Сельхозпредприятия Ушачского района активно готовятся к жатве-2017

Сельское хозяйство

Амаль 140 гектараў азімага рапсу даспяваюць на палях ААТ “Агра-Селішча”. Прыбытковая гэта культура, але і патрабавальная, шмат сродкаў укладзена ў яе, каб ураджай парадаваў аграрыяў. Таму ўбраць рапс своечасова і з мінімальнымі стратамі становіцца справай стратэгічнай. Папярэднічае гэтаму працэс падрыхтоўкі камбайнаў – справа клопатная і фінансава стратная. Але мясцовыя механізатары на працягу апошніх гадоў заўсёды ў ліку першых выводзяць збожжаўборачныя агрэгаты ў поле.

“Ліда-1300” Алега Крывёнка застыла на мехдвары на “вечным захоўванні”. “Будзем спісваць, – кажа Алег Юльянавіч. – Шкада, надзейны агрэгат быў, але ж гады… Да таго ж невядома, як сябе новы камбайн зарэкамендуе”. На самой справе КЗС-1218, на якім сёлета будзе ўбіраць хлеб механізатар, новы толькі для гаспадаркі, бо перададзены з ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Мякка кажучы – не ў ідэальным стане. “Трэба перагледзець усе вузлы і агрэгаты, работы яшчэ не на адзін дзень”, – А.Крывёнак да справы адносіцца з усёй адказнасцю.

Як і яго калегі па механізатарскім цэху Юрый Юркевіч і Генадзь Хадасевіч. Зрэшты, ім прасцей, бо рыхтуюць да жніва свае машыны, на якіх працавалі і ў мінулагоднюю кампанію. З яе два камбайны выйшлі без сур’ёзных паломак, былі ачышчаны ад пажніўных рэшткаў і пастаўлены на зімовае захоўванне. Таму і не патрабавалі вялікага рамонту, трэба толькі замяніць падшыпнікі, ланцугі, рамяні і некаторыя іншыя так званыя “расходнікі”.

У чацвер менавіта Ю.Юркевіч і Г.Хадасевіч, па іх словах, “здавалі экзамен” – атрымлівалі допуск на выезд у поле. Дробную няспраўнасць у выглядзе адсутнасці гукавога сігналу пры руху заднім ходам Юрый ліквідаваў за лічаныя хвіліны – у астатнім камбайн адпавядаў патрабаванням. Агучвалі іх начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Іван Мікалаевіч Пухальскі і прадстаўнік Мінсельгасхарча, намеснік начальніка Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання Аляксандр Анатольевіч Маеўскі – экзамен атрымаўся сапраўды “міністэрскім”. І быў здадзены “на выдатна” з невялікімі агаворкамі: ­Ю.Юркевічу для выезду на жніво дастаткова толькі размясціць на камбайне знак ціхаходнага транспартнага сродку, невялікія хібы ўхіліць і Г.Хадасевіч, які толькі за дзень да таго пакінуў кабіну трактара з граблямі – механізатары ў гаспадарцы на вагу золата, але, трэба адзначыць, яны таго каштуюць, бо могуць “рэаніміраваць” практычна любую тэхніку.

Першы намеснік начальніка райсельгасхарча Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў даволі прыдзірліва агледзеў шчыльнасць злучэнняў вузлоў і агрэгатаў. Механізатары да гэтага адносяцца з разуменнем: рапс – культура дробназярністая, таму і выкарыстоўваецца пры яго уборцы “сталы” – спецыяльныя прыстаўкі на жняярку, якія прызначаны зменшыць страты. “Праязджаў учора каля палёў, цямнеюць стручкі, – запэўніваў Ю.Юркевіч. – калі надвор’е паспрыяе, да выхадных можна будзе ехаць убіраць!”

Акрамя “Агра-Селішча” гатовы да ўборкі азімага рапсу і два камбайны КУСГП “Вялікадолецкае” – пастараліся Юрый Альбіновіч і Уладзімір Вусько. Пасевы каштоўнай культуры маюцца таксама ў КУСГП “Кублічы” і самыя вялікія – 188 гектараў – у ААТ “Ільюшынскі. Гэтым гаспадаркам таксама трэба пастарацца і тэрмінова падрыхтаваць камбайны. Ды і астатнім сельгаспрадпрыемствам марудзіць няма калі – жніво ўжо літаральна на парозе.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *