На вооружении Ушачского РОЧС появился современный пожарный автомобиль

Cлужба-101

Новы пажарны аўтамабіль з аварыйна-выратавальным абсталяваннем нядаўна паступіў на ўзбраенне раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. АЦ 10,0-40 (6317) на шасі МАЗ з’яўляецца адной з апошніх мадэляў пажарнай аўтацыстэрны.

У кузаве гэтай машыны плешчацца цэлы басейн – 10 тон вады –  і гэта адна з галоўных яе асаблівасцей. Мяркуйце самі: аўтацыстэрны на базе ЗІЛа перавозяць не больш 2,5 тоны вады, якая выліваецца за 4-5 хвілін, і выратавальнікі вымушаны шукаць магчымасці дазаправіцца. Гэта задача ўскладняецца ў зімовы перыяд, калі пажарныя вадаёмы замярзаюць. Новы МАЗ заменіць 4 такія машыны і не давядзецца траціць час на пошукі вады. Цыстэрна забяспечвае падачу 40 літраў вады за секунду на адлегласць 50 метраў – такі напор літаральна змятае агонь. У машыне таксама ўмяшчаецца і запас пенаўтваральніка аб’ёмам 600 літраў.

Высокая праходнасць – яшчэ адзін вельмі важны плюс “навічка”. Ён з лёгкасцю праедзе па заснежаным полі і не забуксуе на бездарожжы.

– Гэтай машынай, поўная маса якой каля 30 тон, лёгка кіраваць, яна добра разганяецца і мае магутны рухавік. Асвоілі ўжо ўсё абсталяванне і гатовы да любых сітуацый, – расказваюць выратавальнікі Сяргей Хрыпель і Аляксандр Ярмош, якія адпрацавалі  з новай тэхнікай ужо некалькі змен.

Аўтацыстэрна аснашчана генератарам, які вырабляе электрычнасць напружаннем 220 вольт, 4-метровай мачтай асвятлення, якая аблегчыць працу выратавальнікаў у цёмны час сутак, магутнай лябёдкай, пажарнымі лесвіцамі. Сярод шматлікага сучаснага абсталявання маецца гідраўлічны інструмент “Holmatro” для правядзення аварыйна-выратавальных работ падчас дарожна-транспартных здарэнняў, вызвалення людзей з-пад завалаў, маецца ўсё неабходнае для выратавання на вадзе.

Яшчэ некалькі гадоў таму выратавальнікі толькі марылі пра такую тэхніку, а сёння яна ёсць практычна ва ўсіх раёнах і дазваляе паскорыць ліквідацыю пажараў і надзвычайных сітуацый, тым самым выратаваць чалавечыя жыцці і матэрыяльныя каштоўнасці.

“Прапісаўся” новы МАЗ на пажарным аварыйна-выратавальным пасце ў Пліне і на ліквідацыю сур’ёзных здарэнняў пакуль не выязджаў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *