Чисто не там, где убирают, а там — где не мусорят! Рейд по улицах Ушач выявил некоторые слабые места

Благоустройство

У панядзелак разам з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаілам Аляксандравічам Шуком мы адправіліся ў рэйд па грамадскім сектары гарпасёлка. Трэба зазначыць, што літаральна два гады назад падчас такога ж выезду тэрыторыя абапал ракі ў межах Ушач выглядала куды менш прывабна. У тым, што зараз на аголенай пасля зыходу снегу зямлі, якая яшчэ не паспела буйна зазелянець, амаль не сустрэнеш несанкцыянаваных звалак, заслуга ў першую чаргу камунальнікаў. Яны ў папярэднія гады ўдарна папрацавалі на ўборцы прыбярэжнай паласы, стараюцца падтрымліваць парадак і зараз. Сваю лепту падчас суботнікаў унеслі і прадстаўнікі працоўных калектываў, неабыякавыя і добрасумленныя грамадзяне. Але, на жаль, не ўсе яшчэ такія законапаслухмяныя.

Аб тым, што супакойвацца рана, сведчыў сметнік у канцы вуліцы Усходняй, які зноў узнік на месцы ліквідаванага ў мінулым годзе. Адзінкавыя – за ўчасткамі прыватных домаўладанняў на вуліцах Каранеўскага, Полацкай. Некаторыя “замаскіраваныя” ў кустоўі. Але яно яшчэ не ўбранае лістотай і бытавыя адходы не асабліва хавае.

– Грамадзяне павінны ведаць, што пластык, поліэтыленавыя пакеты паліць нельга, для іх утылізацыі неабходна выкарыстоўваць кантэйнеры або адвозіць на гарадскі палігон у Лутава ці сельскія міні-палігоны, – расказвае па дарозе М.А.Шук. – Смецце расліннага паходжання знішчаць агнём можна, але толькі пры строгім захаванні правілаў пажарнай бяспекі – пра гэта неаднойчы пісалі.

Як паведаміў Міхаіл Аляксандравіч, за выкінутая па-за адведзенымі на гэта месцамі бытавыя адходы грамадзяніну пагражае штраф ад 5 да 20 базавых велічынь. Прычым, калі паспрабуюць як у апісаных вышэй выпадках схаваць адходы ў кустоўі – інспекцыя гэтага не ацэніць – таксама пакаранне да 20 базавых велічынь.

Зрэшты, “драконаўскія” метады інспекцыя прымяняе да нахабных і злосных парушальнікаў, большасці хапае і вуснага папярэджання – ля асобных домаўладанняў, дзе падчас мінулага рэйда было неахайна, гаспадары ўжо прыбралі.

Існуе і праблема ліквідацыі буйнагабарытнага смецця, адходаў будаўнічых матэрыялаў, якія грамадзяне ў лепшым выпадку пакідаюць ля кантэйнераў. Вясной камунальнікі размяшчалі прычэпы для збору такіх адходаў у дварах шматпавярховак, на розных вуліцах гарпасёлка. Вось толькі некаторыя гаспадары працягваюць утылізоўваць рэшткі будматэрыялаў і іншае смецце па “спрошчанай схеме”, як у канцы вуліцы Каранеўскага, дзе будуецца вялікі прыгожы дом. Па суседстве з ім – сапраўдныя могілкі адслужыўшых свой век аўтамабіляў і несанкцыянаваны міні-палігон, на якім сярод іншага смецця валяюцца і рэшткі старых аконных рам, а аканіцы дома пазіраюць на гэта новымі пластыкавымі…

І калі ў гэтым выпадку амаль не застаецца сумненняў у “паходжанні” смецця (як і на Кастрычніцкай, дзе гаспадар заверыў М.А.Шука, што ў хуткім часе прыбярэ рэшткі разабранага ля самай дарогі дома), то адшукаць былых уладальнікаў бляшанак, бутэлек і іншых бытавых адходаў уздоўж аўтадарог, дзе за дзень праходзяць сотні аўтамабіляў, у лясах і месцах масавага адпачынку вельмі складана. Усё гэта адцягвае работнікаў дарожнай і камунальнай службаў, лясной гаспадаркі ад іншых, больш актуальных і карысных спраў, патрабуе правядзення спецыяльных акцый і суботнікаў. Між тым, парадак любяць усе, таму давайце жыць згодна старой і мудрай ісціны: “Чыста не там, дзе прыбіраюць, а там – дзе не смецяць”.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *