Сотрудники Ушачского РОЧС и РОВД оказали помощь потерявшимся в лесу. До сих пор не найденным остаётся житель Глыбочки

Общество

У пазамінулую нядзелю пайшла ў журавіны на балота за Рагуцкімі. Людзей было нямнога, а вось ягад – наадварот. За зборам нават і не заўважыла, як праляцеў час. Калі пачало цямнець, з цяжкім мехам за плячыма і вядром у руках пайшла, як мне здавалася, бліжэй да выхаду. Але ж наперадзе з’явіліся луг, а потым лес з вялікім каналам, пераадолець які не змагла. Зразу­меўшы, што самастойна выбрацца ўжо не атрымаецца, схапілася за тэлефон і набрала першы нумар, які ўспомніла – 101. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях выслухалі мяне і арганізавалі пошук сумесна з прадстаўнікамі райаддзела міліцыі. Увесь гэты час яны са­звоньваліся са мной, давалі парады, як сябе паводзіць, каб не пераахалодзіцца і быць у бяспецы. Хутка непадалёк пачула гукі сірэн і стрэлы ракетніц. Каб знайсці і вывесці мяне, каманда спецыялістаў патраціла нямала сіл. Напрыклад, каб пераадолець канал, гэтым людзям давялося шукаць бабрыную плаціну і па ёй асцярожна пераходзіць. Сіл у мяне не было, таму яны дапамагалі ісці, а гэта каля 1,5 кіламетра па лесе. А першай гадзіне ночы я была дома.

Шчыра дзякую ўсім, хто меў дачыненне да майго выратавання: супрацоўнікам Ушацкага РАНС Максіму Валер’евічу Дукмасаву, Андрэю Міхайлавічу Уліновічу, Сяргею Паўлавічу Пацэйку, Дзмі­трыю Мікалаевічу Прашкевічу, Сяргею Сяргеевічу Бугаю, а таксама РАУС Сяргею Генадзьевічу Глінскаму, Сяргею Міхайлавічу Сабіну, Сяргею Міхайлавічу Калбасаву, Станіславу Вячаслававічу Коршуну, Мікалаю Анатольевічу Храпавіцкаму і Аляксандру Іванавічу Лісоўскаму. Нізкі паклон гэтым людзям за годную службу і незвычайную чалавечнасць! Хай іх беражэ Бог!

А жыхарам раёна хачу параіць быць асабліва асцярожнымі пры наведванні лесу, балота. Абавязкова бярыце з сабой зараджаны мабільны тэлефон – на ўласным прыкладзе ўпэўнілася, што ён можа выратаваць жыццё.

Нэлі Марачкіна, в.Вашкова.

***

Яшчэ адзін падобны выпадак адбыўся напачатку кастрычніка непадалёк ад Мосара. Мясцовы жыхар 1956 года нараджэння пайшоў у лес – і заблукаў. Звязацца са спецыялістамі экстранных службаў яму таксама дапамог тэлефон. На пошукі мужчыны выехала аператыўная група ў складзе супрацоўнікаў райаддзела міліцыі Аляксандра Аляксандравіча Бандарэнкі, Аляксандра Алегавіча Булыкіна і па надзвычайных сітуацыях – Максіма Васільевіча Кісяля, Сяргея Паўлавіча Пацэйкі, Дзмітрыя Мікалаевіча Прашкевіча, Ільі Віктаравіча Крывапушчанкі, Максіма Валер’евіча Дукмасава. Менш чым праз гадзіну мужчыну знайшлі і дапамаглі дабрацца дадому.

Увага – вышук!

На жаль, не заўсёды падобныя сітуацыі заканчваюцца станоўча. Супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Ушацкага РАУС да гэтага часу ўстанаўліваецца месцазнаходжанне жыхара аграгарадка Глыбачка Ушацкага раёна 1948 года нараджэння Мікалая Рыгоравіча Сіскевіча. 19 верасня бягучага года каля 16 гадзін мужчына пайшоў за грыбамі ў лес – і дагэтуль пра яго нічога не вядома.

Прыкметы: на выгляд: 65-70 гадоў, рост 165-170 см, хударлявага целаскладу, вочы блакітныя, волас светла-русы, коратка стрыжаны. Быў апрануты ў цёмныя куртку і штаны, гумавыя боты зялёнага колеру, пры сабе меў чырвонае вядро аб’ёмам 10 літраў.

Калі вам штосьці вядома па ўзгаданым факце, паведаміце пра гэта ў райаддзел міліцыі па нумарах 2-74-74 або 102.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *