Ушаччина стала местом проведения выездного президиума Витебского областного Совета депутатов

Общество

У мінулым нумары мы паведамлялі аб тым, што 18 мая Ушацкі раён стаў месцам правядзення выязнога пасяджэння Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, на якім ішла гаворка аб грамадзянска-патрыятычным выхаванні як аснове дзяржаўнай ідэалогіі і ролі грамадскіх фарміраванняў у гэтым працэсе. У нашым партызанскім краі, на радзіме шэрагу знакамітых, у тым ліку і за межамі краіны, паэтаў і пісьменнікаў, многія творы якіх прысвечаны тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны, не толькі належным чынам клапоцяцца пра памяць аб подзвігу народа. “Тут граматна і ўзважана аддаюць належнае і творчай, працоўнай спадчыне сваіх землякоў, незалежна ад іх палітычнай прыхільнасці. Пры гэтым не дапускаецца супрацьстаяння бакоў з рознымі поглядамі пры правядзенні мерапрыемстваў самага рознага накірунку”, – адзначыў на пачатку мерапрыемства старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў.

Кіраўніцтва раёна прапанавала гасцям насычаную праграму. Члены прэзідыумаў абласнога і Ушацкага раённага Саветаў дэпутатаў, старшыні раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў вобласці наведалі будоўлю фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры і Арэхаўскую сярэднюю школу. Ва ўстанове адукацыі яны на шматлікіх прыкладах азнаёміліся з выхаваўчым працэсам, які дазваляе з першых гадоў жыцця фарміраваць сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы. Дырэктар школы Ларыса Аляксандраўна Булаўка разам з вучнямі правяла экскурсію, расказала пра напрацоўкі педкалектыву ў розных напрамках дзейнасці. Перад прысутнымі выступілі і прадстаўнікі іншых школ раёна, дзе таксама накоплены багаты вопыт па патрыятычным выхаванні.

Сваю работу выязны прэзідыум працягнуў у сценах Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка. Тут гасцей чакаў сюрпрыз, бо спецыяльна на мерапрыемства з Мінска па запрашэнні старшыні Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Вольгі Мікалаеўны Захарэнка прыехаў знакаміты майстар манументальнага жывапісу Уладзімір Васільевіч Крываблоцкі. Сваю першую значную ўзнагароду, прэмію імя Ленінскага камсамола, мастак атрымаў у сярэдзіне 80-х менавіта за роспіс унутраных сцен ушацкага музея і з таго часу вось ужо на працягу трох дзесяцігоддзяў працягваецца яго сяброўства з установай культуры. Вось і зараз, з пачатку мая ў музеі працуе выстава аўтара, дзе амаль кожная работа прасякнута любоўю да сваёй зямлі. У.В.Крываблоцкі расказаў гасцям аб гісторыі стварэння сваіх найбольш значных твораў, якія ўпрыгожваюць будынкі па ўсёй Беларусі. Дастаткова сказаць, што менавіта ён працаваў над афармленнем асобных элементаў Нацыянальнай бібліятэкі, музея Вялікай Айчыннай вайны, Палаца Незалежнасці і некаторых іншых знакавых аб’ектаў. Госці былі ўражаны размахам і велічнасцю дзейнасці мастака-манументаліста.

Наведванне музея скончылася аглядам экспазіцыі, потым удзельнікі выязнога прэзідыума наведалі “Прарыў”, усклалі вянок і кветкі да пліт з імёнамі загінуўшых вызваліцеляў. З асаблівымі пачуццямі прыязджае на мемарыял старшыня Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў Алег Генадзьевіч Буевіч. Мужчына, які прыглядаўся да надпісаў на плітах, паведаміў, што заўсёды спыняецца ля адной – з прозвішчам Міхаіла Іванавіча Сцепаненкі, яго дзеда, які загінуў падчас прарыву варожай блакады.

Любоў да Радзімы – катэгорыя не абстрактная, яна вымяраецца канкрэтнымі справамі на яе карысць. Значная ўвага падчас правядзення прэзідыума ўдзялялася дзейнасці асноўных грамадскіх аб’яднанняў Віцебшчыны. Тое, як яны рэалізуюць свае ўстаўныя мэты і задачы, прааналізаваў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама П.У.Гнуценка. Ён паведаміў, што на Віцебшчыне адным з першых у рэспубліцы быў створаны абласны каардынацыйны Савет палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў для ўзгаднення іх намаганняў, у тым ліку і ў справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

Дзейнасць маладзёжнай арганізацыі, на рахунку якой шмат цікавых і карысных спраў, у цэлым ацэнена станоўча. Першы сакратар абкама БРСМ Віктар Глушын расказаў толькі аб асноўных напрамках дзейнасці: правядзенні акцый і мерапрыемстваў, прысвечаных клопату аб ветэранах, захаванню нацыянальных традыцый, развіццю студатрадаўскага і валанцёрскага руху – і атрымаўся ўнушальны пералік.

Сустрэча на Ушаччыне стане нагодай для раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў прааналізаваць удзел грамадскіх структур сваіх рэгіёнаў у грамадзянска-патрыятычным выхаванні насельніцтва. Акрэслены задачы па ўзаемадзеянні з канструктыўнымі арганізацыямі па далейшым развіцці грамадзянскай супольнасці, адзначаны станоўчы ўклад у гэту справу абласных і раённых арганізацыйных структур ветэранскай арганізацыі, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, Беларускага фонду міру і некаторых іншых.

Ёсць шэраг прыкладаў плённага супрацоўніцтва грамадскіх аб’яднанняў і органаў улады, рэалізацыі ўласных праектаў. Старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка, якая з’яўляецца і намеснікам старшыні Ушацкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” – адной з лепшых на Віцебшчыне – падзялілася вопытам супрацоўніцтва мясцовых улад і грамадскасці. У нашым раёне звыш 96 працэнтаў працуючых з’яўляюцца членамі прафесійных саюзаў, у членах “Белай Русі” – 14,5 працэнта, БРСМ аб’ядноўвае амаль 24 працэнты моладзі ва ўзросце ад 14 да 31 года. А раённая арганізацыя Беларускага фонду міру мае лепшыя паказчыкі сярод абласных і займае ганаровае другое месца ў рэспубліцы. “У гэтым несумненная заслуга кіраўніка арганізацыі Таццяны Міхайлаўны Малак”, – канстатавала В.М.Захарэнка, падкрэсліваючы высокую ролю лідараў у дзейнасці грамадскіх фарміраванняў. Таксама старшыня раённага Савета нагадала аб высокім патэнцыяле ў справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання ветэранскай арганізацыі, дэпутацкага корпуса, прафсаюзаў.

Але разам з тым у асобных рэгіёнах некаторым арганізацыям не хапае ініцыятывы, новых падыходаў і форм работы. Агульнымі для ўсіх грамадскіх аб’яднанняў з’яўляюцца задачы па прыцягненні да сваёй дзейнасці новых членаў.

На прэзідыуме адзначылі ўклад гераічнай партызанскай Ушаччыны ў справу грамадзянска-патрыятычнага выхавання насельніцтва, належны стан работы ў раёне па захаванні памяці подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта сведчаць і маштабныя мерапрыемствы абласнога ўзроўню, якія апошнім часам праводзіліся на “Прарыве”. Старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка запэўніў прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса, што на ўшацкай зямлі і надалей будуць рабіць усё магчымае ў дастойнай справе выхавання грамадзяніна-патрыёта, у працы на карысць нашай Радзімы.

Д.Раманоўскі.




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *