20 лет заботится о здоровье пациентов на Плинском ФАПе Андрей Карпович

Здравоохранение Экономика и малый бизнес

Вялікі цагляны будынак на адной з вуліц Двор Пліна, дагледжаная тэрыторыя вакол, прыгожая агароджа, застаўленыя кветкамі падаконнікі… Пра тое, што тут размясціўся фельчарска-акушэрскі пункт, падказвае хіба што адпаведная шыльда. Усё зроблена па-дамашняму, з асаблівым густам. Ну а гаспадарыць у такой “цёплай” медыцынскай установе вось ужо на працягу 20 гадоў А.А.Карповіч.

Хоць і нарадзіўся Андрэй Анатольевіч у Слуцкім раёне, у Двор Пліне адчувае сябе сваім. Сюды яго бацькі пераехалі напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, уладкаваліся на працу ў сельгаспрадпрыемства, якое выдзеліла Карповічам прасторны катэдж, і герой нашага аповеду пайшоў у мясцовую школу. Яго схільнасць да хіміі, біялогіі, цікаўнасць да псіхалогіі настаўнікі не маглі не прыкмеціць. І калі хлопцу прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, парэкамендавалі медыцынскае вучылішча.

І не прагадалі! Пасля атрымання ў жніўні 1997 года спецыяльнай адукацыі А.А.Карповіч па размеркаванні вярнуўся на малую радзіму, у Плінскі ФАП. Некаторы час па сумяшчальніцтве ўзначальваў такую ж медустанову ў Матырыне, пазней уваходзіў у склад брыгады хуткай медыцынскай дапамогі ЦРБ.

– Ад такой занятасці, магчымасці дапамагчы вялікай колькасці людзей атрымліваў маральнае задавальненне, – расказвае Андрэй Анатольевіч. – Але ўсё ж вырашыў, што ўпор варта рабіць не на колькасць, а на якасць – выходзячы на ФАП пасля начнога дзяжурства ў бальніцы, часам мог штосьці ўпусціць, што для медыка недаравальна!

Зараз на абслугоўванні Плінскага ФАПа 460 жыхароў 12 населеных пунктаў. І калі Пліна, Угрынкі, Бярозкі, як кажуць, пад бокам, то да Замошша-2 ці Пушчы яму даводзіцца пераадольваць да 12 кіламетраў. Калі няма транспарту з райбальніцы, робіць гэта Андрэй Анатольевіч на веласіпедзе, які яму выдзелілі ў 2017 годзе.

Ён вельмі адказна падыходзіць да забяспечанасці ФАПа лекамі – пад рукой заўсёды ёсць правераныя часам і разрэкламаваныя сучасныя сродкі. І ўсе яны, па словах спецыяліста, найлепшым чынам спалучаюць якасць і кошт. Такімі медыкаментамі Андрэй Анатольевіч запоўніў вялізную шафу ў пакоі для прыёму пацыентаў, а яе сценкі абклеіў яркімі ўпакоўкамі ад лекаў, буклетамі. Пэўны запас бярэ з сабой і дамоў, каб у экстранным выпадку знайсці для аднавяскоўцаў неабходны сродак.

– У апошні час у насельніцтва, якое абслугоўваю, “актывізаваліся” хваробы сэрца, часта даюць пра сябе ведаць цукровы дыябет, праблемы з апорна-рухальным апаратам, шчытападобнай залозай, – кажа А.А.Карповіч. – У той жа час, дзякуючы праведзенай імунізацыі, адышлі прастуда, грып.

Бічом апошняга часу, па словах медыка, з’яўляюцца самагубствы. Прычым, жыцця пазбаўляюць сябе найперш людзі працаздольнага ўзросту. Выйсце з гэтай сітуацыі Андрэй Анатольевіч бачыць у рэлігіі: запрасіў неяк бацюшку для асвячэння ФАПа, абсталяваў міні-выставу праваслаўнай тэматыкі – з кнігамі, іконамі, іншай царкоўнай атрыбутыкай. Звярнуцца да Бога ён раіць тым пацыентам, якія заблыталіся ў жыцці, не бачаць сэнсу для далейшага існавання.

– І ўсё ж колькасць насельніцтва змяншаецца, – са шкадаваннем зазначае загадчык ФАПа. – Напачатку маёй прафесійнай дзейнасці адпаведная лічба на ўчастку была ўдвая большай, штогод нараджалася па 5-7 дзетак. На сённяшні ж дзень малышоў да года ўсяго сямёра і новых “на гарызонце” не бачна.

А.А.Карповіча радуе магчымасць зносін з новымі людзьмі. Штогод ён удзельнічае ў арганізацыі аздараўленчага працэсу ў дзіцячым лагеры “Турасполле”, чытае лекцыі па аказанні першай медыцынскай дапамогі ў цэнтры падрыхтоўкі будучых вадзіцеляў, што ў Градзянцы.

У лячэбным працэсе Андрэй Анатольевіч выкарыстоўвае самыя розныя магчымасці: практыкуе акупунктуру, не адмаўляецца і ад сродкаў народнай медыцыны. У яго кабінеце – каля двух дзясяткаў вазонаў з рознымі раслінамі. Так што “лекі” ад несур’ёзнага апёку ці, скажам, насмарку знойдуцца і пры адсутнасці ў чалавека грошай. Праўда, прымяняць такія “немедыцынскія” сродкі, падкрэслівае А.А.Карповіч, трэба асцярожна, пад кантролем спецыяліста, паколькі нават самая бяскрыўдная траўка можа сур’ёзна нашкодзіць арганізму.

Ёсць у вясковага медыка і яшчэ адзін сакрэт, які дапамагае ў прафесійнай дзейнасці, – уменне хутка знаходзіць з пацыентамі агульную мову. Не сакрэт, што многім пажылым людзям для добрага самаадчування патрабуецца не столькі медыкаментознае лячэнне, колькі простая чалавечая спагада. Усіх іх Андрэй Анатольевіч уважліва выслухае, для кожнага знойдзе цёплае слова. Таму і звяртаюцца да яго сельскія жыхары і як да псіхолага, і як да сябра.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *