73-ю годовщину прорыва вражеской блокады партизанами Полоцко-Лепельской зоны на Ушаччине отметили масштабным праздничным мероприятием

Общество

Завітаўшы ва Ушачы 5 мая, многія з гасцей раёна маглі б здзівіцца. Гарпасёлак яўна рыхтаваўся да свята. Але насамрэч ужо нямала жыхароў суседніх рэгіёнаў ведаюць, што для ўшачан гэта дата асаблівая ў шэрагу майскіх святаў – менавіта ў гэты дзень партызаны Полацка-Лепельскай зоны здзейснілі легендарны прарыў варожай блакады ля вёсак Паперына і Новае Сяло – адзін з самых яркіх подзвігаў у гісторыі народнага супраціўлення.

Аб тым што менавіта ў памяць аб гэтай падзеі на месцы, дзе брыгады выйшлі са смяротнага кола фашысцкага акружэння ў 1974 годзе быў створаны мемарыяльны комплекс, ведаюць напэўна ўсе ўшачане, якія прымалі самы актыўны ўдзел у рэканструкцыі мемарыяла, адкрытага ў абноўленым выглядзе 9 мая мінулага года. Але гераізм народных мсціўцаў партызанскай рэспублікі са сталіцай ва Ушачах дастойны шырокай увагі ўсіх жыхароў краіны. Спрыяе гэтаму і правядзенне мерапрыемстваў з прыцягненнем абласных і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, тым больш, што пасля рэканструкцыі мемарыял набыў новыя элементы, стаў яшчэ больш велічным і прыцягальным. Таму ініцыятыва раённых улад аб правядзенні маштабнага свята, прысвечанага 73-ай гадавіне прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны была падтрымана кіраўніцтвам Віцебшчыны.

Аб гэтым, а таксама пра тое, што правядзенне святкавання гадавіны на такім высокім узроўні плануецца зрабіць традыцыяй, казаў, вітаючы на ўрачыстым мітынгу ўшачан і гасцей раёна, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, які ўзначаліў дэлегацыю вобласці. На жаль, з-за неадкладных спраў не змаглі прыняць удзел у мерапрыемствах старшыня аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў, наш дэпутат у парламенце, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка.

Але высокіх гасцей хапала. На свята прыбылі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шаўчук, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пятровіч Пенін, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Аляксандравіч Даніловіч, кіраўнікі органаў улады суседніх Лепельскага і Бешанковіцкага раёнаў. У свяце, прысвечаным воінскай доблесці, самы актыўны ўдзел прынялі і вайскоўцы – у ганаровым прэзідыуме на адкрыцці мерапрыемстваў прысутнічалі генерал-маёр, камандуючы войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Вальфовіч і генерал-маёр, старшыня цэнтральнага савета рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Дабравольнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту” Іван Васільевіч Дырман.

ДТСААФ, якое сёлета святкуе свой 90-гадовы юбілей, выказала вялікае жаданне далучыцца да ўрачыстасці ва Ушачах і на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, бо заўсёды прымае актыўны ўдзел у справе ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны, не раз выступала арганізатарам аўтапрабегаў дарогамі вызваліцеляў. Вось і зараз у рамках ваенна-патрыятычнай акцыі “Нашчадкі Вялікай Перамогі” наш раён наведалі прадстаўнікі ўсіх арганізацыйных структур таварыства Віцебшчыны. У многім гэта стала магчымым дзякуючы арганізатарскім здольнасцям нашага земляка, старшыні Віцебскай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Васіля Васільевіча Корабава, які віншаваў на свяце землякоў. А ад імя кіраўніцтва раёна нашых гасцей на зямлі легендарнага прарыву вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка.

Больш пяці дзясяткаў транспартных сродкаў, упрыгожаных дзяржаўнай сімволікай і сцягамі сваіх рэгіёнаў, прадстаўнікоў байкерскага руху горача сустракалі на цэнтральнай плошчы ўшачане і лепельскія школьнікі. Навучэнцы з суседняга раёна таксама ўжо прымалі ўдзел ва ўрачыстасцях у нашым раёне, на мемарыяльным комплексе “Прарыў” і ўражанні ў іх засталіся незабыўныя. “Чакаем ад’езду на ваш помнік, хаця ўжо і бывалі там, – шчабяталі жвавыя хлопчыкі гадоў 12-13. – Настаўнікі казалі, што за год з’явілася шмат чаго новага, цікавага. Што – пакуль утойваюць, але, кажуць, не пашкадуем!”

Паглядзець жа было што і ва Ушачах. Нікога з гледачоў не пакінулі раўнадушнымі паказальныя заезды картынгістаў з Наваполацкай арганізацыйнай структуры ДТСААФ і мотакрасменаў з Сенненскай. Нават не верылася, што так па-майстэрску кіруюць на высокіх хуткасцях спартсмены, некаторым з якіх яшчэ не споўнілася і сямі гадоў. Ну а тыя, хто займаецца мотаспортам не першы год, наогул паказвалі вельмі складаныя прыёмы экстрэмальнага ваджэння. Яскравымі аказаліся і выступленні прадстаўнікоў Лепельшчыны. І калі музычнымі нумарамі і пастаноўкамі ў выкананні ваеннага і дзіцячага аркестраў ушачан асабліва не здзівіш, то з’яўленне на плошчы пад трэск аўтаматных чэргаў байцоў разведроты вайсковай часці 71327 выклікала шквал эмоцый юных гледачоў, якія пасля паказальных выступленняў вайскоўцаў за лічаныя хвіліны “падмялі” плошчу ад стрэляных гільзаў.

“Паказанае байцамі разведроты – зусім малая частка таго, што ўмеюць і якімі баявымі навыкамі валодаюць нашы Узброеныя Сілы”, – казаў падчас выступлення на “Прарыве” А.Р.Вальфовіч. – Наша армія надзейна стаіць на варце спакою беларусаў. Кіраўніцтва краіны і Узброеных Сіл пастаянна мацуюць іх баяздольнасць, каб ніхто не дапускаў думкі прыйсці на нашу зямлю з нядобрымі намерамі”. На мемарыяльны комплекс усе ўдзельнікі свята накіраваліся пасля завяршэння мерапрыемстваў ва Ушачах. Пасля канцэртных нумароў адбыўся ўрачысты мітынг, дзе выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта, які яшчэ раз нагадаў гасцям раёна аб подзвігу ветэранаў – салдатаў Перамогі, аб важкім укладзе партызан Полацка-Лепельскай зоны ў яе набліжэнні.

А пасля цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак усе прысутныя змаглі пабачыць, як гэта было. Нават ведаючы, што гэта не сапраўдны бой, а рэканструкцыя фрагменту прарыву блакады, станавілася не па сабе – настолькі рэалістычна і страшна выбухалі гранаты, ішлі ў атаку “партызаны” з ліку ўдзельнікаў Віцебскага абласнога грамадскага аб’яднання “Таварышы па зброі”, як сыходзіліся яны ў рукапашнай з “немцамі”, як пад разрывы снарадаў выходзілі з акружэння бежанцы. У ролі іх, дарэчы, выступілі члены працоўных калектываў Ушаччыны. І вельмі ўдала – аператар здымачнай брыгады  Першага нацыянальнага тэлеканала спачатку здзівіўся, як удалося прыцягнуць да рэканструкцыі столькі артыстаў, а потым не мог паверыць, што для большасці членаў “масоўкі” гэта быў “дэбют”.

Лепельскія хлапчукі, ды і ўсе ўдзельнікі мерапрыемства зноў засталіся нерасчараванымі. І не толькі рэканструкцыяй, а і фотасесіямі ля новых экспанатаў ваеннай тэхнікі, зямлянкамі партызанскага лагера, смакам салдацкай кашы, работай шматлікіх тэматычных пляцовак і трапнымі прызямленнямі ля верхняй пляцоўкі мемарыяла парашутыстаў ДТСААФ – свята атрымалася масавым і відовішчным.

А дэлегацыю ганаровых гасцей яшчэ да пераезду на “Прарыў” уразіў выставай сваіх работ ва ўшацкім музеі народнай славы Уладзімір Васільевіч Крываблоцкі. Мастак-манументаліст, творчасць якога на вышэйшы бал ацаніў прыбыўшы на яе адкрыццё старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” Рыгор Сямёнавіч Сітніца, свае работы прывёз ва Ушачы спецыяльна да 5 мая і Свята Перамогі, бо з’яўляецца даўнім сябрам нашага раёна. Яшчэ ў 1986 годзе менавіта за роспіс “У імя жыцця на зямлі”, якім мастак аздобіў сцены ў нашым музеі народнай славы, ён атрымаў сваю першую значную ўзнагароду – прэмію Ленінскага камсамола. На сённяшні дзень у мэтра вельмі вялікі і ўнушальны спіс твораў, а пазнаёміцца з імі варта, і зрабіць гэта можа любы жадаючы, наведаўшы выставу, якая працуе і зараз. В.В.Родзіч за супрацоўніцтва і захаванне памяці пра гісторыю Ушаччыны ўручыў мастаку Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта.

Майскае сонейка зрабіла свята светлым і мірным, бо пра мір у краіне, як вялікую каштоўнасць казалі ўсе ўдзельнікі мерапрыемстваў. Святкаванне 73-гадавіны прарыву варожай блакады завяршылася канцэртнай праграмай і музычным феерверкам, які прыгожымі фарбамі расквеціў неба над мемарыялам. Спадзяёмся, што і надалей над нашай Радзімай будуць раздавацца толькі такія, мірныя выбухі салютаў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *