Фельдшер стоматологического кабинета Великодолецкой больницы Валентина Жаворонок более 28 лет избавляет людей от зубной боли и помогает делать улыбку здоровой и красивой

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Валянціна Анатольеўна Жаваранак – фельчар стаматалагічнага кабінета Вялікадолецкай бальніцы – сцвярджае, што ведае стан здароўя зубоў кожнага на тэрыторыі яе вельмі вялікай акругі. Каб праверыць, ці так гэта, задаю правакацыйнае пытанне, ці часты наведвальнік кабінета кіраўнік мясцовай гаспадаркі.

– Не, у Івана Піліпавіча здаровая прывабная ўсмешка, якая і павінна быць у дырэктара, якому “па зубах” любыя справы, – чую ў адказ. – Наогул, у нас цудоўны аграгарадок, моцныя калектывы, і я ніколькі не шкадую ні аб абранай прафесіі, ні аб месцы работы і жыхарства.

Што будзе працаваць у сельскай мясцовасці, выпускніца Кубліцкай школы Валянціна Бычковіч ведала загадзя. У Аршанскі тэхнікум яна ішла па мэтавым накіраванні саўгаса “Кублічы”. Дырэктар К.А Пачэпка меркаваў займець зубнога ўрача для Кубліцкага ФАПа, у тыя часы такія адзінкі меліся практычна на кожным. Аднак кабінет у Кублічах так і не адкрылі і маладога выпускніка накіравалі ў Вялікія Дольцы.

У адрозненні ад сваіх калег з раённай паліклінікі, фельчар-стаматолаг сельскай бальніцы працуе ў якасці і дзіцячага, і дарослага ўрача, і ўрача-хірурга. Толькі што не пратэзіст. На ёй абсалютна ўся першая дапамога пацыентам, якія сутыкнуліся з зубны болем. Таму і не перабольшвае, што ведае кожнага. Як і яе. Ведаюць і паважаюць. І калі ў 1989 годзе маладога спецыяліста клікалі “Анатольеўнай”, то зараз яна дарасла да “цёці Валі”, паколькі ў тых школьнікаў, якіх некалі лячыла, ужо свае дзеці. А за 28 гадоў стала чалавекам, якому давяраюць, і нягледзячы на тое, што часам робіць балюча, – не баяцца.

А выпадкі бываюць розныя. “Аднойчы складаны корань выдаляла гадзіну і сорак хвілін. Змучылася сама, стаміла пацыента і ўжо думала звяртацца за дапамогай да Аляксандра Міхайлавіча Званкова. Тут сіла патрэбна, не гаворачы пра вопыт. Але адолела, праўда потым да канца дня рукі калаціліся”, – успамінае Валянціна Анатольеўна.

“Ну ў вас і характар!” – не аднойчы чула жанчына ад калег, якія бачылі, як яна змагаецца з капрызнымі дзецьмі, што бесперапынна плачуць больш ад страху, чым ад болю, але працягвала справу. “Каля яшчэ я апушчу рукі і пачну плакаць, – што ж гэта за доктар будзе, – разважае фельчар. – Я ведаю, што мне трэба рабіць. Дзякуючы анестэзіі праблем з болевым парогам лічы што не існуе, застаецца толькі псіхалагічны. Ну а дзеці – асаблівая, вельмі складаная катэгорыя, а ў мяне ў дапамогу нават медсястры няма”.

Вольных дзён з форткамі не бывае зусім, бо прымае па 10-14 чалавек. Акрамя таго – прафілактычная работа: у школах, працоўных калектывах. І сёння вопытны доктар сцвярджае, што зубы ў пацыентаў сталі лепшымі, чым на пачатку яе працы. Інфармацыі больш, дарослыя сочаць за дзецьмі, цяжарныя – за станам свайго здароўя. Хаця ў асноўным усё залежыць ад генетыкі. Сама В.А.Жаваранак – “кравец без ботаў” і больш таго, заўсёды “не дыхае”, калі наведвае кабінеты калег у паліклініцы. А вось анестэзію выкарыстоўвае ў выключных выпадках.

Бывае, што “баіцца” і пацыентаў: “Да мяне бабуля звярталася. Маленькая, сухенькая, а перад кожным яе візітам я моцна хвалявалася – вельмі даўгія карані зубоў. І ведаеце, такія ж і ў яе ўнукаў. Аднак стараюся, накіроўваю ў раённую паліклініку толькі ў самых складаных выпадках. Ці калі бачу, што гэта пярэднія зубы і кліенту патрэбна прыгожая светлавая пломба пад колер зубоў. У нас жа абсалютна ўсе паслугі, і тая ж анестэзія бясплатныя. Матэрыялы айчынныя, не вельмі дарагія. Платныя паслугі не прадугледжаны, ды і не паспела я б на ўсё – нагрузка і так вельмі вялікая”.

Як і кожнаму сельскаму ўрачу, ёй даводзіцца завітваць у кабінет і па вечарах ці выхадных – хапае экстранных выклікаў, калі табе тэлефануюць дамоў.

– Прыемна быць карыснай людзям, а ў мяне ўся касарская, далецкая і мая кубліцкая зона. Настаўнікаў, якія мяне вучылі, усіх лячыла, у тым ліку і біёлага Лідзію Фёдараўну Крыштопенку.

Прыгадвае В.А.Жаваранак цёплымі словамі і калег, якія сталі прафесійнымі настаўнікамі: “Тамара Андрэеўна Леснічэнка ніколі не дазволіць пломбу паставіць, пакуль не праверыць як запламбаваны каналы. Раней рабілі гэта толькі ўручную і яна вучыла адчуваць іх. Ад Ніны Якаўлеўны Змуленкі пераймала работу з дзецьмі. Генадзь Пятровіч Буйневіч заўсёды стаяў побач, калі стажыравалася на выдаленні зубоў”.

У іх была падчас практык, а сёння сама адзін з самых вопытных зубных фельчараў раёна. У яе светлым і ўтульным кабінеце няхай і не новае, але неабходнае абсталяванне: бор-машынка працуе на моцных абаротах, сушыць пломбы паветрам. Хоць і не займаецца ўжыўленнем імплантантаў ці іншымі навінкамі, аднак, каб не адставаць, цікавіцца, чым жыве сусветная стаматалогія, выпісвае прафесійны часопіс, перыядычна ездзіць на курсы. Ну а наколькі яна добры зубны ўрач, сведчыць давер яе пацыентаў – яны могуць сабе дазволіць сучасныя клінікі, але прыходзяць да сельскага доктара. Сярод іх і загадчык Вялікадолецкай бальніцы Аляксандр Уладзіміравіч Крыштопенка. А самыя дагледжаныя зубы, без перабольшвання, у кліентаў палат сястрынскага догляду, якія наведваюць кабінет В.А.Жаваранак “як доктар прапісаў” –  пры першых на тое падставах.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *