Председатель Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Владимир Андрейченко провёл очередной приём граждан в Ушачах

Зваротная сувязь

“Наконт Калінінскай да мяне звярталіся ў мінулым годзе. Магчыма памылюся, але, па-мойму, гэта быў работнік лясгаса?” – падчас чарговага прыёму грамадзян ва Ушачах у мінулую пятніцу ўдакладняў інфармацыю У.П.Андрэйчанка ў свайго памочніка. І сапраўды, ад імя многіх жыхароў гарпасёлка ў адзін з былых візітаў Уладзіміра Паўлавіча праблему рамонту дарогі па вуліцы Калінінскай уздымаў ляснік Ушацкага лясніцтва Пётр Пятровіч Качан – не памыліўся наш дэпутат. Застаецца толькі здзіўляцца, як у дзяржаўнага служачага такога рангу, якому штодня даводзіцца вырашаць вялікі пералік пытанняў, трымаюцца ў памяці і вось такія, здавалася б не вельмі значныя ў дзяржаўных маштабах.

Але ведаючы адносіны старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь да работы з выбаршчыкамі і тую падтрымку, якую Уладзімір Паўлавіч удзяляе мясцовым уладам раёнаў сваёй выбарчай акругі, дзіўным гэта не выглядае. Дэпутат дасведчаны аб стане спраў у рэгіёнах, а рэгулярныя візіты ў іх дазваляюць трымаць руку на пульсе. Вось і ў пятніцу, наведаўшы раён і прыняўшы ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці новага рэнтгенкабінета Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы, Уладзімір Паўлавіч правёў і чарговы прыём грамадзян. З пытаннем рамонту Калінінскай на гэты раз да яго не звярталіся. Магчыма і таму, што ўшачане ўжо ўпэўніліся – калі было абяцанне, то яно будзе выканана, а рамонт, дарэчы, ужо распачаты. У пятніцу ж да Уладзіміра Паўлавіча паступіў калектыўны зварот аб асфальтаванні квартала індывідуальнай жылой забудовы вуліц Дружбы, капітана Хрыпача, Авангарднай, Фрунзе. У перспектыве іх “апранання” ў асфальт упаміналася і Калінінская.

– Зараз у раёне па ініцыятыве вашага кіраўніцтва распачаты работы на вялікіх знакавых аб’ектах, – тлумачыў У.П.Андрэйчанка заяўнікам інвестыцыйныя прыярытэты і чарговасць рэалізацыі праектаў. – У гэтым годзе патрэбна завяршыць мадэрнізацыю і рамонт цэнтральнай бальніцы? Патрэбна! Неабходна будаваць дзіцячую школу мастацтваў? Безумоўна. А трэба яшчэ і працягваць рамонт вуліцы Калінінскай, дзіцячага ясляў-сада №3 – калі “ўвязацца” яшчэ ў адну вялікую будоўлю, прыйдзецца адцягваць сродкі з ужо існуючых.

Пакуль жа УП ЖКГ Ушацкага раёна будзе падтрымліваць яго вуліцы і пад’язныя шляхі ў належным стане, своечасова праводзіць іх ямачны рамонт, падсыпку і грэйдзіраванне.

Яшчэ адным калектыўным стала злабадзённае для азёрнай Ушаччыны пытанне аб саманарыхтоўцы дроў на землях сельгаспрызначэння, якое агучылі працаўнікі і ветэраны ААТ “Дземенец”. Па існуючым заканадаўстве секчы алешнік або лазу на палосках кустоўя паміж палямі гаспадаркі нельга, значныя плошчы знаходзяцца і ў водаахоўных зонах, дзе таксама забаронена нарыхтоўка. Між тым (і У.П.Андрэйчанка пагадзіўся з гэтым), вёскі зарастаюць, а людзі ва ўзросце, як, напрыклад, Сяргей Данілавіч Хадан, не маюць законнага права адсячы “палку дроў” там, дзе рабілі гэта дзясятак год таму. Пытанне будзе разглядацца на рэспубліканскім узроўні, бо з ім да старшыні Палаты прадстаўнікоў звяртаюцца таксама ў іншых рэгіёнах і праблему неабходна вырашаць. Прапанову аб унясенні змен у заканадаўства райвыканкам у пісьмовым выглядзе накіраваў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. А пакуль патрэбы жыхароў Глыбачкі ў дровах даручана вырашыць Ушацкаму лясгасу, якому неабходна падабраць максімальна блізкія да населеных пунктаў участкі, дзе можна весці саманарыхтоўку.

Да спікера беларускага парламента паступілі і прыватныя звароты, якія датычыліся спрэчных пытанняў, у тым ліку з праваахоўнымі органамі. Тут грамадзянам застаецца спадзявацца на Феміду і адстойваць свае інтарэсы ў судзе. Між тым, У.П.Андрэйчанка ўважліва выслухаў кожнага заяўніка і патлумачыў, што не ў яго паўнамоцтвах адмяніць вердыкты судовых органаў або пасадзейнічаць у “патрэбным” разглядзе справы – усё вырашыцца па законе.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *