Руководитель коллектива «Матырынская спадчына» А.Рудёнок отпраздновала 80-летний юбилей

Экономика и малый бизнес Юбилейные даты

Багаты наш край на народную песню, як і на людзей, здольных прыгожа спяваць, перадаваць і прымнажаць народныя традыцыі. У вянку гэтага мастацтва выдатным дыяментам на працягу многіх гадоў ззяе народны фальклорны калектыў “Матырынская спадчына”.

Сёлета самадзейны гурт адзначыў свой трыццацігадовы творчы юбілей. Ну а днямі віншаванні да 80-годдзя з Дня нараджэння прымала і яго кіраўнік А.І.Рудзёнак. На працягу цэлага тыдня ў доме жанчыны не сціхалі цёплыя словы ад блізкіх, калег, ну і вядома ж, песні – неад’емны складнік яе жыцця.

Калі днямі з намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама М.Шаўчэнкай і дырэктарам раённага цэнтра культуры і народнай творчасці М.Макрыдзінай ехалі ў госці да юбіляркі, запыталася: хто для вас Аляксандра Іванаўна? Адказвалі: асоба… талент… душа Ушаччыны… І казалі пра жанчыну толькі з захапленнем, што і нядзіўна, бо яна – чалавек шчыры, спагадлівы, улюбёны ў сваю справу, сям’ю, сяброў – ды і ў само жыццё.

Жанчына родам з Матырына. На працягу 25 гадоў працавала ў сферы гандлю. З самага дзяцінства захаплялася народнай творчасцю: цудоўна спявала, танцавала, ведала шмат прыказак і прымавак, займалася ткацтвам, вышыўкай, як, дарэчы, і зараз. Ад бабулі і маці пераняла многія абрадавыя песні, гульні, карагоды. А калі выйшла на заслужаны адпачынак, трапіла ў “Матырынскую спадчыну”, стаўшы носьбітам фальклорных традыцый у трэцім пакаленні.

Лідарскія здольнасці Аляксандры Іванаўны далі свой плён. Яна не баялася ўносіць новыя творчыя ідэі ў работу калектыву, была вядучай на многіх фальклорных вечарах і сустрэчах. Сваімі рукамі вышыла фартухі і кашулі для ўдзельнікаў гурту, а ў  2004 годзе стала яго кіраўніком. Гэта дало новы штуршок у рабоце “Матырынскай спадчыны”: пачалі ладзіцца сямейныя святы, экскурсіі, юбілей ўдзельнікаў, усталяваліся стасункі з іншымі фальклорнымі калектывамі.

За гэты час было безліч выступленняў як на фестывалях і конкурсах самага высокага ўзроўню, так і перад простай вясковай публікай. Хоць і валодае Аляксандра Іванаўна выдатным голасам, аднак сола спявае рэдка, затое кожнаму ўдзельніку гурта дае магчымасць праявіць сябе.

Клапоціцца яна і пра тое, каб жыла культура Ушаччыны ў будучым. Збірае прыпеўкі, з задавальненнем перадае свой вопыт, веды маладому пакаленню ўшачан, дапамагае кіраўніку дзіцячага калектыву “Спадчына” Галіне Сяргееўне Рудзёнак.

Такая актыўнасць, прычым, у розных напрамках творчасці, не застаецца незаўважанай. Фальклорны калектыў у 2004 годзе атрымаў званне “народнага”, неаднаразова адзначаўся падчас розных аглядаў-конкурсаў. У 2016-м кіраўнік “Матырынскай спадчыны” А.І.Рудзёнак узнагароджана прэміяй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры і мастацтва ў намінацыі “Народная творчасць” і Ганаровым знакам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму за прапаганду народнай творчасці Беларусі.

Аляксандра Іванаўна з сяброўкамі-аднадумцамі прыгожа, з радасцю, а часам і з гумарам на працягу многіх гадоў знаёміць ушачан з мясцовымі культурай, гісторыяй, звычаямі. І сама яна для нас – яркі прыклад мудрасці, дабрыні і прыгажосці.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: Галіна і Аляксандра Рудзёнак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *