Заготовительный сезон в разгаре. Ушачское райпо закупает у населения клюкву, яблоки, грибы

Калейдоскоп Общество

Хоць на двары халаднаватае і дажджлівае восеньскае надвор’е, аднак сезон нарыхтовак у разгары. Як і ў папярэднія гады райспажыўтаварыства вядзе закуп журавін, у насельніцтва яны зараз прымаюцца па 2 рублі 60 капеек за кілаграм. Сёлетні год многія ўшачане лічаць ураджайным на журавіны, аднак пакуль гэтай карыснай ягады нарыхтавана нямнога – каля 300 кілаграмаў.  Немалы ўклад у гэтую лічбу ўнёс і сарочынскі магазін.

– Здаюць журавіны ў асноўным жыхары Сарочына, а таксама бліжэйшых населеных пунктаў, але пакуль не надта актыўна. Магчыма, многія ў першую чаргу нарыхтоўваюць ягады для ўласных мэт, – гаворыць прадавец магазіна Юлія Пацэвіч (на здымку).

Нядрэнна ідзе нарыхтоўка і ў мосарскім магазіне. Наогул прымаюць журавіны, як і грыбы (белыя, падасінавікі, лісічкі) у кожнай сельскай краме. Нарыхтоўваць гэтую карысную ягаду ўшацкія кааператары гатовы ў неабмежаванай колькасці (тым больш што яна выдатна захоўваецца) у першую чаргу для рэалізацыі праз сваю гандлёвую сетку, на кірмашах, а таксама для вырабу ўласнай прадукцыі на хлебазаводзе і аб’ектах грамадскага харчавання. У выпадку, калі б журавін было нарыхтавана больш, маглі б іх і экспартаваць.

А вось яблычным 2017-ы год не назавеш: калі летась на гэты ж перыяд было нарыхтавана больш за 700 тон, то сёлета пакуль толькі крыху больш за 30. Для прамысловай перапрацоў­кі яблыкі (апад) прымаюцца ў неабмежаванай колькасці  па 10 капеек за кілаграм. Лішкі садавіны можна здаць не толькі ў нарыхтоўчым пункце ў гарпасёлку, а і на сяле. У населеныя пункты, дзе няма магазінаў, кааператары гатовы прыбыць па папярэдніх заяўках здатчыкаў. Ехаць за невялікай колькасцю мяхоў немэтазгодна, а таму нарыхтоўшчыкі збіраюць заяўкі, напрыклад, з некалькіх блізкіх вёсак адной зоны і накіроўваюцца за прадукцыяй. Ніводны зварот у райспажыўтаварыстве не пакідаюць без разгляду і заўсёды стараюцца  пайсці насустрач ушачанам.

Акрамя гэтага, грамадзяне маюць магчымасць здаць і лішкі здымных (таварных) яблыкаў цвёрдых сартоў па цане 1 рубель за кілаграм, якія будуць цяпер і ў міжсезонне прадавацца ў магазінах раёна.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *