Зубной врач Жанна Рыбчинская помогает ушачанам обрести красивую улыбку

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Ці многа вы бачылі людзей, якія ўсміхаюцца ў стаматалагічным крэсле? Напэўна, не, бо мала хто са спакойным сэрцам ідзе да зубнога ўрача. А вось падчас нашага нядаўняга візіту ў паліклініку да спецыяліста з трыццацігадовым стажам і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй Ж.Н.Рыбчынскай пацыентка ўсміхалася. Згадзіцеся, не кожны медык здольны выклікаць у хворага такі давер. Пра Жанну Ніканораўну ж тыя, хто хоць раз пабываў у яе добрых руках, расказваюць як пра сапраўднага прафесіянала.

У маленстве ўраджэнка Судзілавіч, а пасля – жыхарка Двор Пліна, як і ўсе дзеці, баялася стаматолагаў. Памятае, як яе – васьмігадовую дзяўчынку – мама сілай цягнула ў бальніцу, каб вылечыць карыес. Пра тое, што сама некалі будзе прымаць пацыентаў у “страшным” зубалячэбным крэсле, гераіня нашага аповеду і падумаць не магла!
Нікога, звязанага з медыцынай, у сям’і Ж.Н.Рыбчынскай няма. У школьныя гады яна любіла рускую мову і літаратуру, меркавала звязаць свой лёс з гуманітарнай сферай. Сваю прафесійную дзейнасць пачынала педагогам-арганізатарам у Вялікадолецкай школе. Тады і зразумела, што моцна памылілася. Выправіць сітуацыю дапамагло паступленне на зубаўрачэбнае аддзяленне Аршанскага медвучылішча. Калі ж прыйшла на працу спачатку ў паліклініку Ушацкай райбальніцы, а потым на Селішчанскі фельчарска-акушэрскі пункт, дзе быў прадугледжаны стаматалагічны кабінет, урэшце адчула сябе як рыба ў вадзе.
– Блізкія часта называюць мяне “гестапаўцам”, паколькі сапраўды атрымліваю ад сваёй работы задавальненне, – з усмешкай зазначае Жанна Ніканораўна. – На ФАПе не толькі лячыла зубы, але і выдаляла, аперыравала. Нярэдка сумую па такіх працэдурах і радуюся, калі цяпер падчас дзяжурства ў райбальніцы даводзіцца экстранна рабіць іх.
І ўсё ж часцей медык ратуе людзей ад болю больш гуманным метадам – лячэннем. Дарэчы, яно перастала быць непрыемным, бо многія маніпуляцыі ў платным кабінеце праводзяцца з выкарыстаннем сучасных метадаў абязбольвання. У сваёй практыцы Ж.Н.Рыбчынская выкарыстоўвае найлепшыя фотапалімерныя пломбы, сучасныя анестэтыкі. Накіроўвае ж пацыентаў на выдаленне зуба толькі ў выключных выпадках. Калі патрэбна, праводзіць розныя зубазберагальныя працэдуры, пасля якіх ён можа праслужыць яшчэ доўгі час.

– Каб радзей сустракацца са мной у паліклініцы, беражыце свой жэмчуг, – кажа Ж.Рыбчынская. – Рэгулярная гігіена, правільныя зубная паста і шчотка, прафілактычнае абследаванне кожныя паўгода – і праблем з поласцю роту не ўзнікне. На сённяшні дзень каля 99 працэнтаў дарослых ушачан маюць карыес, у многіх – зубны налёт, камяні. Нярэдка трапляюць да мяне на прыём і зусім маленькія пацыенты – ад двух годзікаў.
У зносінах з апошнімі, дарэчы, патрабуюцца асаблівае цярпенне, уменне зацікавіць і нават развесяліць. Аднак гэта Жанне Ніканораўне, якая не так даўно стала бабуляй, пад сілу і ў радасць. Прыходзяць на дапамогу доктару і бацькі малышоў. Самай жа складанай катэгорыяй пацыентаў, па словах Ж.Н.Рыбчынскай, з’яўляюцца, як гэта ні дзіўна, прадстаўнікі моцнай паловы. Нават ад лёгкага дотыку многія ўціскаюцца ў крэсла, а нярэдка ўвогуле губляюць ад страху прытомнасць. На такія выпадкі пад рукой заўсёды знаходзіцца аптэчка з усім неабходным.
Ёсць у Жанны Ніканораўны нямала пастаянных кліентаў, якія ўспамінаюць пра свайго зубнога ўрача не толькі тады, калі з’яўляюцца праблемы. Многія тэлефануюць, каб павіншаваць са святамі, проста сказаць добрае слова. За дзень кабінет Ж.Н.Рыбчынскай наведваюць у сярэднім 6-9 чалавек. У экстраных выпадках прымае доктар і пасля заканчэння вызначанага часу, а працуе яна на 1,5 стаўкі.
Дзейнасць стаматолага па ступені цяжкасці знаходзіцца на трэцім месцы сярод урачэбных спецыяльнасцей. І ўсё ж наша гераіня не шкадуе аб зробленым выбары, штодня спяшаецца да сваіх пацыентаў, каб падарыць ім здароўе і прыгожую ўсмешку.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *