Сэкономить на лекарствах — реально. Про дисконт и скидки в аптеках Ушаччины читайте в нашем материале

Выясняем ситуацию

У апошні час – відаць, з уздымам захваральнасці на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі – у аптэках Ушаччыны прыкметна пабольшала кліентаў. Звароты з просьбай патлумачыць, на чым і як можна зэканоміць, адпраўляючыся за лекамі, сталі паступаць і ў рэдакцыю. На гэту актуальную тэму мы пагутарылі з загадчыцай цэнтральнай аптэкі №65 г.п.Ушачы І.М.ЖЫНЬ:

– Ірына Мікалаеўна, нагадайце, калі ласка, пра магчымасць набыцця лекаў айчыннай вытворчасці пенсіянерам і некаторым іншым катэгорыям грамадзян з 10-працэнтнай скідкай…

– Прэтэндаваць на такую прапанову могуць грамадзяне пенсійнага ўзросту, інваліды, мнагадзетныя сем’і, якія пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Спатрэбіцца, вядома, адпаведнае пасведчанне. Азнаёміцца са спісам узгаданых прэпаратаў (а гэта 116 найменняў), атрымаць іншую інфармацыю пра скідкі можна на інфармацыйных стэндах нашых аптэк, а таксама ля кас. Заўважу, што набыць такія лекі айчыннай вытворчасці можна ва ўсіх дзяржаўных аптэках краіны.

– Ці многа ўдалося зэканоміць ушачанам дзякуючы такой прапанове?

– За 2017 год агульная сума скідкі па аптэках раёна склала 9 тысяч 912 рублёў.

– Са жніўня 2016 года аптэчная сістэма Ушаччыны падключана да праграмы з накапляльнай сістэмай скідак у дзяржаўных аптэках Віцебшчыны. Як атрымаць дысконтную картку?

– Трэба здзейсніць аднаразовую пакупку на суму 25 рублёў ці больш – і супрацоўнік аптэкі бясплатна яе аформіць. Прычым, і пры першай пакупцы, і пры далейшым накапленні сумы ўлічваецца любы тавар, набыты ў аптэцы: не толькі медпрэпараты, але і сродкі гігіены. Скідка ў памеры 1 працэнта пачынае дзейнічаць пры накапленні на картцы 50 рублёў.

– Чаму праграма называецца 90 плюс 90?

– Таму што менавіта гэты тэрмін будзе дзейнічаць атрыманая вамі скідка. Спачатку гэта адзін працэнт, аднак калі на працягу 90 дзён на картцы накапілася больш 100 рублёў – яна павялічыцца да двух працэнтаў, 150 – да трох, 500 рублёў – да чатырох, 800 – да пяці працэнтаў. Аднак ва ўсіх гэтых выпадках працэнт скідкі не павінен перавышаць 50 працэнтаў ад гандлёвай надбаўкі.

Новая працэнтная скідка дзейнічае на працягу 90 дзён. Калі ж на працягу наступных 90 дзён сумы пакупак не будуць перавышаць 100 рублёў, памер скідкі на наступны перыяд складзе зноў 1 працэнт, ад 100 да 150 – 2, ад 150 да 500 – 3, ад 500 да 800 – 4, больш 800 – 5, аднак зноў жа не больш 50 працэнтаў ад гандлёвай надбаўкі.

– Трэба самому паказваць картку ці пры аплаце бачна, што кліент у адмысловай базе даных?

– Карта паказваецца перад аплатай пакупкі. Калі ж на працягу года яна не выкарыстоўвалася, то аўтаматычна блакіруецца і актывізуецца пасля перарэгістрацыі яе ўладальніка. Зрэшты, апошні можа перадаваць картку іншым асобам – гэта не забаронена.

– Ці карыстаецца ўзгаданая праграма папулярнасцю ва ўшачан?

– Безумоўна. Дысконтныя карткі ў нашых аптэках (ва Ушачах, ЦРБ і Глыбачцы) выдадзены ўжо 1561 пакупніку. Агульная сума скідкі за набытыя імі тавары ў 2017 годзе склала 3 тысячы 500 рублёў.

– Наколькі нам вядома, перыядычна праводзіце з цэнтральнай раённай бальніцай сумесныя акцыі…

– Так. Штоквартальна па ўзгадненні з адміністрацыяй ЦРБ у аптэку прыходзяць урачы ці медыцынскія сёстры. Нашы кліенты атрымліваюць выдатную магчымасць на месцы змерыць тэмпературу, ціск, пракансультавацца наконт прыёму лекаў, іх выбару, атрымаць іншыя парады.

– Зараз вядзецца рамонт у адным з памяшканняў будынка рэдакцыі, дзе плануецца размясціць аптэчны пункт Віцебскага УП “Фармацыя”, што быў дагэтуль у цэнтры гандлю і паслуг. Што гэта дасць ушачанам? І як хутка чакаць адкрыцця кропкі?

– Спадзяюся, што адбудзецца гэта ўжо ў сакавіку, але загадваць не буду. Новая кропка дазволіць “разгрузіць” цэнтральную аптэку, у якой у апошні час назіраецца значны наплыў кліентаў. А асартымент у ёй будзе такім жа разнастайным.

– Дзякуй за тлумачэнні.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *