Как купить мебель в рассрочку и появится ли в кафе «Папараць-кветка» детская зона? Председатель правления Ушачского райпо ответила на вопросы читателей «Патрыёта» во время «прямой линии»

Зваротная сувязь

На “прамую лінію”, якую праводзіла з чытачамі газеты старшыня праўлення Ушацкага райспажыўтаварыства Лілія Альбінаўна ДОЛГАЯ, паступіла некалькі тэлефанаванняў. Адказы ж на ўзнятыя пытанні будуць цікавыя многім нашым чытачам.

– Хачу купіць у магазіне райспажыўтаварыства мэблю, але ж сума немалая. Хацелася б даведацца пра растэрміноўку і ці залежыць яна ад кошту пакупкі і майго заробку?

– На дарагія пакупкі звычайна трэба накопліваць грошы, таму мы прадастаўляем крэдыты і растэрміноўку, якая залежыць ад сумы пакупкі. Калі, напрыклад, вы хочаце купіць спальны гарнітур, кошт якога 1500 рублёў і больш, то вам прадастаўляецца растэрміноўка на 12 месяцаў. Калі сума вашай пакупкі ад 900 да 1500, то аплачваць тавар можна на працягу 9 месяцаў, ад 600 да 900 рублёў – паўгода, да 600 – тры месяцы. Каб атрымаць растэрміноўку, неабходна  даведка аб вашым сярэднямесячным заробку за 6 месяцаў. На ўсе пытанні, звязаныя з ажыццяўленнем пакупак у растэрміноўку ці крэдыт, вам дэталёва адкажуць спецыялісты райспажыўтаварыства па тэлефонах 2-95-88, 2-03-63.

– Планую набыць мэблю. Ці аказ­вае райспажыўтаварыства такую паслугу, як яе зборка і ці магчыма яна, калі мэбля купляецца ў іншых гандлёвых кропках?

– Так, у пераліку нашых платных паслуг ёсць і зборка мэблі. Калі вы выбралі яе ў нашым магазіне, а не маеце магчымасці самастойна яе сабраць, то  папярэдзьце аб гэтым прадаўца і да агаворанага часу мэбля будзе сабрана. Кошт паслугі складае прыкладна 1,5 працэнта ад сумы пакупкі. Калі ж вы набываеце мэблю не ў нашым магазіне, то мы таксама можам выканаць зборку, але кошт яе будзе ўжо ў разы вышэйшы. Дарэчы, пры набыцці мэблі нярэдка нашы пакупнікі карыстаюцца і яшчэ адной паслугай – дастаўкай у любую кропку раёна.

– Сям’ёй любім хадзіць у кафэ “Папараць-кветка”  паласавацца піццай, марожаным, ці будзе ўсё ж такі там абсталявана дзіцячая зона?

– Мы не адыходзім ад запланаванага і дзіцячая зона хутка з’явіцца  ў гэтай кропцы грамадскага харчавання. Зараз разглядаем розныя прапановы афармлення і ўзгадняем з аблспажыўсаюзам.

Ужо каторы раз падчас “прамой лініі” паступаюць не толькі пытанні, а і словы ўдзячнасці ў адрас райспажыўтаварыства. Жыхарка Лагоў дзякавала за добрае абслугоўванне як у гарпасёлку, так і на раёне: “Калі па справах бываю ў райцэнтры, заходжу ў аб’екты гандлю, там заўсёды вялікі выбар тавараў. Прыемна наведаць таксама магазін у Малых Дольцах. Дзякуй за тое, што рэгулярна прыязджае да нас аўтамагазін. Хоць наша вёска ў канцы яго маршрута, але ўсяго хапае, без праблем выконваюць і любую заяўку. Высокі ўзровень нашага райспажыўтаварыства не раз падкрэслівалі і мае родныя, якія прыязджаюць да мяне з Лепельшчыны. Жадаю кіраўніцтву і ўсяму калектыву райспажыўтаварыства поспехаў і здароўя”. Лілія Альбінаўна ў сваю чаргу падзякавала за добрыя словы і паабяцала і надалей рабіць усё, каб максімальна задаволіць патрэбы пакупнікоў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *