Асфальтирование дорог, торговое обслуживание и другие вопросы обсуждались на приеме у Владимира Андрейченко в Ушачах

Общество

Утрыманне і асфальтаванне дарог, назначэнне сямейнага капіталу, гандлёвае абслугоўванне – гэтыя і іншыя пытанні разгледзеў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка падчас правядзення прыёму грамадзян на гэтым тыдні ва Ушачах. Усяго да спікера звярнулася 8 чалавек. А паколькі практычна кожны задаваў не адно пытанне, а дэпутат як заўсёды ўважліва ўнікаў у просьбы, разбіраўся і імкнуўся дапамагчы, прыём выйшаў за рамкі адведзеных дзвюх гадзін.

Старэйшына Лутава Сяльца В.В.Федарэнка свой зварот пачаў з удзячнасці: два гады таму ён звяртаўся да нашага дэпутата з праблемай наконт якасці вады – у вёсцы яна адпавядала тэхнічнай, зараз жа тут запрацавала міні-станцыя абезжалезвання. Разам з тым мужчына выказаў незадаволенасць гандлёвым абслугоўваннем у населеным пункце – справа не столькі ў асартыменце, колькі ў адносінах да справы вадзіцеля-прадаўца, а таксама ўзняў дарожнае пытанне: паўсотні жыхароў, якія прыкладаюць нямала намаганняў для добраўпарадкавання населенага пункта, хацелі б, каб і дарога была заасфальтавана. І калі па першай заўвазе Ушацкі філіял ужо прыняў меры па выпраўленні сітуацыі, то хутка апрануць вуліцу ў асфальт не атрымаецца. “Канечне, я за тое, каб усе дарогі былі з добрым пакрыццём, аднак сітуацыя няпростая: па ўсёй рэспубліцы хапае такіх, што не ў самым лепшым стане і патрабуюць рамонту, у тым ліку і на Ушаччыне. А на гэта трэба нямала сродкаў”, – падкрэсліў У.П.Андрэйчанка.

З калектыўным зваротам наконт асфальтавання прыйшлі і ўшачане з Піянерскай. Як адзначыў старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі, у гарпасёлку яшчэ 23 вуліцы маюць гравійнае пакрыццё, а асфальтаванню ў першую чаргу падлягаюць больш загружаныя дарогі. Ніхто не паспрачаецца з тым, што ў дрэнным стане пасля зімы ажыўленая Камсамольская, якая з’яўляецца да таго ж аб’язной для вялікагрузных машын, рамонту патрабуе адна з галоўных вуліц – Савецкая. Таму аб асфальтаванні Піянерскай гаворка пойдзе толькі ў наступным годзе.

Жыхар райцэнтра звярнуўся да спікера з нагоды адмовы райвыканкамам прызначэння сямейнага капіталу. Гэтае пытанне Уладзімір Андрэйчанка загадзя даручыў вывучыць Міністэрству працы і сацыяльнай абароны, якое дало адказ, што парадак прызначэння капіталу не парушаны, падкрэсліўшы, што галоўны крытэрый – нараджэнне трэцяга або наступнага дзіцяці ў зарэгістраваным шлюбе. Аднак дэпутат узяў гэты зварот на заметку, магчыма, на заканадаўчым узроўні патрэбны дапрацоўкі на выпадак нестандартных сітуацый.

Жыхарку Полацка, якая спецыяльна прыехала на прыём ва Ушачы, непакоіць, што суседзі ў прыватным сектары ўстанаўліваюць камеры відэаназірання, у зону бачання якіх трапляе не толькі іх участак, а і суседскі, вуліца. Грамадзянцы растлумачана, што па законе ў поле зроку такіх камер павінна знаходзіцца выключна тэрыторыя прыватнага домаўладання, а кантроль выканання гэтага патрабавання ўскладзены на праваахоўныя органы. Таксама жанчына закранула тэму водаадвядзення, на яе думку жыхарам прыватных дамоў, дзе няма цэнтральнай каналізацыі, мэтазгодна было б аплачваць адпампоўванне адпаведна выкарыстаных кубоў па лічыльніку. Прааналізаваць пытанне даручана дэпутату Палаты прадстаўнікоў, старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Віктару Нікалайкіну.

Размаўляючы з журналістамі, У.П.Андрэйчанка адзначыў, што выязныя прыёмы даюць аб’ектыўную ацэнку работы мясцовай улады: “У цэлым лічу, што райвыканкам валодае сітуацыяй на сваёй тэрыторыі, вырашаюцца надзённыя пытанні людзей. У раёне завяршаецца сяўба ранніх яравых, маецца станоўчая дынаміка ў вытворчасці малака. Нам усім трэба старанна працаваць, быць адзінымі, згуртаванымі, і гэта залог нацыянальнай бяспекі і вырашэння ўсіх пытанняў”.

У ходзе візіту У.П.Андрэйчанка азнаёміўся і з ходам палявых работ у гаспадарках Ушаччыны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *