В отделении круглосуточного пребывания для пожилых людей и инвалидов в Веркудах накануне Нового года по традиции принимали подарки

Общество

У пятніцу ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН Ушацкага раёна панавала святочная мітусня. І гэта нягледзячы на тое, што большасць яго насельнікаў з-за ўзросту і па стане здароўя з цяжкасцю могуць праяўляць фізічную актыўнасць. Але на працягу ўжо некалькіх гадоў менавіта ў пераднавагодні перыяд ва ўстанове чакаюць гасцей. І прыемна, што ініцыятыва раённага Савета дэпутатаў аб аказанні дапамогі грамадзянам, якія пражываюць у аддзяленні, знаходзіць падтрымку не толькі сярод дэпутацкага корпуса.

Сёлета ў фарміраванні святочных падарункаў разам з дэпутатамі райсавета, раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь” і райспажыўтаварыствам прынялі ўдзел і людзі ў пагонах – уласныя сродкі на дабрачыннасць ахвяравалі супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта і пракуратуры Ушацкага раёна. Выхаванцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі не толькі падрыхтавалі канцэрт для пажылых людзей, а і арыгінальныя паштоўкі. Не засталіся ў баку і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН у Градзянцы, якія сваімі рукамі вырабілі сувеніры.

Мерапрыемства прайшло па-сямейнаму – чаго часам вельмі не хапае адзінокім людзям. Пранікнёныя словы віншавання і найлепшых пажаданняў выказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. Яна адзначыла, што ў нашай краіне і надалей будзе рабіцца ўсё магчымае, каб людзі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы, адчувалі сябе камфортна ў такіх установах. А дэпутаты і іншыя нераўнадушныя людзі, грамадскія аб’яднанні дапамогуць уладам у гэтай справе. Моцнага здароўя і радасці кожнага дня жадалі інвалідам і пенсіянерам дэпутаты раённага Савета дэпутатаў Наталля Пятроўна Бугай і Наталля Міхайлаўна Каваленка, прадстаўнікі сілавых ведамстваў – начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Алег Канстанцінавіч Крахотка і памочнік пракурора Ушацкага раёна Наталля Фёдараўна Аваднёва. “Традыцыі дабрачыннасці развіваюцца не толькі ў калектывах, а і ў сем’ях!” – зазначыла пасля ўручэння падарункаў В.М.Захарэнка. Яно і сапраўды так, бо раённую арганізацыю РГА “Белая Русь” на мерапрыемстве прадстаўляла намеснік дырэктара Ушацкай школы Таццяна Уладзіміраўна Крахотка: разам з мужам яны прывезлі падарункі на ўласным аўтамабілі.

Ёлка, навагоднія песні і, канечне, Дзед Мароз са Снягуркай – на мерапрыемстве прысутнічалі ўсе атрыбуты навагодняга свята. Яно прыйшло ў аддзяленне няхай і крыху раней каляндарнага, але з цеплынёй сэрцаў неабыякавых людзей.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *