Председателем Ушачского райисполкома назначен Владимир Геннадьевич Авдошко

Общество

Учора, 16 мая, адбылася пазачарговая, 35 сесія Ушацкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання. На павестцы дня было адно пытанне, але яно датычыцца кожнага жыхара рэгіёна – дэпутаты аднагалосным рашэннем зацвердзілі на пасаду старшыні Ушацкага раённага выканаўчага камітэта кандыдатуру Уладзіміра Генадзьевіча Аўдошкі, які з гэтага моманту з’яўляецца кіраўніком выканаўчай улады на Ушаччыне.

У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Ула­дзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў і начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Мікалаевіч Севярын, які паведаміў актыву раёна, што ў аблвыканкам паступіла заява Віктара Віктаравіча Родзіча аб вызваленні ад займаемай пасады. Старшынёй Ушацкага райвыканкама ён быў прызначаны ў верасні 2013 года, але фактычна кіраваў раёнам яшчэ з мая на пасадзе першага намесніка старшыні, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Як адзначыў У.М.Севярын, за гэты час В.В.Родзіч унёс асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна. Пад яго пачаткам у 2016 годзе раёнам выкананы паказчыкі па вытворчасці прамысловай прадукцыі, тавараабароту ў грамадскім харчаванні, экспарце тавараў, уводзе жылля, інвестыцыях у асноўны капітал. Аднак па шэрагу паказчыкаў станоўчай дынамікі не было.

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь старшыня раённага выканаўчага камітэта назначаецца старшынёй аблвыканкама па ўзгадненні з Прэзідэнтам краіны, а потым кандыдатура ўносіцца на зацвярджэнне раённага Савета дэпутатаў. Падчас разгляду кадравага рэзерву ў аблвыканкаме спыніліся на кандыдатуры Уладзіміра Ге­надзьевіча Аўдошкі.

Актыў раёна гарачымі апладысментамі сустрэў земляка. Уладзімір Генадзьевіч нарадзіўся ў 1967 годзе ва Ушачах. Тут у 1984 годзе і пачаў сваю працоўную дзейнасць рабочым агароднінасушыльнага завода. З 1985 па 1990 год вучыўся ў Велікалуцкім сельскагаспадарчым інстытуце, атрымаў спецыялізацыю “механізацыя сельскай гаспадаркі”. З 1990 па 1994 год займаў пасаду старшага інжынера, загадчыка гаража саўгаса “Ушацкі”, у 1994 годзе – інжынер-механік па аўтатранспарце фірмы “Ленга-ЛТД”. У 1997-1999 гадах працаваў галоўным дзяржаўным інспектарам Дзяржтэхнагляду райсельгасхарча Ушацкага райвыканкама, з 1999 па 2005 гады – начальнікам аддзела касавай работы і інкасацыі ўшацкага філіяла №221 ААТ “ААБ “Беларусбанк”. Паралельна ў 2004 годзе атрымаў другую вышэйшую адукацыю – скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці фінансы і крэдыт. Мае вопыт працы ў раённым выканаўчым камітэце, прычым – у розных сферах: быў дырэктарам цэнтра занятасці насельніцтва, намеснікам старшыні райвыканкама, курыраваў пытанні эканомікі і гандлю. Далей дзейнасць Уладзіміра Генадзьевіча зноў звязана з банкаўскай сферай. З 2008 ён працаваў дырэктарам ЦБП №221 ААТ “ААБ “Беларусбанк” у г.п.Ушачы, начальнікам службы інкасацыі філіяла №214 банка ў г.Наваполацку, намеснікам дырэктара гэтага філіяла. Як бачна, У.Г.Аўдошка добра разбіраецца ў пытаннях эканомікі і фінансаў, валодае практычнымі навыкамі работы ў органах дзяржаўнага кіравання.

За час працы на розных пасадах Уладзімір Генадзьевіч зарэкамендаваў сябе кампетэнтным, ініцыятыўным кіраўніком, які валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі і сучаснымі метадамі кіравання. Аб гэтым казалі падчас выступленняў дэпутаты раённага Савета дэпутатаў начальнік аддзела страхавых паслуг па Ушацкім раёне прадстаўніцтва “Белдзяржстраха” па Лепельскім раёне Тамара Васільеўна Зімніцкая і намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па аператыўна-тактычнай рабоце Дзмітрый Канстанцінавіч Лёля.

Пераважная большасць прысутных у зале з Уладзімірам Генадзьевічам знаёмы, ведаюць яго як чалавека слова і справы з дзелавой рэпутацыяй кіраўніка, які ўмее згуртаваць калектыў. Ды і многія з радавых работнікаў прадпрыемстваў раёна да гэтай пары ўспаміналі яго як справядлівага кіраўніка, прыхільніка здаровага ладу жыцця, які актыўна займаецца фізічнай культурай.

– Я ясна разумею, што пасада старшыні райвыканкама, як пасада любога кіраўніка – не нейкае ганаровае званне, не мяккае крэсла і ўтульны кабінет, – звярнуўся да актыву раёна У.Г.Аўдошка. – Гэта вялікая адказнасць за давераны ўчастак работы і людзей, якія знаходзяцца за тваёй спіной. Пры ўзгадненні Прэзідэнт краіны паставіў канкрэтныя задачы, дастаткова жорсткія, бо часу на раскачку няма – менш размоў, патрэбны вынік. Ва ўсіх для гэтага павінны быць настрой і жалезная дысцыпліна. Краевугольным каменем для мяне, як старшыні, і для кіраўнікоў арганізацый стане занятасць насельніцтва, стварэнне новых працоўных месцаў і выплата зарплаты – на сённяшні дзень наш раён па гэтых паказчыках знаходзіцца не ў самым лепшым становішчы. Мне б хацелася тут жыць доўга і шчасліва і каб наш раён быў прыцягальным, каб людзі не выязджалі адсюль як у папярэднія гады, а пачалі вяртацца.

Уладзімір Генадзьевіч зазначыў, што пражыўшы два гады ў вялікім горадзе, зразумеў, наколькі мы яшчэ не цэнім тое прыроднае багацце, якое даў Бог Ушацкаму раёну. Таму разам з сельскай гаспадаркай адным з важнейшых напрамкаў, які будзем развіваць у раёне, стане аграэкатурызм і выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Трэба прыцягваць да гэтай справы прадпрымальнікаў-землякоў, дзелавых людзей з іншых рэгіёнаў, у прыватнасці, з суседніх Полацка і Наваполацка. Сядзець і чакаць, што хтосьці прыйдзе сам – не атрымаецца – трэба ісці да кліента, пераканаць яго, што наш рэгіён прыцягальны для развіцця яго бізнесу. “Кадравы патэнцыял раёна дазваляе вырашаць пастаўленыя задачы, і калі мы будзем ісці да іх выканання разам, то ў нас усё атрымаецца”, – перакананы Ула­дзімір Генадзьевіч.

Ён лічыць, што камфортныя ўмовы для жыцця і правядзення вольнага часу ў нас ужо практычна ёсць – засталося дабуда­ваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс. З гэтым згодны і старшыня абласнога Савета дэпутатаў У.У.Цярэнцьеў – вобласць дастаткова ўдзяляе ўвагі Ушацкаму раёну: дапамагала аднавіць мемарыяльны комплекс “Прарыў”, будаўніцтву фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Не абдзелены ўвагай раён і з боку нашага дэпутата ў парламенце, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі. У.Цярэнцьеў зазначыў, што ўмовы гаспадарання на Віцебшчыне, асабліва ў галіне сельскай гаспадаркі, больш складаныя, чым у заходніх рэгіёнах краіны. Ды і 6300 населеных пунктаў няма ні ў адной іншай вобласці – а гэта клопаты аб іх жыхарах. Але ці многа зрабілі мы для таго, каб наш край стаў квітнеючым? У сярэдзіне 80-ых колькасць буйной рагатай жывёлы ў рэгіёне дасягала мільёна галоў – зараз амаль у два разы менш. А рэкордны ўраджай пазамінулага года параўноўваем з… 1976 годам. “Пры сучаснай тэхніцы і тэхналогіях гэтага, канечне, недастаткова”, – канстатаваў У.У.Цярэнцьеў. Таму трэба працаваць па-новаму, закасаўшы рукавы, думаць, як засяляць пустыя дамы ў сельскіх населеных пунктах, не баяцца прапаноўваць невыкарастоўваемую маёмасць: няхай і за адну базавую велічыню. Гэта лепш, чым яна будзе разбурацца. Трэба ўсё рабіць для інвестараў – няхай прыходзяць і працуюць.

У.У.Цярэнцьеў пажадаў Уладзіміру Генадзьевічу і ўсяму актыву раёна аб’яднацца “як вы гэта ўмееце рабіць”, уручыў новаму старшыні райвыканкама службовае пасведчанне. Вольга Мікалаеўна Захарэнка ад імя актыву раёна падзякавала за працу В.В.Родзічу, які быў узнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў. Былы кіраўнік выканаўчай улады пажадаў У.Г.Аўдошку і жыхарам раёна ажыццяўлення ўсяго задуманага на карысць Ушаччыны, якая для яго стала не чужой. А нам, землякам, застаецца толькі падтрымаць намаганні новага кіраўніка сумленнай працай, бо калі задуманае атрымаецца ажыццявіць, то ад гэтага выграюць усе – грамадзяне, раён, Віцебшчына, краіна.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *