Не все жители Ушаччины добросовестно платят за коммунальные услуги. Отправляемся в рейд по неплательщикам

Закон - один для всех

Добра ведаем: за камунальныя паслугі трэба пла­ціць штомесяц не пазней за 25 чысло. Гэта эканоміць не толькі час і грошы, але і захоўвае добрае імя.

Безадказны, як і скупы, плаціць двойчы

Нядаўна давялося прыняць удзел у сумесным рэйдзе супрацоўнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і аддзела прымусовага выканання. Адразу скажу: была здзіўлена колькасці людзей, якія, не аплаціўшы камунальныя паслугі, вырашылі, што гэта сыдзе ім з рук. На 1 снежня бягучага года такіх “забыўчывых” на Ушаччыне аказалася 237. Многія з іх, а гэта 136 чалавек, не правялі аплату ўпершыню – агульная сума іх доўгу склала 2 тысячы 783 рублі, а хтосьці заплюшчыў вочы на неабходнасць разлічыцца чацвёрты, пяты, а то і дзясяты раз. Агульная сума пратэрмінаванай запазычанасці жыхароў раёна перад камунальнікамі склала на пачатак месяца 22 тысячы 206 рублёў.

Страціць дах над галавой

Меры ўздзеяння на неплацельшчыкаў усё тыя ж, класічныя. На першы раз проста нагадаюць аб неабходнасці разлічыцца. За другі месяц пратэрміноўкі выносіцца папярэджанне аб магчымым спыненні аказання паслуг. Праз тры месяцы грамадзянам накіроўваюць апавяшчэнне аб пратэрмінаванай запазычанасці і ў выпадку неаплаты доў­гу ў 7-дзённы тэрмін перадаюць справу ў суд. Пазней выканаўчы надпіс аб прымусовым спагнанні трапляе судовым выканаўцам. У гэтым выпадку ёсць два варыянты развіцця падзей. Першы – неабходная сума ўтрымліваецца з зарплаты даўжніка. Другі (пры ўмове, што той лічыцца беспрацоўным) абяцае візіт судовых выканаўцаў да яго дамоў. Калі парушальнік не гатовы заплаціць, спецыялісты накладуць арышт на маёмасць і перададуць на рэалізацыю. Найбольш злосных неплацельшчыкаў могуць выселіць з памяшкання камерцыйнага выкарыстання. Мера прымусовага адчужэння прадугледжана і ў дачыненні да жылля, што знаходзіцца ва ўласнасці грамадзян. Апошніх у такім разе чакае менш камфортны дах над галавой, звычайна ў сельскай мясцовасці. Некаторых даўжнікоў (як ні дзіўна, але ёсць сярод іх і дастаткова забяспечаныя) праз суд абмяжоўваюць у праве на выезд за мяжу, на кіраванне транспартнымі сродкамі.

Калі свечка – не прымета рамантыкі

Работнікі энергазбыту добра ведаюць, што нават самыя рамантычныя з даўжнікоў праз тыдзень-другі жыцця са свечкай разлічваюцца за электрычнасць. Плацяць па частках, з растэрміноўкай, ім ідуць насустрач у гэтай справе, бо розныя бываюць жыццёвыя сітуацыі. Хоць у любым выпадку прасцей не накопліваць запазычанасць, якая з кожным месяцам становіцца больш цяжкай ношай.

З абмежаваннем падачы цяпла складаней, асабліва  ў шматкватэрных дамах. Тым не менш такія прыклады ў раёне ёсць.

Як пра зубны боль гавораць работнікі групы па разлікова-пашпартным абслугоўванні г.п.Ушачы аб аграгарадку Глыбачка. За камунальныя паслугі там не плацяць 29 чалавек, сума іх доўгу склала ўжо 6 тысяч 264 рублі. Негатыўна “зарэкамендавалі” сябе і некаторыя жыльцы новага дома па вуліцы Віцебскай у гарпасёлку: зараз там 6 даўжнікоў. Зрэшты, адна маладая жанчына, мнагадзетная маці, можна сказаць, у падарунак ад дзяржавы атрымала кватэру, а вось разлічвацца за “камуналку” не лічыць патрэбным – назбірала ўжо 168 рублёў 13 капеек доўгу.

Не плаціце? Тады мы ідзём да вас!

У дзень рэйду мы аб’язджалі гарадскіх даўжнікоў. У асноўным гэта беспрацоўныя, якіх начальнік аддзела прымусовага выканання Ушацкага раёна А.В.Маслюк і юрысконсульт УП ЖКГ В.Э.Анкудовіч ведаюць у твар.

– Асноўная маса нашых “кліентаў” – адны і тыя ж людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Плаціць камунальныя паслугі яны адмаўляюцца, маўляў, з-за адсутнасці прыбытку. Тым не менш, на нецвярозыя застоллі грошы знаходзяць. Таму даводзіцца сустракацца з імі зноў і зноў, – кажа Алена Віктараўна.

У дзень рэйду неплацельшчыкам выдадзены прадпісанні на вызначаны тэрмін, узнята пытанне аб канфіскацыі ў жыхара адной з кватэр па вуліцы Савецкай маёмасці. Зрэшты, такая мера прымусіла мужчыну і многіх іншых грамадзян тэрмінова знайсці грошы, каб разлічыцца па даўгах.

* * *

Як ні дзіўна, самымі дысцыплінаванымі плацельшчыкамі за спажытыя паслугі на Ушаччыне з’яўляюцца пенсіянеры. І справа не толькі ў тым, што сумы ў іх плацежках больш сціплыя, – адказныя і мудрыя, яны ведаюць, што плаціць па рахунках, незалежна ад памеру пенсіі ці заробку, усё роўна давядзецца. І найлепш рабіць гэта своечасова.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *