Одни «подтянули» качество, другие — снизили производство. На заседании Ушачского райисполкома рассматривали работу молочной отрасли за январь-март

Сельское хозяйство

Дзень жывёлавода на комплексе КУСГП “Глыбачаны” ў мінулую пятніцу прахо­дзіў нестандартна. Не было звычайнага падвядзення прамежкавых вынікаў, аналізу дзейнасці аператараў машыннага даення і спецыялістаў. Ды і само мерапрыемства праводзілася не ў памяшканні, а на вуліцы, пад промнямі красавіцкага сонца. Работнікі комплексу прымусілі крыху пачакаць галоўнага спецыяліста райнасенінспекцыі Мікалая Віктаравіча Азевіча і старшыню райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміра Мікалаевіча Кругліка, бо былі заняты важнай справай – разам са спецыялістамі райветстанцыі выганялі гурты жывёлы ў поле. “Там ім натуральна не будзе горш – каменціравалі свае дзеянні жывёлаводы, падыходзячы да прадстаўнікоў раённых службаў, – бо з нашымі кармамі…”.

Скардзіліся жывёлаводы прафсаюзнаму лідару не толькі на якасць кармоў, адсутнасць канцэнтратаў і, як вынік, невысокія надоі і заробкі. Галоўная прэтэнзія – адносіны з боку кіраўніцтва гаспадаркі, які, па словах работнікаў, не чуе людзей. У адрозненні ад дырэктара, да загадчыцы комплексу Т.Тараканавай прэтэнзій не было, але не яна вырашае пытанні, звязаныя з забеспячэннем кармамі, канцэнтратамі і ўмовамі працы. “Мы часцей вас бачым у гаспадарцы, чым дырэктара!”, – казалі асобныя работнікі М.В.Азевічу.

На актуальнасці правядзення такіх сустрэч засяроджваў увагу адказных асоб, замацаваных за гаспадаркамі, кіраўнік раёна В.В.Родзіч. На апошнім пасяджэнні райвыканкама якраз разглядалася пытанне работы малочнай галіны за студзень-сакавік бягучага года. “Не адсутнасць канцэнтратаў, а адсутнасць кантролю за ўтрыманнем, кармленнем і даеннем жывёлы – галоўныя прычыны падзення вытворчасці, – адзначыў Віктар Віктаравіч. – Пры захаванні тэхналогіі нават з тымі кармамі, якія маюцца, трохразовым даенні, не бяздумным расходзе канцэнтратаў, а накіраванні іх высокаўдойным каровам быў бы зусім іншы вынік”.

А так маем што маем. За першы квартал да ўзроўню мінулага года знізілася вытворчасць малака ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” – 68%, “Агра-Селішча” – 86%, КУСГП “Глыбачаны” – 59%, “Арэхаўна” – 77%. Сельскагаспадарчымі арганізацыямі атрымана 2191,4 тоны малака ці 87,5 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. Не дасягнуты мінулагодні ўзровень і па выніках сакавіка. Удой на карову атрыманы на 106 кілаграмаў менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.

За аналізуемы перыяд гаспадаркамі раёна на Лепельскі малочнакансервавы камбінат рэалізавана на 417,9 тоны малака менш мінулагодняга, за квартал таварнасць прадукцыі склала 79,5%, за сакавік – і таго горш – 76,6. Бачна заканамернасць, што лепшая таварнасць малака там, дзе і надоі вышэй: КУСГП “Вялікадолецкае” і ААТ “Дземенец” прадалі адпаведна 86,6 і 85,3 працэнта прадукцыі. Раённы паказчык псуюць “Арэхаўна” – 71,9%, “Глыбачаны” – 79,1%, “Рай­аграсэрвіс” – 72,1%, “Агра-Селішча” – 79,1%.

Не дацягвае да 80 % таварнасць малака і ў ААТ “Ільюшынскі”, гаспадарцы з самым буйным дойным статкам. Затое тут у адрозненні ад прыведзеных вышэй гаспадарак за апошні час падцягнулі якасць. Традыцыйна высокія паказчыкі ў вытворчасці “экстры” ў “Вялікадолецкім”, а “Дземенец” наогул усё малако здаў такім гатункам. Вельмі нізкая якасць прадукцыі ў “Глыбачанах” і “Арэхаўне”.

За першы квартал бягучага года ў насельніцтва закуплена толькі 2 галавы маладняку буйной рагатай жывёлы – мізэрны працэнт выканання задання, якое, між іншым, стаіць на кантролі ў кіраўніцтва вобласці.

Зразумела, што ўлічваючы такія паказчыкі, работа кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна была прызнана нездавальняючай. Пад асабістую адказнасць ім даручана забяспечыць штодзённы кантроль за выкананнем тэхналагічнага рэгламенту, набыццё камбікармоў і выкананне задання па закупе маладняку ў насельніцтва.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *