Банкет с неприятным продолжением. Кража соседского имущества привела жителя Ореховно за решётку

Закон - один для всех

Жыхар аграгарадка Арэхаўна 1974 года нараджэння ўжо меў праблемы з законам. Яго каньком былі маёмасныя крадзяжы. І хоць судзімасці з часам гасіліся, зялёны змей працягваў падштурхоўваць да новых “подзвігаў”.

Нават воўк не забівае авечак там, дзе жыве. Такім прынцыпам спачатку карыстаўся і Вячаслаў, выбіраючы ў якасці аб’ектаў для крадзяжу дамы ў суседніх населеных пунктах. Праўда, хапіла зламысніка ненадоўга – стаміўшыся ад далёкіх маршрутаў, палез да суседзяў. Першай “ахвярай” у Арэхаўне стала прадстаўніца слабага полу – яна пазбавілася мотакасы, бензапілы і іншай маёмасці на агульную суму амаль 240 рублёў. Каб не трапіць у непрыемную сітуацыю, другі дачнік абгарадзіў свой дом высокай агароджай, паклапаціўся і пра шматлікія запорныя прылады. Аднак і гэта зламысніка не спыніла. На чарговую сваю аперацыю ён выйшаў… з лесвіцай, якую прыхапіў у сябе дома. З дапамогай гэтай прылады і пераадолеў перашкоду. Не разгубіўся Вячаслаў і ў чужым двары – хутка знайшоў прыстасаванне, каб узламаць замкі, і без праблем пранік у дом. Ну а там яго чакаў сапраўдны падарунак лёсу: элітны спірт “Раяль”, настойка “Моцны арэшак”, віно. Ад убачанага разбягаліся вочы. Каб не несці з сабой такі “цяжкі” груз, мужчына вырашыў “разабрацца” з ім на месцы. Пайшлі ў ход таксама паўкілаграма квашанай капусты і звараныя прама тут макароны. Калі ж Вячаслаў урэшце насыціўся, знайшоў сумку, склаў у яе астаткі спіртнога і слоік з мёдам, перанёс гэты скарб сабе ў лазню, дзе і працягнуў банкет. Вось толькі доўжылася гэтае свята жывата нядоўга. Так і не прыступіўшы да дэсерту, злодзей быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

У адносінах Вячаслава была ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.205 КК Рэспублікі Беларусь. Па рашэнні суда Ушацкага раёна за незаконныя вылазкі мужчыну прызначана пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі.

Д.КЛАЧОК, следчы раённага аддзела Следчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *