Не вводите преступников в соблазн. Большая часть криминальных происшествий в Ушачском районе — кражи с дачных домов

Закон - один для всех

Даволі значная частка ўсіх крымінальных здарэнняў, што рэгіструюцца ў нашым раёне – гэта крадзяжы з дачных дамоў. Пакінуўшы свае сядзібы ўвосень, многія грамадзяне часам забываюцца пра іх аж да вясны. У выніку бывае так, што факты пранікнення на дачы застаюцца доўгі час нявыяўленымі, што, канечне, вельмі ўскладняе пошук злодзеяў. Адметна, што квапяцца на маёмасць часцей нават не заезджыя “гастралёры”, а асобы, што дапамагаюць тым жа дачнікам у апрацоўцы агародаў, нядобранадзейныя суседзі, якім вядомы “графікі” візітаў суседніх гаспадароў з горада ў вёску.

А між тым некаторыя меры перасцярогі могуць дапамагчы ўладальнікам дач захаваць сваю маёмасць. Па-першае, не варта пакідаць у доме спакусу для ўзломшчыкаў: ад’язджаючы на доўгі тэрмін, па магчымасці забярыце з сабой каштоўныя рэчы, электратэхніку, а таксама прадукты і спіртныя напоі. Як сведчыць аналіз падобных здарэнняў у нашым раёне, часта мэтай злодзеяў з’яўляюцца нават не самі грувасткія халадзільнікі, пральныя машыны ды тэлевізары, а іх дэталі, што ўтрымліваюць каштоўныя металы, у выніку гаспадары потым знаходзяць у сваіх пакоях раскурочаную тэхніку, непрыдатную для карыстання.

Умацуйце запорныя прылады, калі ёсць аканіцы – зачыніце іх. Калі ў вёсцы маюцца пастаянныя жыхары, з імі варта дамовіцца пра перыядычны агляд сядзібы, пакінуць ім тэлефон на выпадак, калі нешта здасца падазроным. І, вядома ж, самым надзейным сродкам аховы з’яўляецца сігналізацыя.

Калі ўсё ж вы высветлілі, што ў час вашай адсутнасці на дачы нехта “пагаспадарыў”, патэлефануйце ў дзяжурную часць па нумары 102 або ўчастковаму інспектару. Да прыезду аператыўна-следчай групы захавайце абстаноўку ў доме без змяненняў. Крадзяжы з’яўляюцца цяжка раскрываемым відам злачынстваў, таму куды прасцей іх прадухіліць.

М.ПАДВОРНЫ, пракурор Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *