Члены профсоюзной организации Ушачского райпо приняли участие в областном смотре художественной самодеятельности

В общественных организациях

Правядзенне абласнога агляду мастацкай самадзейнасці сярод работнікаў і калектываў арганізацый спажыўкааперацыі на Віцебшчыне стала традыцыйным. Сёлета дэманстраваць свае таленты і змагацца за званне лепшых адправіліся ў суседні Полацк і работнікі ўшацкага райспажыўтаварыства.

Канкурэнцыю нашым кааператарам складалі яшчэ 11 каманд з колькасцю ўдзельнікаў далёка за сотню, астатняя частка раёнаў Віцебшчыны выступала ў абласным цэнтры.

Да выбару нумароў да мерапрыемства ўшацкая каманда аднеслася грунтоўна і адказна, з творчым запалам. Каб усё атрымалася, дапамагалі ім у падрыхтоўцы і работнікі культуры. Таму выступленне ўшачан атрымалася разнапланавым, арыгінальным і ва ўсіх намінацыях яны выглядалі дастойна. Паколькі лейтматывам мерапрыемства было 100-годдзе Белкаапсаюза, то вельмі дарэчы глядзелася сцэнка “Як было раней”. Калі сярод удзельнікаў агляду яшчэ былі тыя, хто дагэтуль не паспытаў ушацкую мінералку, то пасля выступлення Наталлі Пашкевіч яны яўна захацелі гэта зрабіць – так запамінальна ў намінацыі “мастацкае чытанне” рэкламавалася “Вечалле”.

Вы калі-небудзь бачылі, каб жонкі сваіх мужоў на рынку прадавалі? Алена Данілёнак, Юлія Логінава, Ганна Саўчанка, Пётр Масцяеў і Аляксандр Барысёнак у пастаноўцы “Гандаль” так удала абыгралі гэтую карціну, што ўсе астатнія ўдзельнікі конкурсу ледзь не прынялі яе за рэальную. Упэўнена трымаліся на сцэне і Лідзія Карабань, Дар’я Станкевіч, Юлія Хадан, Таццяна Стукач, Артур Карабань, пакарыўшы строгае журы з аблспажыўсаюза побытавым танцам “Лявоніха” і вясёлай “Гадалкай”. Нельга не адзначыць і важкі ўклад у справу прафсаюзнага лідара арганізацыі Ірыны Долгай, якая сабрала згуртаваную каманду і кіравала творчым працэсам. Ушачан вылучылі ва ўсіх намінацыях і па выніках конкурснай праграмы яны ўвайшлі ў лік лепшых.

Ацаніць творчае майстэрства нашых удзельнікаў абласнога агляду самадзейнасці змаглі не толькі тыя, хто быў у Полацку, а і іх калегі. На нядаўнім канцэрце, прысвечаным Дню спажывецкай кааперацыі, з некаторымі нумарамі праграмы яны выступілі на сцэне раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Дарэчы, гэты канцэрт поўнасцю складаўся з нумароў работнікаў райспажыўтаварыства. Аказваецца, пасады бухгалтараў, эканамістаў, вадзіцеляў, улікоўцаў зусім не перашкаджаюць творчасці.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *