В г.Томашув-Мазовецкий Лодзинского воеводства Республики Польша подписан Договор об установлении партнерства между Ушачским районным Советом депутатов и администрацией Томашовского повята

Общество

Дэлегацыя Ушацкага раёна пабывала ў гора­дзе Тамашуў-Мазавецкім Лодзінскага ваяводства ў Польшчы. Адбыліся афіцыйныя сустрэчы з кіраўніцтвам павета – старастам Міраславам Куклінскім і віцэ-старастам Дарыушам Кавальчыкам, членамі Рады, прадстаўнікамі Лодзінскага ваяводства, прэзідэнтам горада. Вынікам візіту стала падпісанне пагаднення аб партнёрстве паміж Ушацкім раёнам і Тамашоўскім паветам у самых розных галінах супрацоўніцтва.

Мэта любога партнёрства паміж рэгіёнамі перш за ўсё ва ўзаемнай выгадзе: прамых кантактах, інвестыцыйных праектах, продажы сваёй прадукцыі і паслуг, удзеле ў сумесных культурных мерапрыемствах. Ну а распачынаюцца дзелавыя адносіны са знаёмства, асабістых стасункаў, уражанняў, сяброўства. І калі эканамічныя пагадненні паміж нашымі рэгіёнамі яшчэ наперадзе, то супрацоўніцтва ў культуры і адукацыі ўжо пачалося.

Лепшая падстава для гэтага, вядома, свята. З нашымі традыцыямі, культурай, адукацыяй намеснік старасты павета Барбара Робак і намеснік дырэктара адной з навучальных устаноў Тамашуў-Мазавецкага Каміла Масенджык знаёміліся падчас Дня Незалежнасці 3 ліпеня. І да сябе польскі бок запрасіў ушачан таксама на ўрачыстасць – на “Дажынкі”, якія ў Тамашоўскім павеце святкаваліся 20 жніўня ўпершыню. “З гэтага дня традыцыйным будзе не толькі правядзенне павятовага свята ўраджаю, але і запрашэнне на яго нашых сяброў – дэлегацыі з Ушацкага раёна”, – падкрэ­сліла, адкрываючы ўрачыстасць, кіраўніцтва павета.

Важкія снапы, духмяныя караваі, насычаная музычная праграма. Свята ўраджаю было вельмі відовішчным. Кожная гміна (адміністрацыйная адзінка накшталт нашага сельсавета) запрашала на свае панадворкі, прадстаўляла адмыслова аформлены сноп, з якіх выбіраліся арыгінальныя, а потым лепшыя з лепшых. У Польшчы землі пераважна прыватныя, фермеры займаюцца сваім абраным накірункам, высокая і культура земляробства. Па ўсім свеце прадаецца польская садавіна, заваявала добрую рэпутацыю мясная прадукцыя. І Тамашоўскі павет не выключэнне. Ён вядомы пастаўшчык, у тым ліку на беларускі рынак, сваіх адборных груш. Ёсць тут і прамысловасць: шкляны завод і керамічны, дзе выпускаецца плітка “Парадзіш”. Развіта і яшчэ адна галіна, якую на сабе адчула наша дэлегацыя – турызм. Паколькі горад мае выгаднае геаграфічнае месцазнаходжанне, недалёка ад Кракава, Прагі, Вены, Любліна, то ў мясцовых атэлях спыняюцца шматлікія турысты. Дарэчы, толькі за адзін дзень месцы ў іх браніруюць дзясяткі беларусаў. Менавіта ў гэтым напрамку бачыцца магчымасць хуткага супрацоўніцтва.

Польскі бок зацікавіў санаторый “Лясныя азёры”, як і наогул наш багаты прыродны край. Перапытвалі, не верачы пачутаму падчас візітоўкі Ушацкага раёна, палякі ўсяго некалькі разоў: пра колькасць насельніцтва (у іх практычна такім жа па плошчы павеце пражывае больш 120 тысяч чалавек), а таксама азёр. Там, канечне, ёсць вадаёмы, аднак яны пераважна штучныя. І таму адпачынак, аздараўленне на Ушаччыне стараста Тамашоўскага павета Міраслаў Куклінскі лічыць карысным для сваіх людзей. Як і ўвогуле знаёмства з Беларуссю, з яе культурай і адукацыяй. Ён сказаў аб гэтым у інтэрв’ю мясцоваму тэлебачанню: “Мы пазнаём адзін аднаго і тым самым пазбаўляемся недаверу, ствараем суседскія і сяброўскія, партнёрскія адносіны. У Беларусі на вельмі высокім узроўні развіта адукацыя, культура, якая дала вядомых усяму свету пісьменнікаў, мастакоў. Можна павучыцца і добраўпарадкаванню, мы былі проста ўражаны прыгажосцю беларускіх населеных пунктаў”.

– З першага дня візіту ўбачылі зацікаўленасць польскага боку ў развіцці адносін паміж нашымі рэгіёнамі. Вельмі задаволена, што паміж Ушацкім раёнам і Тамашоўскім паветам падпісаны дагавор аб партнёрстве, – расказала аб галоўным выніку паездкі старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. – Калі ў іншых раёнах ужо не першы год існуюць гарады-пабрацімы, з якімі наладжаны дзелавыя і культурныя сувязі, то мы толькі распачынаем дыялог. Завязаліся стасункі яшчэ ў Віцебску, куды прадстаўнічая дэлегацыя з Польшчы прыязджала ў сакавіку з мэтай развіцця двухбаковых адносін. У Польшчы мы расказалі пра наш раён, паказалі яго патэнцыял, імкнуліся зацікавіць магчымымі ўзаемавыгаднымі інвестыцыйнымі праектамі. Ну а супрацоўніцтва ў культуры ўжо дзейнічае: на святочным канцэрце польскіх “Дажынак” выступаў калектыў “Ушачаначка”. Так што вельмі вялікае кола гледачоў ужо мае ўяўленне аб беларускім фальклоры. Дарэчы, палякі таксама зацікаўлены ў адраджэнні народных традыцый, а паколькі ў іх няма такой сеткі ўстаноў культуры, то многае страчана і яны цікавяцца нашымі метадамі. А наогул паміж беларусамі і палякамі многа агульнага. Па-першае, тая ж гасціннасць і шчырасць. Нас вельмі цёпла сустракалі, пазнаёмілі з сацыяльнай сферай, работай адміністрацыі, паказалі славутасці. Падобныя і мовы, слова “сяброўства” не патрабуе перакладу. А калі я вітала ўдзельнікаў дажынак на беларускай, рускай, польскай мовах, гэта выклікала вельмі шчырыя эмоцыі: яны паважаюць высокі патрыятызм да сваёй краіны і пашану да іншых народаў. Многа, канечне, і рознага, няма такой як у нас сацыяльна накіраванай палітыкі. Аднак кожны імкнецца да росквіту свайго краю. І ў палякаў можна многаму павучыцца, таму ж уменню працаваць.

“Добра, каб паміж нашымі краінамі быў бязвізавы рэжым не толькі ў прыгранічных раёнах, і не толькі на 5 дзён”, – прасіў падняць на дзяржаўным узроўні пытанне прадстаўнік польскага боку, які нядаўна скарыстаўся такой магчымасцю і на ўласныя вочы пабачыў, як жыве беларускі народ. А паколькі палякі ўжо зараз могуць наведваць нашу краіну на працягу пяці дзён без віз, то павінна вырасці і колькасць турыстаў на Ушаччыну з Тамашоўскага павета. А паступова і інвестараў. Самы ж складаны – першы крок, а ён зроблены. За ім – шматграннае супрацоўніцтва: паміж творчымі калектывамі, малым і сярэднім бізнесам, стажыроўкі, абмен вопытам… Усё тое, што называецца партнёрствам.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *