ОАО «Ильюшинский» первым в Ушачском районе приступило к заготовке травянистых кормов

Сельское хозяйство

У ААТ “Ільюшынскі” яшчэ працягваюць працаваць над стварэннем кармавой базы – у гаспадарцы з самым буйным статкам жывёлы вялікая разнастайнасць культур – зернесумесь, райграс, люцэрна, маслянічная рэдзька, традыцыйная і надзейная кукуруза, пайза, якая для мясцовых земляробаў ужо не экзотыка. А пакуль усё гэта расце і наліваецца сокам, а месцамі яшчэ і дасяваецца, падышлі травы, і сельгаспрадпрыемства першым у раёне распачало касавіцу.

Яшчэ раней касілкі праходзілі сезонную абкатку на падкосе пашаў, дзе статкі днююць і начуюць вось ужо больш месяца. А травы ў “Ільюшынскім” пачалі касіць на падкормку маладняку жывёлы.

На полі знаёмыя ўсё твары. Зігзагі па ўзгорках і нізінах па адной толькі ім вядомай схеме віртуозна выпісвалі адны з герояў мінулагодняй касавіцы Ула­дзімір Урбан і Віктар Буйніцкі. Трэба сказаць, што травастой на гэтым участку быў, мякка кажучы, “так сабе”.

– Асэнсавана пачынаем з участкаў з рэдкімі травамі, пакуль яшчэ не падышла канюшына, – тлумачыць стратэгію касавіцы дырэктар “Ільюшынскага” Сяргей Анатольевіч Халімоненка. – Звычайна такія ўчасткі пакідаюць на потым, але пакуль не стартавала масавая корманарыхтоўка, вырашылі пачаць менавіта з іх. Затое ў хуткім часе сюды на атаву можна будзе перагнаць жывёлу. Чакаць жа дажджу і спадзявацца, што тут травастой пагусцее, няма сэнсу – асобныя расліны вунь ужо пайшлі ў колас, страцім пажыўнасць.

Травы, што касілі В.Буйніцкі і У.Урбан (на здымку), былі сабраны ў валкі і чакалі прэс-абмотчык. Яго “Ільюшынскаму” перадалі з “Райаграсэрвіса” разам з МТЗ-3022. “І земляка, Аляксандра Маркевіча, забралі з тэхнікай”, – працягвае Сяргей Анатольевіч. – З абмотчыкам ён ужо добра знаёмы, працаваць жаданне ёсць – былі б травы! Такія рулоны выдатна захоўваюцца, зялёная маса не траціць сваіх пажыўных рэчываў, вельмі добра паядаецца жывёлай. Эфект ад скормлівання – прыбаўка ў надоях, таму сёлета вырашылі павялічыць нарыхтоўку рулоннага корму”.

Чакаюць палеткі дажджу, лёгкі ветрык і сонца імгненна “забіраюць” вільгаць, якой і так не хапае. За Жарамі нарэзаныя вясной на шляху да поля каляіны перасохлі і дырэктарскі УАЗ узнімае слупы пылу. Сюды накіраваліся, каб убачыць работу другога звяна, якое пакуль занята на прасаванні. Анатоль Спірыдзёнак збіваў рэдкую траву ў валкі, а з прэ­сам працаваў Аляксандр Майсеенка. Гэтыя механізатары, частыя героі нашых публікацый, як і большасць ільюшынскіх трактарыстаў – універсалы, якія могуць выконваць любыя віды работ. Напрыклад, А.Майсеенка ў хуткім часе таксама зачэпіць касілку.

Каб упэўніцца ў тым, што касавіца ў ААТ “Ільюшынскі” пачалася і травы “не паспелі ад расы сярэбранай сагнуцца”, не абавязкова ехаць далёка. Уздоўж дарогі ад павароту з цэнтральнай вуліцы аграгарадка да ўрочышча Бугаі пра гэта сведчаць выкашаныя абочыны. “Гэта не дарожнікі, – расказвае на шляху да поля дырэктар сельгаспрадпрыемства. – Мае хлопцы пры вяртанні дамоў з поля косяць абочыны, не даюць разбуяцца баршчэўніку”.

Барацьба з пустазеллем справа, канечне, патрэбная, ды ўсё ж пабочная, бо аб’ёмы траў першага ўкосу ў “Ільюшынскім” уражваюць. Важна і тое, што гэта якасныя сенакосы:

– Толькі чыстай канюшыны першага года ў нас 580 гектараў, –  расказвае галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Сяргеевіч Селівёнак. – Ёсць канюшына з цімафееўкай, таксама набывалі спецыяльную травяную сумесь ў “Віцебскім насенні траў”. Усяго першым укосам нам неабходна ўбраць плошчы ў 1266 гектараў. Аператыўна рыхтуем тэхніку да масавай касавіцы. А людзі ў нас да напружанай працы гатовы, як кажуць, і маральна, і фізічна.

Гэтым тыднем распачалі касавіцу ў ААТ “Агра-Селішча”, КУСГП “Вялікадолецкае”, дзе таксама значныя плошчы – каля 1100 гектараў. Усяго гаспадаркам раёна першым укосам неабходна скасіць звыш шасці тысяч гектараў. Ільвіная доля гэтых плошчаў прыходзіцца на “Ільюшынскі”, “Вялікадолецкае” і КУП “Маяк-Ушацкі”.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *