Крэпасці ўшацкага Паазер’я

Листая страницы истории

Як вядома, Інфлянцкая (Лівонская) вайна 1558-82 гадоў фактычна праходзіла на двух тэатрах баявых дзеянняў. Першым была непасрэдна Лівонія, другім – Полаччына. Захапіўшы у 1563 годзе Полацк, маскоўскае войска пачало наступаць на захад-паўночны захад з мэтай стварэння пераважна ва ўшацкім Паазер’і буфернай зоны, якая б гарантавала бяспеку полацкаму гарнізону. Ім удалося авалодаць некалькімі тагачаснымі ўмацаваннямі. Для прыкладу прыгадаю абарончы комплекс з трыма вежамі, што быў пабудаваны ў 1564 годзе ў маёнтку пана Рэута па загаду Жыгімонта-Аўгуста II і стаў вядомым пасля захопу рускім войскам як “городъ Красный”. А.М. Семянтоўскі (Белорусские древности, СПб., 1890г) прыгадвае фартэфікацыйнае збудаванне ў наваколлі вёскі Гомель: “…здђсь же упомянемъ только, что въ м. Гомелђ, въ 23 верстахъ отъ Полоцка и въ 54 отъ Лепеля, на лђвомъ берегу рђки Туровки, на крутомъ пригоркђ, было когда-то большое земляное укрђпление, построенное по повелђнию короля Сигизмунда-Августа. Отъ укрђпления этого осталась и по нынђ кой-какие слђды рва и вала…”.

Дадаткова войска І.Грознага заклала некалькі новых фартыфікацыйных збудаванняў. У манаграфіі “Переговоры о мире между Москвой и Польшей в 1581-82 гг.“ (Одесса, 1887 г.) прафесар А.І. Успенскі ў сувязі з падпісаннем Ям-Зпольскага мірнага пагаднення, спасылаючыся на архіўныя матэрыялы, прыгадвае значную колькасць населеных пунктаў нашага краю. Шмат з іх добра вядомыя, існуюць сёння ў тым ці іншым выглядзе, або прыгадваюцца ў гістарычных крыніцах. Аднак сустрэліся і такія, аб якіх я нічога не ведаў:

«…да полотцкаго жъ повђту города Лукомля с волостми, города Белмаковъ с волостми, города Ушачи, города Лебедка, да полотцкихъ волостей…, да городища Кречета, что на озерђ на Отуловђ на Кугони…»
Спачатку неабходна ўдакладніць, што слова “горад” у дакументах тых часоў мела ў першую чаргу сэнс “умацаванне”, “фартэфікацыйнае збудаваньне”, а ўжо толькі потым – “места” ці “мястэчка”. Гэткім чынам мы маем задакументаваную інфармацыю аб абарончым комплексе пад назвай Лябедка, што невядома дзе размяшчалася, а таксама аб крэпасці Крэчат, пабудаванай на возеры Оталава ў наваколлі вёскі Кугоні. У дыпламатычных дакументах, што тычацца зносін Расіі з Вялікім княствам Літоўскім за 1560-71 гады знайшлася чарговая прыгадка: “…города Лебедя, что на озерђ Тетчђ…”

На жаль, пакуль немагчыма дакладна вызначыць лакалізацыю крэпасці Лебедзь(Лябедка). З высокай верагоднасцю яна магла знаходзіцца на паўвостраве возера Павульскага (Цётчы) ля вёскі Гарадок. У першую чаргу таму, што гэтакія назвы населеным пунктам абы з чаго не надаюцца. Слова “гарадок” паходзіць ад “гарадзіць, гародня”. А фартэфікацыйныя пабудовы ў Паазер’і ў часы Інфлянцкай вайны менавіта гарадзілі. Пераважная большасць іх уяўляла сабой драўляныя зрубы з земляной засыпкай, абкладзеныя звонку дзёрнам. Зрэдку для ўмацавання найбольш адказных частак выкарыстоўвалі камень і цэглу. На месцы сённяшняй вёсачкі ці недзе побач раней і знаходзілася гэткая пабудова абарончага прызначэння. Нельга аднак выключаць і тую верагоднасць, што Лябедка была закладзеная на перашыйку паміж Павульскім і Бярозаўскім возерам, дзе зараз вёска Цётча. Альбо у трохкутніку паміж Павульскім, Вяркудскім ды Чарсцвяцкім азёрамі – таксама неблагое месца ў абарончым плане.

У 1569 годзе гетман літоўскі Раман Сангушка паведаміў каралю Жыгімонту-Аўгусту II аб штурме, захопе і знішчэнні абарончага збудавання Цётча, якое знаходзілася на шляху ад Туроўлі да Полацка. Верагодна, тут мелася на ўвазе менавіта Лябедка. Аднак не выключана, што размова ішла аб фартэцыі ля вёскі Гомель, рэшткі якой прыгадваў А.М.Семянтоўскі, бо менавіта яна непасрэдна кантралявала дарогу з Туроўлі на Полацк.

Дзе дакладна знаходзілася крэпасць Крэчат, таксама невядома. У гістарычных крыніцах сустракаюцца пэўныя згадкі, па якіх аднак складана прывязацца да месца: “…сказали, что литовскіе люди, Жюкъ писаръ съ товарищи, на Копейской дорогђ на Кугонђ на Бђликовђ хотятъ городъ ставити…”, “…городъ будуетъ на Копейской дорогђ на Кугонђ на Бђликовђ, от Копья за пять верстъ…”

Прыгаданая у тэкстах “капейская дарога” з’яўлялася важным шляхам зносін для расійскіх гарнізонаў і звязвала крэпасць Кап’ё на возеры Суша з Туроўляй, а праз яе – з Полацкам. Яна праходзіла праз Красны на возеры Плюсна і, як высвятляецца, – праз вёску Кугоні, ля якой па загадзе гетмана Рамана Сангушкі пачалося будаўніцтва фартэцыі. Пэўную падказку дае ўдакладненне “на Бђликовђ”. Магчыма існуе сувязь з невялічкай вёсачкай Белякі, што зафіксаваная на карце трэцяй чвэрці XIX стагоддзя побач з Кугонямі. Тады лагічна будзе шукаць рэшткі крэпасці Крэчат у наваколлі возера Ліпна. З гiстарычных крынiц вядома, што полацкі гараднічы Францыск Жук не завяршыў справу. Пакiнутую фартэцыю дабудавалi рускія, размясцілі там свой гарнiзон і далі ўмацаванню назву – Крэчат.

Дакладная лакалізацыя – праблема нават для шырока вядомых гістарычных аб’ектаў. Так, дагэтуль не прыйшлі да агульнага меркавання наконт крэпасці Красны на возеры Плюсна, хоць існуе нават яе малюнак-схема С.Пахалавіцкага. Згодна яго ў 1579 годзе крэпасць Красны уяўляла сабой трохкутнік з чатырма вежамі. Месцілася яна паміж двух азёр, злучаных пратокай і маючых агульную назву – Цётча. Асабіста я прытрымліваюся меркавання, што мастак у дадзеным выпадку быў выключна дакладным. За некалькі стагоддзяў змянілася гідралогія, таму на месцы аднаго возера з’явілася два. У астатнім усё супадае практычна стопрацэнтна. Хіба што назва возера пераблытана.

Паступова у ходзе Лівонскай вайны вызначыўся пералом. Войска Стэфана Баторыя выцесніла рускія палкі з зямель Вялікага Княства Літоўскага. Вынікам асады, што доўжылася з 11 па 30 лістапада 1579 года, стала ўзяцце Полацка. 31 ліпеня 1579 года капітулявала крэпасць Красны, 4 верасня здаўся гарнізон у Туроўлі. Найбольш зацята трымаліся царскія стральцы ў Сушы – да 6 кастрычніка 1579 года. Мяркуючы па ўсім, фартэцыя Крэчат пала раней, аднак дакладныя дадзеныя аб гэтым адсутнічаюць.

“Город Белмаковъ“, дарэчы, таксама знайшоўся дзякуючы ўважліваму аналізу інфармацыі з “Пісцовых кнігаў XVI стагоддзя“. Стала зразумела, што прыгаданая крэпасць расзмяшчалася на ўсход ад Лукомля, там, дзе сёння знаходзяцца вёсачкі Замачак і Бельнякі. Зірнуўшы на карту, можна пераканацца, што фартыфікацыйная пабудова знаходзілася на ўмоўнай абарончай лініі, сфарміраванай воднай сістэмай азёраў. Невядома, як склаўся далейшы лёс крэпасці. Магчыма, яна зруйнавана Лівонскай вайной і больш не аднаўлялася. А магчыма, абарончая функцыя гэтай кропкі зышла да нуля і яна заняпала, пакінуўшы напамінам аб сабе назву вёскі Замачак, а Белмакаў трансфармаваўся ў Бельнякі.

М.ЧОБАТ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *