Хроника происшествий в Ушачском районе

Закон - один для всех

Колькі ваўка ні кармі…

“Гаспадарлівы” зламыснік праз разбітае акно ў верандзе прабраўся нядаўна ў дом пажылой жыхаркі аграгарадка Арэхаўна. Яго здабычай сталі пыласос LG і рулон уцяпляльніка на агульную суму 70 рублёў. Вось толькі застацца незаўважаным неаднаразова судзімаму мясцоваму жыхару 1992 года нараджэння не ўдалося – ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Незаконна здабытыя ім рэчы вернуты ўладальніцы, а ў адносінах мужчыны ўзбуджана ўжо восьмая (!) крымінальная справа. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Трагічны выпадак

адбыўся ноччу 19 лістапада ў рэстаране “Купалінка”. 29-гадовы ўшачанін, спускаючыся ў стане алкагольнага ап’янення па лесвічным маршы, страціў раўнавагу і выпаў праз зачыненае акно паміж паверхамі на вуліцу. З адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай і шматлікімі ранамі мужчына быў дастаўлены спачатку ў раённую, а потым у абласную бальніцу. Зараз ён знаходзіцца ў коме. Па факце здарэння праводзіцца праверка. Вядома, што ўшачанін адпачываў у рэстаране ў кампаніі. З залы ён выйшаў разам з таварышамі, каб пакурыць.

Ахвяра вады

У суботу, 18 лістапада, каля 18 гадзін 50 хвілін на рацэ Альзініца ў вёсцы Двор Пліна патануў чалавек. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, мужчына 1965 года нараджэння пераходзіў мост і страціў раўнавагу, упаў у ваду і, па ўсім відаць, з-за ўдару не змог выбрацца з рэчкі, глыбіня якой крыху больш за паўметра.

Нядоўга музыка іграла

Непрыемны сюрпрыз чакаў днямі пажылую ўшачанку, уладальніцу дачы ва Угрынках. На звычайным месцы ў доме пенсіянерка не знайшла сваіх любімых гармоні, патэфона і радыёлы. Злодзей трапіў унутр дома, разбіўшы акно. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *