Берегите зубы!

Здравоохранение

Асноўныя стаматалагічныя захворванні: карыес і парадантыт. Праблемы з зубамі маюць 99,8 працэнта беларусаў. Прычым, ва ўзроставай групе 35-44 гадоў гэты паказчык складае 100 працэнтаў.

Карыес – гэта захворванне зубоў, якое суправаджаецца разбурэннем спачатку знешняга, самага цвёрдага пласта зуба – зубной эмалі, а потым унутранага – дэнціну. У зубе ўтвараецца карыёзная поласць, а захворванне пераходзіць ва ўскладненую форму – пульпіт, што суправаджаецца вострым болем. Калі яго своечасова не вылечыць, развіваецца перыядантыт – запаленне тканін вакол кораня зуба. У выпадку далейшага руху інфекцыі ўглыб магчыма развіццё вострага запалення касцяной і мяккіх тканак – перыястыт. Гэтае ўскладненне нясе пагрозу жыццю чалавека.

Захворванні парадонту (паражэнне апорных структур зуба) суправаджаюцца запаленнем тканак дзясны і сківіцы. Цяжкая форма парадантыту, якая прыводзіць да расхіствання і выпадзення зубоў, называецца парадантозам.

Фактарамі рызыкі ўзнікнення названых захворванняў з’яўляюцца: зубны камень; дэфектныя пломбы, няправільна зробленыя каронкі і дэталі пратэзаў, якія траўміруюць дзясну; няправільны прыкус; парушэнне балансу вітамінаў, якія ўплываюць на структуру тканак ротавай поласці; парушэнне мінеральнага абмену; агульныя захворванні і станы, што характарызуюцца парушэннем харчавання тканак і мікрацыркуляцыі крыві (цукровы дыябет, хваробы крыві, стан пасля прамянёвай і хіміятэрапіі, прыёму гарманальных прэпаратаў і інш.); спадчынная схільнасць.

Асноўнымі накірункамі прафілактыкі захворванняў поласці роту з’яўляюцца рацыянальнае харчаванне, належная гігіена, ужыванне прэпаратаў, якія ўтрымліваюць фтор. Варта зменшыць колькасць прамежкавых прыёмаў ежы, спажыванне салодкіх сокаў і газіраваных напояў; абмежаваць прыём ласункаў; імкнуцца пачысціць зубы пасля кожнага прыёму ежы ці, у крайнім выпадку, прапаласнуць поласць роту; выключыць салодкае і кіслае пасля чысткі зубоў перад сном; выкарыстоўваць у меню прамежкавых прыёмаў ежы шчолачныя прадукты (сыр, малако, салаты); выкарыстоўваць жавальную гумку без утрымання цукру.

Папярэдзіць узнікненне карыесу і хвароб парадонту дапаможа правільная гігіена поласці роту. Для якаснага выдалення зубнога налёту выкарыстоўваюцца спецыяльныя сродкі: гігіенічныя і лячэбныя – зубныя паста, гель, эліксір, аэразоль, жавальная гумка, гігіенічныя таблеткі, растворы; а таксама механічныя – зубныя шчотка, нітка, масажоры, ірыгатары, зубачысткі.

Нават калі ад прыроды вашы зубы прыгожыя і здаровыя, бываюць моманты, калі без стаматалагічнай дапамогі не абысціся. Каб пазбегнуць праблем з захворваннем дзёснаў і зубным болем, варта не толькі ведаць, але і выкарыстоўваць у сваім жыцці простае правіла: хаця б раз у паўгода праходзіць прафілактычны агляд ва ўрача-стаматолага.

А.ЗВАНКОЎ, урач хірург-стаматолаг Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *