Почти три тысячи ушачан сделали прививки от гриппа

Здравоохранение

Непрадказальны грып

Штогод эпідэмія грыпу паражае вялікую колькасць людзей. Гэта віруснае захворванне небяспечна перш за ўсё сваімі ўскладненнямі. Калі чалавек пераносіць яго на нагах, то пазбавіўшыся з цягам часу ад інфекцыі, ён можа нажыць такія хранічныя захворванні, як бранхіяльная астма і бранхіт, атыт, а таксама атрымаць ускладненні на сэрца, ныркі, лёгкія. Ніякія народныя сродкі не засцерагуць вас у поўнай меры ад вірусу, таму самая дзейсная прафілактыка супраць грыпу толькі адна: вакцынацыя.

У Беларусі на працягу некалькіх гадоў не назіраецца вялікай эпідэміі, паколькі толькі за сродкі бюджэту прышчэпліваецца 40 працэнтаў насельніцтва, столькі ж плануецца правакцынаваць сёлета і ва Ушацкім раёне. Незахварэўшы чалавек не можа заразіць тых, хто знаходзіцца побач. А паколькі імунітэт пасля прышчэпкі выпрацоўваецца ад 2 тыдняў да 2 месяцаў, варта зрабіць гэта зараз, звярнуўшыся да медыкаў. Адзінае супрацьпаказанне – наяўнасць прастудных захворванняў.

На цяперашні час вакцынацыю прайшло 2818 чалавек. Расійскі прэпарат Грыппол Плюс-Петравакфарм прымяняецца ўнутрымышачна.

Не цяніце, звяртайцеся ў паліклініку або бальніцы сястрынскага догляду.

А.КАРНЮХІНА, урач-эпідэміёлаг.

Да пачатку эпідэміі

Каб адказаць на самыя распаўсюджаныя пытанні нашых чытачоў, звязаныя з грыпам, і падказаць, у які час зручней зрабіць прышчэпку, мы звярнуліся да намесніка галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Наталіі Васільеўны Дрозд.

Сімптомы:

Развіваецца нечакана, адразу падымаецца высокая тэмпература – 39-40 градусаў. Паколькі з-за вірусу адбываецца інтаксікацыя ўсяго арганізма, то захворванне суправаджаецца ламотай у суставах і болем у мышцах. І толькі пазней з’яўляецца насмарк, кашаль. Пры іншых вірусных захворваннях наадварот: спачатку надакучвае кашаль, насмарк, ацёк горла, а на іх фоне павышаецца тэмпература.

Група рызыкі

Грып небяспечны сваімі ўскладненнямі, таму абавязкова трэба прывівацца людзям з аслабленай імуннай сістэмай, да якіх адносяцца:

дзеці да пяці гадоў, пенсіянеры старэй 60; цяжарныя жанчыны; тыя, хто мае хранічныя захворванні; усе катэгорыі работнікаў, якія працуюць сярод людзей: прадаўцы, вадзіцелі аўтобусаў, настаўнікі, выхавацелі і іншыя.

Вакцына адна – штамаў многа

Часта людзі не прывіваюцца, маўляў немагчыма прадказаць, які сёлета будзе штам. Так, вірусы грыпу пастаянна муціруюць, таму немагчыма прадказаць, якім ён будзе. Аднак, прышчэпка выпрацоўвае супрацьвірусны імунітэт, таму вы ў любым выпадку сустрэнеце вірус узброенымі і ці не захварэеце зусім, ці ў больш лёгкай форме.

Як прывіцца без чаргі?

Раім звяртацца як да тэрапеўтаў або педыятраў (лепш у пасляабедзенны час, калі ў паліклініцы менш наведвальнікаў), так і непасрэдна ў працэдурны кабінет (нумар 53, час работы з 8 да 17).

Тэрапеўты працуюць па графіку, прычым некаторыя з іх – да 20 гадзін вечара.

Пенсіянеры старэй 60 гадоў могуць выклікаць спецыялістаў для вакцынацыі на дом. Варта патэлефанаваць свайму ўчастковаму тэрапеўту праз рэгістратуру (2-71-57).

Чаго не варта рабіць
Збіваць тэмпературу, паколькі гэта нармальная рэакцыя арганізма, які сам спрабуе справіцца з вірусам. Гарачкапаніжальныя прэпараты трэба прымаць толькі ў тым выпадку, калі яна паднялася вышэй за 38,5 градуса.
Прымаць антыбіётыкі, якія дапамагаюць толькі пры бактэрыяльных інфекцыях. Вірус грыпу яны не лечаць. Наадварот, бескантрольны прыём антыбіётыкаў падрывае імунітэт арганізма і перашкаджае яму змагацца з інфекцыяй. Акрамя таго, яны згубна ўплываюць на мікрафлору кішэчніка.
Хутаць хворага ў цёплую вопратку і трымаць у цёплым памяшканні. Менавіта ў такім асяроддзі лепш за ўсё сябе адчуваюць вірусы. Пакой, дзе знаходзіцца хворы, абавязкова трэба праветрываць, гэта з’яўляецца і прафілактыкай грыпу.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *