Ушачанин Александр Гордиёнок участвовал во многих парусных гонках и был мастером спорта международного класса

Общество

Вандруючы па вёсках нашага раёна, мы раз-пораз зусім выпадкова натрапляем на вельмі цікавых людзей, якія гасцінна запрашаюць журналістаў да сябе і шчыра дзеляцца ўспамінамі пра насычанае падзеямі і здзяйсненнямі жыццё. Не так даўно падобная сустрэча адбылася ў нас у вёсцы Вашкова, дзе мы пазнаёміліся з Аляксандрам Рыгоравічам Гардзіёнкам.

Яго бацька, ураджэнец вёскі Качаны Рыгор Пракопавіч Гардзіёнак, быў чалавекам легендарным. Перад вайной змагаўся ў Сярэдняй Азіі з басмачамі – расказваў, што былі яны лютымі звярамі, і каб не трапіць жывымі ў палон, чырвонаармейцы заўсёды пакідалі для сябе апошні патрон. У 43-м нёс службу ў Тэгеране падчас знакамітай сустрэчы Сталіна, Рузвельта і Чэрчыля. У адным з баёў страціў вока і вярнуўся ў родную вёску інвалідам. Узначаліў мясцовы калгас і аддаваў яму ўсе сілы, нават калі аднойчы, паехаўшы за зернем, моцна замерз і захварэў на сухоты.

З маленства звыклымі да сялянскай працы былі і яго чацвёра дзяцей. І здавалася, лёсам ім ужо наканавана працягваць сямейную справу. Але ж гартаючы вечарамі старонкі прыгодніцкіх кніжак, вучань Качаноўскай васьмігодкі Саша Гардзіёнак уяўляў сябе падарожнікам з каманды Кука, задумваў авантуры разам з героямі Дзюма, а калі а пятай гадзіне раніцы шчыраваў на сенажаці – разумеў, што сялянская справа яго зусім не натхняе…

Бачыў гэта і бацька, таму пасля школы даў сыну згоду на паступленне ў калінінградскую мараходку, але са сваім не надта моцным атэстатам хлопец туды не прайшоў. Здавацца не стаў і адправіўся ў Ленінград. Тыдзень жыў на вакзале, спаў у вагонах метро, спрабаваў уладкавацца на вучобу, ды амаль усе ўстановы ўжо скончылі набор. Урэшце яго дакументы прынялі ў суднабудаўнічым вучылішчы завода імя Жданава – хоць такім чынам, ды ўсё ж аказаўся Саша звязаны з морам. Атрымаў інтэрнат і невялікую стыпендыю, запісаўся на курсы ў ДТСААФ, бо там былі бясплатныя абеды, а па начах разгружаў машыны ў булачнай, бо­ за гэта разлічваліся батонамі.

У інтэрнацкім пакоі было іх сямёра, усе здалёк і небагатыя. Аляксандр з гумарам прыгадвае, як часам, каб здабыць ежу, яны ішлі на рознае ліхадзейства. Неяк зімой суседзям-мардвінам прыйшла пасылка, і тыя як заўсёды паклалі правізію ў авоську за фортку. Пакуль іх не было дома, Саша і яго сябры звязалі дзве лыжныя палкі, прымацавалі да іх лязо ад брытвы і са свайго акна прарэзалі ў “халадзільніку” дзірку, прадукты паляцелі ўніз на расцягнутую ў руках прасціну. Калі суседзі вярнуліся, іх запрасілі на банкет і пачаставалі салам ды варэннем: мардвіны нахвальвалі і дзякавалі, не падазраючы, што ласуюцца ўласнымі харчамі.

Калі прыйшоў час службы, Саша трапіў у марфлот – ды толькі ў мора зноў не выйшаў: скончыў у Ліепаі школу радыстаў і быў накіраваны ў Калінінград на падземны завод, што выпускаў узбраенне для ваенных караблёў, – вайскоўцы кантралявалі там рух натаўскіх спадарожнікаў, каб яны не змаглі здабыць сакрэтную інфармацыю.

Атрыманыя ў той час веды сталі базай для будучай кар’еры, якая была звязана з наладкай карабельнага абсталявання. У якіх толькі гарадах Саюза ні пабываў герой аповеду! Працаваў у Камсамольску-на-Амуры, спускаў судны ў воды Чорнага мора, прымаў удзел у аднаўленні славутай “Аўроры” (у яго дамашняй калекцыі рарытэтаў ёсць напамін пра гэта – болт з легендарнага крэйсера і медаль “За працоўную адзнаку”, якім ён быў узнагароджаны за паспяховае выкананне стратэгічнага задання). Доўгі час правёў у Ніжнім Ноўгарадзе, дзе знакаміты савецкі канструктар Расціслаў Аляксееў у 60-х ствараў эксперыментальны экранаплан КМ (карабель-макет). На той час гэта быў самы вялікі ў свеце лётальны апарат, які на Захадзе называлі “Каспійскім монстрам”, недакладна расшыфраваўшы абрэвіятуру.

Хоць і не выпаў яму лёс стаць прафесійным мараком, але сваю дзіцячую мару Аляксандр усё ж здзейсніў. Яшчэ ў вучылішчы ён стаў членам гарадскога яхт-клуба. Зімой яны вучылі тэорыю, а летам хадзілі ў заліве пад ветразем. Юнак праявіў выдатныя здольнасці і неўзабаве атрымаў званне кандыдата ў майстры спорту. Але сваю першую стамільную гонку прыгадвае са смуткам: калі прыйшла тэлеграма пра смерць бацькі, ён быў у моры, – і хоць сябры з інтэрната дапамаглі хутка сабрацца, купілі білет і нават пазычылі пінжак, на пахаванне таты сын спазніўся.

Аляксандр удзельнічаў у многіх гонках, а ў час Алімпіяды-80 уваходзіў у пашыраны склад зборнай Саюза па парусным спорце. Пікам жа яго спартыўнай кар’еры стала прэстыжная гонка “Готланд Рунт” 1995 года, якая праводзіцца ў Швецыі. Удзел у ёй брала каля пяцісот паруснікаў, а ў групе, дзе стартавала іх яхта з назвай “Інтэрлопер”, было 40 сапернікаў, прычым Аляксандр і яго сябры адзіныя прадстаўлялі Расію.

Яхта паспяхова пераадолела 480-мільную дыстанцыю, фінішавала ў першай пяцёрцы і заняла трэцяе месца сярод суднаў-аднатоннікаў. “Нам спецыяльна для гонкі пашылі прыгожыя аранжавыя камбінезоны, але ўжо праз некалькі хвілін мы зразумелі, што яны халодныя і прамакаюць. Гонка складвалася няпроста: мы філігранна лавіравалі між суднамі, на пэўным адрэзку злавілі спадарожную хвалю ад вялізнага кітайскага двухмачтавіка, серфінгавалі на пяціметровай вышыні, а ў канцы гонкі настолькі замерзлі і стаміліся, што не адчувалі ні рук, ні ног, ні спіны. Але ўсе выпрабаванні акупіліся ў момант, калі на ўшанаванні пераможцаў прадстаўнік каралеўскай сям’і ўручыў нам кубак з гербам. Пасля гонкі мы сталі майстрамі спорту міжнароднага класу, пра нас пісалі ў часопісах”, – прыгадвае Аляксандр Рыгоравіч.

…Некалькі год таму ён пакінуў піцерскую кватэру сыну і вярнуўся на малую радзіму. Набыў дом у Вашкове, адрамантаваць які дапамог брат Іван, што жыве ў родных Качанах. Тут вельмі ўтульна і цікава, як у сапраўдным музеі. На сценах і паліцах безліч розных сувеніраў, у тым ліку марскіх, якія нагадваюць пра жыццё, насычанае на прыгоды і падарожжы. Апошніх у мужчыны было, напэўна, не менш, чым у колішніх кніжных герояў. А на пачэсным месцы ў доме вісіць сямейны партрэт з далёкіх 60-х: з яго лагодна паглядае бацька, які калісьці адпусціў сына ў вольнае плаванне пад ветразем яго мары.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *