для людзей перыяд ломкі стэрэатыпаў. Затое калі раней я выслухваў тысячы прычын, чаму нешта немагчыма зрабіць, то зараз мы абмяркоўваем, што патрэбна для выканання задачы.

– Вы кожную раніцу аб’язджаеце гарпасёлак, сочыце за парадкам, аднак з акна аўтамабіля складана заўважыць усе недахопы…

– Менавіта таму маё правіла – не толькі аб’язджаць, але і прахадзіць, прычым мяняючы маршруты. Таму ведаю праблемы не толькі таго мікрараёна, дзе жыву, а ўсіх. І, паверце, вельмі многае хочацца зрабіць. У нас ёсць няўтульныя дваровыя тэрыторыі, дрэнныя тратуары, хапае праблемных дарог, на раёне недасканалая якасць вады. Таму радуе, што сёлета нарэшце будуем станцыю абезжалезвання ў аграгарадку Арэхаўна. Не будзе праблем з падачай вады ў шматпавярхоўкі ва Ушачах пасля завяршэння будаўніцтва ФАКа. Многае робім, нават калі аб’екта няма ў планах, як тратуара па Савецкай. Мяркуем сёлета дакласці яго да паварота на яслі-сад №2. Ёсць задумы па добраўпарадкаванні двароў. Не хачу называць адрасы – лепш спачатку зробім.

– Ці ёсць на прыкмеце раённыя, цэнтры, на якія, лічыце, нам варта раўняцца.

– Не. Ушачы – прыгожы гарадок, непадобны на іншыя. Ну а асобныя элементы, зразумела, можна было б пераняць, былі б сродкі.

– Якія Вашы патрабаванні да кадраў. Што перш за ўсё цэніце ў работніках.

– Ініцыятыву і адказнасць. А таксама прысутнасць каманднага духу. Таму задаволены, што ў калектыў уліваецца такая адказная моладзь як начальнік водаправодных і каналізацыйных сістэм Руслан Селезень, тэхнік-энергетык Віктар Шыркевіч. Мы адвучылі і ў выніку атрымалі высакакласных зваршчыкаў Вадзіма Лявоненку і Міхаіла Захарэнку. Адказна выконваюць вялікі аб’ём работ галоўны эканаміст Таццяна Мікалаеўна Дзюкарава, юрысконсульт Валянціна Эдуардаўна Анкудовіч, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Анжэла Джонаўна Хахлова. Сёлета мы право­дзім на заслужаны адпачынак нашага бяззменнага галоўнага бухгалтара Людмілу Васільеўну Губанкову, якая да прафесійнага свята ўзнагароджана Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Граматамі ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама адзначаны машыніст кацельнай Сяргей Генадзьевіч Філімонаў і намеснік галоўнага бухгалтара Наталля Іванаўна Маслюк. Літаральна ўсе члены калектыву да прафесійнага свята атрымаюць прэміі.

– Як плануеце ўласныя выхадныя? Што любіце рабіць у вольны час?

– Ніяк не планую, паколькі планы вельмі часта рушацца. Гэта выпрацавалася яшчэ падчас работы ў сельскагаспадарчай галіне, а камунальная мала чым адрозніваецца ў плане складанасці. Таму рады любому адпачынку, а сярод хобі магу назваць паляванне.

– Вашы пажаданні нашым чытачам.

– Быць разам з намі гаспадарамі ў двары, на вуліцы, у доме. Цаніць працу камунальнікаў і тое, што маем.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *