Хроника происшествий в Ушачском районе

Закон - один для всех

Трайны поспех – грунтоўны правал

Практычна як у фільме пра Боні і Клайда напачатку жніўня развіваліся падзеі на Далеччыне. Пара жыхароў Докшыцкага раёна 1981 і 1985 гадоў нараджэння пайшлі на паляванне ў лясны масіў, сумежны з нашым. Удачлівым іх занятак не стаў – і каб не вяртацца дамоў з пустымі рукамі, грамадзяне вырашылі пажывіцца ў адным з дачных дамоў у вёсцы Лагі. Там іх здабычай сталі мёд, рогі і іншая маёмасць на суму каля 500 рублёў. Відаць, каб адзначыць удалую справу, злодзеі завіталі яшчэ і ў Малыя Дольцы, дзе абрабавалі магазін больш чым на 600 рублёў – акцэнт зрабілі на спіртныя напоі і прадукты харчавання. Калі ж на наступны дзень паўстала пытанне, як даставіць дамоў увесь гэты скарб, вырашылі прыдбаць і транспартны сродак. Падыходзячы варыянт – матацыкл “Мінск” – знайшлі ля чужога дома ў Казімірове. Адтуль і рушылі ў бок Докшыцкага раёна. Вось толькі дабрацца да месца прызначэння парачцы не было суджана: прама ў лесе іх затрымалі ўшацкія праваахоўнікі.

170 грамаў… бяды

Менавіта такі запас марыхуаны супрацоўнікі міліцыі выявілі ў жыхара вёскі Ліпавец 1983 года нараджэння. “Вясёлую” расліну мужчына культываваў на сваім прысядзібным участку і выкарыстоўваў для ўласных патрэб. Аднак цяпер гора- агародніку не да весялосці – у адносінах яго ўзбуджана крымінальная справа.

“Залатая” рыбка

Наш зямляк 1988 года нараджэння засвяціўся па факце браканьерства ў студзені бягучага года. Тады яго незаконным уловам сталі 5 ліноў і 1 плотка. Вось толькі атрыманае па ўзгаданым факце пакаранне мужчыну не напужала – і ён зноў накіраваўся на вадаём, прыхапіўшы з сабой рыбалоўныя сеткі. Па ўсім відаць, не разлічваў на сустрэчу з прадстаўнікамі Полацкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Аднак фартуна зноў адвярнулася ад гора-рыбака, паласавацца ляшчамі ды карасямі (усяго 10 рыбін вагой 7 кг) у яго не атрымалася. “Промысел” выявілі, узбудзілі крымінальную справу. Урон, які нанёс сваімі дзеяннямі браканьер навакольнаму асяроддзю, склаў 1 тысячу 100 рублёў.

Дзіўны набор

Беспрацоўны ўшачанін 1988 года нараджэння ў канфлікт з законам дагэтуль не ўступаў. Напэўна таму, прабраўшыся нядаўна ў кватэру аднаго з дамоў па вуліцы Камсамольскай у гарпасёлку, разжыўся на, мякка кажучы, не зусім прывычныя для злодзея рэчы: вазу, цукерніцу, посуд для чаявання, дэкаратыўныя фігуркі. Такі набор пацягнуў на 50 рублёў. А вось навічку ў крымінальным свеце ён можа каштаваць 3 гадоў пазбаўлення волі.

Начны “Рэмба”

У райаддзел міліцыі звярнуліся работнікі Вяркудскага сельвыканкама, якія паведамілі пра факт пашкоджання агароджы ля адміністрацыйнага будынка. Нанесены ўрон склаў 144 рублі. Чым агароджа “правінілася” перад начным прахожым, пакуль не зразумела. Па ўзгаданым факце ўзбуджана крымінальная справа.

Даскакаўся…

Над неаднаразова судзімым ушачанінам 1961 года нараджэння супрацоўнікамі крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС ажыццяўляўся прэвентыўны нагляд. Аднак гэтая “акалічнасць” мала непакоіла мужчыну – ён працаўладкоў­вацца не спяшаўся, неаднаразова парушаў заканадаўства. Ды ўсё ж прыйшоў час паставіць кропку ў гэтай гісторыі – у адносінах грамадзяніна ўзбуджана крымінальная справа, яму пагражае да 4 месяцаў арышту.

Пацягнула за руль

Жыхар г.п.Ушачы 1979 года нараджэння ўжо меў праблемы з законам за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Пазбаўлены вадзіцельскіх правоў, адмовіцца ад чарговых заездаў мужчына не змог. Парушальніка чакае да 2 гадоў пазбаўлення волі.

Шукаюць “гаспадара”

“Гаспадарлівы” зламыснік прабраўся ў дачны дом жыхаркі сталіцы ў Чарапоўшчыне, адкуль вынес дамкрат, электрарухавік ад станка і іншую маёмасць на суму каля 670 рублёў. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа. Пытанне “Хто?” пакуль застаецца без адказу.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *