Сказка во дворе семьи Спирчонок

Благоустройство

Васіль Мікалаевіч Спірчонак – вадзіцель ПУП “Ляснеўшчына”, яго жонка Валянціна Міхайлаўна – сацыяльны работнік. Іх прасторны, светлы цагляны дом у Павуллі выдзяляецца сярод іншых рукатворнай прыгажосцю як унутры, так і звонку. А двор без перабольшвання нагадвае казачную краіну. Тут хочацца затрымацца, палюбавацца дзівоснымі куточкамі.

Яе, казку, стваралі сумесна гаспадыня і гаспадар. Не адставалі, вучыліся ў бацькоў і дзеці. Пачыналася ж усё банальна: наводзілі парадак у двары, глядзелі, як гэта робяць знаёмыя, шмат чыталі. І паступова кветкі, кусты, газон метр за метрам заваёўвалі месца пад сонцам. Сёння тут цэлая плантацыя ружаў, ёсць гладыёлусы, півоні, ліліі, званочкі… Не бярэмся нават пералічыць усё.

Літаральна на кожным кроку – арыгінальныя кветнікі: са старых шын, бочак і нават скураных боцікаў. У двары, дарэчы, некалькі зон адпачынку. У адной пасяліліся экзатычная жырафа, удаў і іншыя прадстаўнікі фауны, у другой прыселі ў гнёзды буслы, у трэцяй, ля самага дома, паўзе па сцяне прыгожы клямаціс… І ўсюды фігуркі птушак, звяркоў – керамічных і вырабленых з самых розных падручных матэрыялаў. “Ёсць у што фантазію ўкласці, на чым разгуляцца, – усміхаецца Валянціна Міхайлаўна. – Ніякіх мастацка-графічных факультэтаў не трэба, калі бярэш у рукі фарбы і пачынаеш тварыць прыгажосць для сябе і блізкіх. Увечары прысядзем з мужам у альтанку – і адыходзяць усе клопаты, уздымаецца настрой. Лепшай рэлаксацыі і не прыдумаеш”.

Вядома, работы шмат: і дом, і падворак патрабуюць пастаяннай увагі. Але для сям’і Спірчонкаў любая праца, а тым больш на зямлі – у радасць. Як вынік – у 2013 годзе ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванні Васіль Мікалаевіч і Валянціна Міхайлаўна сталі пераможцамі сярод жыхароў Вяркудскага сельсавета. Прыемна было адчуць такое прызнанне гаспадарам, а аднавяскоўцам парадавацца за іх.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *