В профсоюзе аграриев новый лидер

В общественных организациях

У канцы мінулага года адбыўся пленум Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, ключавым пытаннем якога стала перавыбранне старшыні. За прапанаваную кандыдатуру Кацярыны Аляксандраўны Рэут аднагалосна прагаласавалі ўсе ўдзельнікі пленума.

На сённяшні дзень гэта самы вялікі ў раёне галіновы прафсаюз, у складзе якога 18 пярвічак і без малога тысяча чалавек. Трэба адзначыць, што аграрная сфера для К.А.Рэут вельмі блізкая: дзяўчына вырасла на вёсцы, усё жыццё ў сельскай гаспадарцы шчыруюць яе бацькі. З 2005 года і сама Кацярына працавала ў ААТ “Ільюшынскі”, спачатку бухгалтарам, а апошнія пяць гадоў – галоўным эканамістам.

Прадставіў аграрыям новага прафсаюзнага лідара старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. Ён зазначыў такія станоўчыя бакі спецыяліста, як стараннасць, сумленнасць, удумлівы падыход да даручаных заданняў.

Намеснік старшыні абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Маргарыта Міхайлаўна Іванчанка спынілася на актуальных на сённяшні дзень пытаннях аб’яднання. Яна зазначыла, што прафсаюз АПК пазіцыяніруе сябе як памочнік улады, які перш за ўсё павінен клапаціцца пра чалавека-працаўніка, параіла больш звяртаць увагі на ахову працы, стымуляванні лепшых работнікаў арганізацыі, а таксама падкрэсліла, што абласны камітэт заўсёды падставіць плячо пры розных спрэчных момантах, калі трэба абараніць інтарэсы аграрыяў.

“Ведаю праблемы сельскай гаспадаркі, як кажуць, знутры. Зараз унікаю ў курс прафсаюзнай справы, – падзялілася ў размове з намі Кацярына Аляксандраўна. – Адно з набалелых пытанняў – запазычанасць па ўзносах, якую маюць многія арганізацыі. Лічу, што 1 працэнт ад заробкаў не паправіць эканамічны стан гаспадаркі, але дапаможа заахвоціць лепшых работнікаў, набыць сродкі аховы, вырашыць некаторыя іншыя злабадзённыя пытанні. Удзячна за аказаны мне давер, буду імкнуцца яго апраўдаць”.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *