В Ушачском РОВД подвели итоги работы за 2017 год

Закон - один для всех

Напрыканцы студзеня ва Ушацкім РАУС прайшла аператыўная нарада, на якой падводзіліся вынікі службовай дзейнасці праваахоўнікаў за 2017 год. Пра галоўныя з іх мы папрасілі расказаць начальніка службы Вадзіма Пятровіча ШАХАВА.

– Наш аддзел спрацаваў нядрэнна па стабілізацыі аператыўнай абстаноўкі. Асноўныя намаганні былі накіраваны на прафілактыку правапарушэнняў, папярэджанне п’янства, забеспячэнне аховы грамадскага парадку. Мы па-ранейшаму цесна ўзаемадзейнічаем з насельніцтвам, удасканальваем работу са зваротамі грамадзян, падтрымліваем высокую аператыўнасць рэагавання на іх.

Летась на Ушаччыне зарэгістравана 121 злачынства, што крыху больш, чым было ў ­2016-м. Пэўнае колькаснае зніжэнне адбылося па лініі крымінальнага вышуку – а вось якасць раскрывальнасці, наадварот, узрасла, што не можа не радаваць. Прычым, выяўлена не толькі большая колькасць злачынстваў, але і выкрадзенай маёмасці, якая вернута сваім законным уладальнікам. Радзей рэгістраваліся ў нас правапарушэнні, здзейсненыя групай асоб. Дзякуючы праведзенай рабоце не было, на шчасце, забойстваў, разбояў, згвалтаванняў, грабяжоў, вымаганняў, а таксама злачынстваў з удзелам непаўналетніх.

Па-ранейшаму пераважаюць на Ушаччыне маёмасныя крадзяжы. Як паказвае практыка, у большасці выпадкаў пад увагу зламыснікаў трапляюць дачныя дамы, размешчаныя ў сельскай мясцовасці.

Занепакоенасць выклікае павелічэнне колькасці злачынстваў, здзейсненых раней судзімымі (18 фактаў), а таксама грамадзянамі ў нецвярозым стане (19). Дарэчы, летась у лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіравана 14 жыхароў раёна, з-за п’янства 2 абмежаваны ў дзеяздольнасці. З грамадзянскага абароту канфіскавана амаль 179 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці, знішчана 14 самагонных апаратаў.

Дае падставы для неспакою сітуацыя на дарогах раёна.  За мінулы год на Ушаччыне зарэгістравана 5 аварый (у 2016-м – 9). Але пацярпела ў іх больш людзей: 3 загінулі (0), 12 атрымалі раненні (10). Віноўнікам 1 ДТЗ стаў нецвярозы вадзіцель. Усяго ж за 2017-ы супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі выявілі 4639 правапарушэнняў, сярод іх – 48 выпадкаў кіравання аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення, 1207 перавышэнняў хуткаснага рэжыму. Па-ранейшаму “вольна” адчуваюць сябе на дарозе пешаходы – на іх складзена 739 пратаколаў. За выпуск тэхнічна няспраўных транспартных сродкаў да адказнасці прыцягнута 41 службовая асоба, яшчэ 9 – за допуск да кіравання транспартам вадзіцеляў, якія знаходзіліся ў стане ап’янення ці не мелі права кіравання, 5 – за парушэнне ўтрымання вуліц і дарог.

На 2018 год намі распрацаваны шэраг мерапрыемстваў, выкананне якіх дазволіць палепшыць абстаноўку ў розных сферах жыццядзейнасці. У першую чаргу неабходна забяспечыць правапарадак і грамадскую бяспеку падчас правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Будзем актыўна працаваць над прафілактыкай алкагалізацыі насельніцтва. Сістэмна вывучым аварыйныя ўчасткі дарог, зрабіўшы ўсё магчымае для паляпшэння сітуацыі на іх. Працягнем адпрацоўку населеных пунктаў са складанай аператыўнай абстаноўкай, работу з раней судзімымі, схільнымі да злачынстваў асобамі, што дазволіць забяспечыць бяспеку нашых грамадзян, абарону іх законных правоў і інтарэсаў на належным узроўні.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *