Масленица в Ушачах

Общество

Здаўна павялося, што ў заканчэнні масленічнага тыдня  людзі шумна і весела  развітваюцца з Гаспадыняй Масленіцай. У гэты дзень не  скупяцца на пачастункі і падарункі, нездарма ў народзе кажуць: “Масленіца аб’ядуха, грошай прыбяруха”.

Нядзельная раніца ва Ушачах выдалася, як на дзіва, сонечнай і ціхай, паклікала народ весяліцца задорнымі гукамі спеваў, спакуслівым пахам пачастункаў. А колькі розных забаў ды відовішчаў было на цэнтральнай плошчы гарпасёлка! Цікавай праграмай парадавалі культработнікі: знайшлося ў ёй месца традыцыйным абрадавым спевам і танцам, вясёлым сцэнкам і прыпеўкам. Дзецям і дарослым было прапанавана больш дзясятка конкурсаў. Можна было, напрыклад, прайсціся на хадулях, праверыць трап­насць у кіданні шышак у кош, спрыт у баі падушкамі. Адмысловы тавар, зроблены сваімі рукамі, выклалі на прылаўкі работнікі раённага Дома рамёстваў і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ушачане і госці райцэнтра ледзь паспявалі пераходзіць у розныя канцы плошчы, каб не прамінуць штосьці цікавае.

– Стараюся не прапускаць падобных святаў і абавязкова бяру з сабой дзяцей, – падзялілася з намі маладая мама Кацярына Раманоўская. – Гэта добрая магчымасць не толькі весела правесці час, але і далучыць малых да багатай беларускай культуры.

Ну а якая ж Масленіца без ласункаў? Ад выстаўленых паўсюдна страў літаральна разбягаліся вочы. Народны клуб “Прысмакі” частаваў гасцей галоўным атрыбутам Масленіцы – блінамі з самымі рознымі начынкамі: яблыкамі, клубніцамі, цыбуляй і яйкамі, крабавымі палачкамі, чарнічным варэннем. На “ўра” разыходзілася і гарачая гарбата.

Канкурэнцыю прызнаным кулінарам­аматарам склалі прафесіяналы з райспажыўтаварыства і дружныя каманды вясковых гаспадынь з панадворкаў, якія прэзентавалі сельсаветы. Так, на Вяркудскім можна было паспытаць смачных бліноў, прыгатаваных бухгалтарам мясцовага сельвыканкама Святланай Уладзіміраўнай Пятніцай, кіраўніком спраў Сяргеем Аляксандравічам Гарбачовым, дырэктарам Вяркудскага СДК Таццянай Віктараўнай Казловай і, вядома ж, “гаспадыняй” панадворка – старшынёй сельскага Савета дэпутатаў Верай Міхайлаўнай Маслак.

З самага ранку ажыўлена было ля панадворка Ушацкага сельсавета. Акрамя традыцыйных румяных бліноў, дранікаў тут прапаноўвалі гасцям разнастайныя саленні, салодкія пачастункі.

Нямала цікаўных гаспадынь сабралася ля панадворка Жарскага сельсавета. Паспытаць на смак усе разнавіднасці бліноў, прыгатаваных старшынёй сельскага Савета дэпутатаў Святланай Цімафееўнай Міхейкай, загадчыцамі Ільюшынскай і Жарскай бібліятэк Алай Васільеўнай Апёнак, Аленай Васільеўнай Сальнік, было практычна нерэальна. Тут табе бліны і з тварагом, і з варэннем, традыцыйныя рускія і ўкраінскія, грэчкавыя і нават “антыкрызісныя”.

– У кожнай стравы – свае кампаненты і спосаб прыгатавання, – дзялілася з жанчынамі кулінарнымі сакрэтамі А.В.Апёнак. – Рускія гатую на дражджах, украінскія – на кефіры, а “антыкрызісныя” – з усяго, што засталося ў халадзільніку: вяршкоў, кефіру ці малака.

Насамрэч, бліны – неад’емны атрыбут Масленіцы. Так, як і чучала зімы, якое па традыцыі спалілі напрыканцы свята. Згодна з народным павер’ем, разам з ім павінна “згарэць” усё нядобрае, што перашкаджае людзям радавацца жыццю, вясне, абнаўленню.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *