В Ушачах уже проведено 70 тестов на коронавирус, из них только один был положительным

Здравоохранение

У Беларусі на 7 красавіка – каля 850 выпадкаў заражэння CОVID-19. На Ушаччыне біялагічны матэрыял для лабараторнага даследавання на каранавірус браўся 70 разоў. У 69 выпадках тэсты аказаліся адмоўнымі. Адзіны пацыент, у якога пацверджаны факт інфіцыравання, ідзе на папраўку.

Санслужба не дрэмле

Тым часам пра захаванне мер, здольных засцерагчы ад заражэння, дбаюць спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача П.А.Саўчанкі штодзень работнікі службы наведваюць з кантрольна-нагляднымі мерапрыемствамі месцы масавага знаходжання людзей, прадпрыемствы і арганізацыі. Так, на мінулым тыдні абследаваны гандлёвыя кропкі на рынку гарпасёлка, памяшканні Ушацкай школы, цэнтра дзяцей і моладзі, у якіх ладзіліся заняткі лагераў, каля дзясятка працоўных калектываў. Што не можа не радаваць, парушэнняў не выяўлена – усюды меліся дэзінфіцыруючыя і ахоўныя сродкі, якасць апрацоўкі памяшканняў была на належным узроўні.

У інтарэсах сталых

З мэтай паляпшэння якасці жыцця прадстаўнікоў старэйшага пакалення ў перыяд самаізаляцыі Віцебскі дзяржаўны медуніверсітэт сумесна з Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама рэалізуе адмысловы міждысцыплінарны праект. Штодня супрацоўнікі кафедры медыцынскай рэабілітацыі і фізічнай культуры, спартыўнага клуба па графіку праводзяць ан-лайн работу з пажылымі грамадзянамі. З панядзелка па пятніцу ў 9.00-9.30,10.00-10.30,11.00-11.30,12.00-12.30,13.00-13.30,14.00-14.30,15.00-15.30 па нумары (8-029) 712-79-47 ушачанам адкажа выкладчык універсітэта Дзмітрый Аляксандравіч Прахарэнка. Таксама па панядзелках з 14.00 да 15.00 па тэлефоне (8-033) 675-49-57 ушачан пракансультуе ўрач-неўролаг, рэабілітолаг Ала Анатольеўна Валуй (можна скарыстацца і скайпам med.reabilitacia-VSMU), па аўторках, серадах і чацвяргах з 10.00 да 13.00 па нумары (8-0212) 29-73-38 Уладзімір Яўгенавіч Румо – урач-кардыёлаг, кандыдат медыцынскіх навук; па панядзелках, серадах і пятніцах з 9.00 да 12.40, па аўторках і чацвяргах з 11.00 да 14.40 – Ала Генрыхаўна Мікалаева, урач-тэрапеўт, баратэрапеўт, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт па тэлефоне: (8-0212) 26-58-37.

Знайсці кантактныя даныя іншых спецыялістаў, задзейнічаных у праекце, можна на сайце ТЦСАН Ушацкага раёна.

У ан-лайн рэжыме

У перыяд адменены культурна-масавых мерапрыемстваў, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі арганізуе навучальную, забаўляльную работу ў інтэрнэт-прасторы. На бягучым тыдні Віцебскі абкам грамадскага аб’яднання ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”даў старт анлайн-віктарынам “Знаниум”. Як нам расказала маладзёжны лідар раёна Дзіяна Калбасава, паўдзельнічаць у іх могуць усе жадаючыя незалежна ад узросту і месца пражывання. Тэмы віктарыны пастаянна мяняюцца.

Акрамя таго ў бліжэйшыя некалькі дзён на старонцы саюза моладзі ў “Instagram” будуць праходзіць адукацыйныя вебінары. Так, 9 красавіка дырэктар Віцебскага абласнога музея імя М.Шмырова раскажа аб пошуку і ўвекавечанні загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, а 11 красавіка спікерам стане старшыня Калінінградскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі Расійскага саюза моладзі, тэма выступлення – эмацыянальны інтэлект.

Застаньцеся дома!

З такім заклікам звяртаюцца да грамадзян ушацкія медыкі. Асабліва гэта датычыцца людзей сталага ўзросту, асоб з хранічнымі захворваннямі. Многія з іх напачатку бягучага тыдня масава рушылі ў паліклініку – проста каб праверыць здароўе.

– Рабіць так ні ў якім разе нельга! – сцвярджае намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Ушацкай ЦРБ Н.В.Дрозд. – Ва ўмовах напружанай эпідсітуацыі ўсім без выключэння трэба мінімізаваць знаходжанне па-за жыллём. У выпадку дрэннага самаадчування звяртайцеся ў “хуткую дапамогу” па нумары 103 ці рэгістратуру – 5-21-57. Калі ж трэба прайсці экстранную медкамісію, скажам, для накіравання ў санаторый, заплануйце яе на другую палову дня – у гэты час пацыентаў у паліклініцы нямнога.

Працягні руку дапамогі

Для барацьбы з каранавірусам у Віцебскай вобласці адкрыты дабрачынны рахунак. Грашовыя сродкі, што паступаюць на яго, будуць размяркоўвацца ў арганізацыі аховы здароўя для закупкі абсталявання для лабараторнай дыягностыкі COVID-19, дыягнастычных набораў, ахоўных сродкаў, лекавых прэпаратаў, а таксама на аказанне дапамогі хворым.

Рэквізіты рахунка: р/р BY74 MTBK 31320000000000000089, УНП 390477566, ЗАО “МТБанк” г.Мінск, БІК банка МТВК, атрымальнік плацяжу: ККУП “Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу”.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *